Вы тут

Збіральнік залатога зерня слоў


«Хто мы, адкуль мы?» — толькі манкурт, які не памятае свайго роду-племені, не задаваў сабе гэтага пытання. Як не згадаць аднаго з герояў Піліпа Пестрака (раман «Сустрэнемся на барыкадах»). У яго пытаюць:

— Адкуль ты?

— З вёскі Пакуты.

— А дзе тая вёска?

— Дзе ў полі бярозка.


Хочацца дадаць: яшчэ там, дзе нясе свае воды «чысцейшы ад чэрвеньскіх рос» бацька-Нёман, дзе дыямент сталіцы — горад-герой Мінск і закаваная ў бетон Свіслач, дзе колеру льняной квецені Браслаўскія азёры, дзе тысячагоддзі гамоніць Белавежская пушча, «дзе сцяжыначка кожная ў прыветлівы двор прывядзе». Адным словам, на Белай Русі.

Алесь Марціновіч — цудоўны крытык, без перабольшання: і па колькасці, і па якасці напісанага. Аднойчы Іван Навуменка на чарговым з’ездзе пісьменнікаў, быццам няўзнак, незласліва папракне Інстытут літаратуры пры Акадэміі навук: «Адзін Марціновіч рэцэнзуе кніг больш, чым увесь ваш штат супрацоўнікаў. Я ўжо не кажу пра высокую якасць рэцэнзій Алеся Андрэевіча».

Праўда (слова з песні не выкінеш), амаль усе рэцэнзіі станоўчыя. За гэта нядобразычліўцы і зайздроснікі нярэдка папракалі Алеся. Гэта ўсё роўна як папракаць Прыпяць, што павольна нясе свае воды, а Нёман і Шчару — за імклівы бег. Добрая душа шукае ў творах сваіх калег цікавінкі, а зласлівец, аглабельны крытык — парушынку ў чужым воку.

Вось за дабрыню, за няўяўную шчырасць сябры і паважаюць Марціновіча. Калі дзесяць гадоў таму пісьменніка вылучылі на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, ніхто ні на ёту не сумняваўся, што Алесь «пройдзе». І не за крытыку атрымаў ганаровую ўзнагароду, а за кнігу з цыкла «Зерне да зерня», дзе нацыянальная гісторыя раскрываецца праз асобы знакамітых беларусаў. У беларускай, ды і ў сусветнай літаратуры не было выпадку, каб адзін аўтар прасачыў у дакументальна-мастацкіх творах лёс каля трохсот (!) знакамітых землякоў і тых, хто нарадзіўся ў іншых краінах, але звязаў свой лёс з нашым краем.

За няўрымслівасць, несумненны талент, за культ працы такога чалавека нельга не паважаць. І свой 75-гадовы юбілей выдатны крытык, празаік, нарысіст сустракае больш чым з сотняй арыгінальных кніг.

Адкуль ён?

Алесь Марціновіч родам са Случчыны, апетай у паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Бацька, Андрэй Рыгоравіч, і маці, Яўгенія Аляксандраўна, — вясковыя настаўнікі. Менавіта яны прывілі сыну глыбокую любоў да паэзіі, гісторыі Беларусі.

— Куды, сынок, паступацьмеш? — спытала неяк маці.

— На філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — не задумваючыся, адказаў Алесь.

— А можа, адразу на журфак?

— Туды бяруць толькі стажнікаў.

— Але ж ты друкаваўся ў раённай газеце, у «Піянерскай праўдзе»...

— Гэта не ў лік. Не прымуць нават дакументаў. З цягам часу (так робяць многія) перавядуся, калі пашанцуе, на факультэт журналістыкі.

Ні Яўгенія Аляксандраўна, ні Андрэй Рыгоравіч не сумняваліся, што іх Алесь паступіць. І па літаратуры, і па мовах у яго цвёрдыя пяцёркі. Так урэшце і здарылася.

Адвучыўшыся два гады на філфаку, Алесь канчаткова зразумеў, што настаўнікам быць не хоча. Хвалюючыся, падаўся да дэкана журфака Рыгора Васілевіча Булацкага.

Даволі высокі, шырокі ў плячах, з вачыма па яблыку і круглым, як шар, тварам, ён здаваўся непрыступным, суровым, і толькі зрэдку ўсе роўна дарыў усмешку.

— Нябось, хочаш перавесціся на журфак? — угадаў дэкан.

— Хачу, Рыгор Васілевіч.

— Навошта? Закончы філфак, год-два папрацуй настаўнікам. Можа, спадабаецца?

— Не спадабаецца.

— Чаму? — здзівіўся Булацкі.

— Мае бацькі настаўнікі. Наглядзеўся на іх работу. Не атрымаецца быць прадаўжальнікам настаўніцкай дынастыі.

— Пішаш?

— Пішу.

— Дзе друкаваўся?

— У газеце «Літаратура і мастацтва», у «Звяздзе», «Мінскай праўдзе»...

— Хопіць. Спытаў я для прыліку. Тое-сёе з тваіх замалёвак чытаў. Пішы заяву на перавод.

— Вялікі дзякуй.

— Скажаш дзякуй, калі зможаш даздаць экзамены і залікі. А іх мех пад завязку.

— Даздам, Рыгор Васілевіч!

Праз шмат гадоў Алесь Марціновіч напіша дакументальна-мастацкую аповесць пра Булацкага. Раскажа, як той у вайну гарэў у падбітым самалёце, як прадаў гармонік, адшкадаваў усе свае грашовыя зберажэнні і разам з сябрамі «купіў» самалёт. Як зрэнку вока, Рыгор Васілевіч бярог тэлеграму Сталіна, у якой правадыр усіх часоў і народаў выказваў падзяку за патрыятычны ўчынак. Праўда, шануючы памяць дэкана, ні слова не напісаў, як тая тэлеграма памагала падымацца па кар’ернай лесвіцы. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Філфак, журфак БДУ, работа ў раённых газетах і 30 (!) гадоў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», дзе па-сапраўднаму раскрыўся талент Марціновіча-крытыка, публіцыста, празаіка. Да Алеся паважна ставіліся Іван Мележ, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін, Васіль Быкаў — зрэшты, як і маладыя пісьменнікі, якіх Марціновіч заўсёды падтрымліваў.

Дзясяткі аб’ёмных кніг, карпатлівая штодзённая работа над шматтомнай гісторыяй Беларусі ў асобах. Адзін з апошніх твораў, «Зерне да зерня», сабраў найлепшыя творы цыкла «Постаці», «разлічаныя на ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі сваёй радзімы». Настаўнікі з поспехам выкарыстоўваюць яе ў пазакласнай і школьнай рабоце.

Мілыя вобразы роднага краю

Прыемна, што тытанічная праца Алеся Марціновіча атрымала прызнанне. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры, уганараваны прэміямі імя Максіма Багдановіча і Уладзіміра Калесніка, прэміямі «Залаты Купідон», прэміяў БСЖ «Залатое пяро», адзіны ў краіне двойчы «Заслужаны журналіст» Саюза журналістаў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Адзін пералік гістарычных герояў Алеся Марціновіча заняў бы дзясяткі старонак. Зярно да зярняці збіраў пісьменнік. Тры сотні рамантызаваных біяграфій. Дзясяткі адкрыццяў, невядомых чытачам фактаў з жыцця Рагнеды, Усяслава Чарадзея, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, Васіля Вашчылы, Міхаіла Клеафаса Агінскага, Ігната Дамейкі, Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Галубка... Гэта тысячы дзён працы ў бібліятэках, архівах, шчыраванне днём і ноччу за пішучай машынкай, а зараз на камп’ютары.

У эсэ «Песня пра Беларусь» Алесь Марціновіч надзіва цікава распавядае пра слыннага нашага земляка Міколу Гусоўскага, якому папа Леў Х даручыў напісаць паэму пра паляванне на зубра. Паўстае з небыцця (эсэ «Дзень абяцаў быць цудоўным») постаць драматурга, рэжысёра, акцёра, першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка і яго «галубянят» з перасоўнага тэатра, які на фурманках калясіў па Беларусі, далучаючы народ да мастацтва. І ў тым тэатры — скрыпач Міхась Лучанок (бацька Ігара Лучанка), цымбаліст Алесь Ліпніцкі, саліст Андрэй Блажэвіч...

Чытаеш пра Галубка, і слёзы наварочваюцца на вочы. Трагічна загінуў бацька, і пачаліся ў дванаццацігадова хлапчука «жыццёвыя «ўніверсітэты». Грузчык, слесар чыгуначнага дэпо. Нязгасная прага да прыгожага. «Самавукам» навучыўся іграць на барытоне, трамбоне, баяне, а там — і маляваць, захапіўся літаратурай.

Праз снежную замець, пад воўчае завыванне цягнуліся падводы з людзьмі і рэквізітам. За шэсць гадоў — паўтары тысячы спектакляў! Народнае прызнанне і арышт у страшным трыццаць сёмым. Смерць 7 ліпеня 1942 года. Пра што ён думаў, што згадваў?

«Рассунуліся посцілкі і... Быццам дыхнула на гледачоў чымсьці сваім, знаёмым з маленства. Як бы не ў пуні знаходзішся, а дзе-небудзь на ўлонні прыроды. На заднім плане бачыцца разложысты луг, далей — дрэвы. Віднеюцца хаты. Тут жа поруч, самы што ні ёсць пакой, а ў ім простая вясковая дзяўчынка. Васемнаццацігадовая парабчанка Ганка. Жаліцца, праклінае долю сваю: «Так, вось і паненку панічу сватаюць багатую, вучоную дваранку. Не зайздрошчу, а радуюся шчасцю другіх людзей...»

Апошнія словы ключавыя. Алесь Марціновіч заўсёды радуецца поспехам сяброў па пяры, нават пачаткоўца не зачэпіць, далікатна падкажа, як зрабіць твор ямчэйшым, дзе трэба дапісаць, што скараціць, а можа, на нейкі час памаўчаць, бо «чым даўжэй маўчанне, тым дзіўней слова».

У кнігах Алеся, як мне здаецца, амаль няма нецікавых твораў. І паўстаюць перад намі постаці нашых вялікіх продкаў, ажываюць забытыя і паўзабытыя імёны. Вядзе ў атаку сваіх салдат генерал Гурка, піша свой знакаміты на ўвесь свет паланэз Міхаіл Агінскі, становіцца нацыянальным героем Чылі беларус Ігнат Дамейка... Яны пакінулі свой след на зямлі, як пакідае і ён, Алесь Марціновіч. І гэты след сапраўды глыбокі!

Васіль ШЫРКО

Загаловак у газеце: Збіральнік залатога зерня слоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.