Вы тут

Асаблівасці харчавання пажылых людзей


У арганізме пасля 50-60 гадоў адбываюцца фізіялагічныя змены: запавольваецца абмен рэчываў, слабее перыстальтыка кішэчніка. Горш засвойваюцца карысныя рэчывы, інакш расходуецца энергія, запавольваюцца абменныя працэсы. Таму пажылым людзям неабходна перагледзець свой рацыён, каб адчуваць сябе камфортна. Урач-валеолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Леанід МЯЛЕШКА распавёў пра тое, як трэба харчавацца з улікам гэтых асаблівасцяў.


— Сучасная навука аб рацыянальным харчаванні пажылых людзей — герадыетыка — узнікла невыпадкова. У арганізме сталага чалавека адбываюцца функцыянальныя і марфалагічныя змены, якія адбіваюцца на зніжэнні функцыі стрававальнай сістэмы. Зніжаецца вылучэнне стрававальных сокаў, змяншаецца, а затым знікае кіслотнасць страўнікавага соку. Запавольваецца рухальная функцыя кішэчніка, з'яўляецца схільнасць да запораў. Памяншаецца ўтварэнне ў падстраўнікавай залозе інсуліну, у крыві назапашваецца залішняя колькасць халестэрыну, які адкладваецца на сценках сасудаў і прыводзіць да развіцця атэрасклерозу, — кажа ўрач.

Трэба сказаць, што герадыетыка не забараняе ўжыванне любых прадуктаў. Аднак варта памятаць аб прынцыпах рацыянальнага харчавання.

— Найперш, яно павінна быць энергетычна збалансаванае, гэта значыць неабходна, каб калорыі, якія паступаюць з ежай, адпавядалі іх расходу. Нездарма ў старажытным Рыме на магіле чалавека, які пражыў 112 гадоў, быў надпіс: «Ён еў і піў у меру», — нагадвае доктар.

Антысклератычная накіраванасць рацыёну дасягаецца зніжэннем ужывання жывёльных тлушчаў і прадуктаў з павышаным утрыманнем халестэрыну (сметанковае масла, свініна, каўбаса, субпрадукты, яйкі, свіны тлушч) і ўжываннем большай колькасці раслінных алеяў (сланечнікавага, аліўкавага, ільнянога, соевага і іншага). Неабходна павялічваць ужыванне тварагу — да 100 грамаў, кісламалочных і морапрадуктаў — да 300 грамаў у дзень.

— Выкарыстоўвайце харчовыя прадукты, якія вызначаюцца лёгкай засваяльнасцю. Перавагу аддавайце рыбным і малочным стравам, а не мясным. Пажылым людзям рэкамендуецца да 100 грамаў на дзень нятлустага мяса (ялавічыны) і 75 грамаў рыбы. Аптымальнай кулінарнай апрацоўкай з'яўляюцца варэнне і тушэнне, бо пры смажанні ў алеі ўтвараюцца шкодныя для здароўя рэчывы. Штодзённая патрэба ў хлебабулачных прадуктах складае 300 грамаў, перавагу лепш аддаваць хлебу з мукі грубага памолу, — нагадвае Леанід Мялешка.

Звярніце ўвагу на дастатковае ўтрыманне ў рацыёне вітамінаў і мінералаў. Больш ужывайце гародніны, садавіны, свежавыціснутых сокаў. У свежай капусце змяшчаецца вітамін, які аказвае супрацьязвавае дзеянне. Морква змяшчае караціны і солі калію. Не грэбуйце цыбуляй і часнаком. Ужывайце не менш за адну дольку часнаку штодня.

А вось колькасць кухоннай солі варта абмежаваць да пяці грамаў у дзень, бо злоўжыванне ёю прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску, ацёкаў і парушэння работы сэрца. Улічваючы ўзроставае зношванне інсулярнага апарату падстраўнікавай залозы, што прыводзіць да развіцця цукровага дыябету, неабходна абмежаваць ужыванне цукру да 30-40 грамаў у дзень. Патрэбу ў цукры лепш папаўняць за кошт складаных вугляводаў, якія змяшчаюцца ў гародніне, садавіне, хлебе, крупах.

Каву, шакалад, вяндліну, чорны чай, алкаголь ужывайце ў абмежаванай колькасці. Недапушчальнае пераяданне, парушэнне рэжыму харчавання.

Вялікае значэнне мае размеркаванне ежы на працягу дня па аб'ёме і каларыйнасці.

— Не забывайце пра народную мудрасць: «Сняданак з'еш сам, абед раздзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу». Ранішняя ежа павінна ўтрымліваць 35-40 % дзённага рацыёну, абед — 40-45 %, вячэра — 15 %. Пераяданне на ноч парушае рытм работы страўнікава-кішачнага тракту, пагаршае адпачынак стрававальнай сістэмы, прыводзіць да парушэння сну, — кажа ўрач.

Пры гэтым ён адзначае, што харчаванне пажылога чалавека не павінна кардынальна адрознівацца ад харчавання людзей іншага ўзросту. Але, улічваючы ўзроставыя змены, усё ж варта крыху перагледзець свае звычкі ў ежы.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Каб прыход адпавядаў расходу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.

Культура

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Канкурсант ад Беларусі на «Віцебск-2022» Ганна Трубяцкая: Маладыя маюць права быць на вялікай сцэне

Артыстка з чароўным голасам сёлета прадставіць Беларусь на конкурсе эстраднай песні «Віцебск—2022».

Грамадства

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Як самі бацькі псуюць сваіх дзяцей? 5 галоўных памылак дарослых. Не рабіце так ніколі

Выхаванне дзяцей — не самая простая задача. Капрызы, істэрыкі — гэта толькі частка праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі.

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.