Вы тут

Год народнага адзінства — з верай і праўдай


Падпісана праграма супрацоўніцтва Брэсцкага аблвыканкама з Брэсцкай і Пінскай епархіямі Беларускай праваслаўнай царквы на найбліжэйшую пяцігодку.


Фота Валерыя Караля

Пасля падпісання дакумента старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА ў размове з журналістамі акцэнтаваў увагу на неабходнасці кансалідацыі нашага грамадства, усталяванні ўсеагульнага міру і спакою. У гэтай справе, паводле меркавання кіраўніка вобласці, многае залежыць ад святароў. Да іх прыходзяць людзі па параду, па адказы на надзённыя пытанні. Важна, каб свяшчэннікі паклапаціліся пра спакой у душах сваіх прыхаджан, што і паспрыяе паляпшэнню агульнай атмасферы ў грамадстве.

Праграму аб супрацоўніцтве разам з губернатарам вобласці падпісалі кіраўнік Брэсцкай епархіі архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан і кіраўнік Пінскай епархіі архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. Гэты грунтоўны дакумент з 10 раздзелаў накіраваны на аб’яднанне намаганняў органаў мясцовага кіравання вобласці і рэлігійных арганізацый Беларускай праваслаўнай царквы для ўмацавання духоўна-маральных асноў асобы і грамадства, стварэнне спрыяльных умоў для вырашэння сацыяльных задач рэгіёна.

Асаблівы ўпор зроблены на клопат пра выхаванне высокай духоўнасці і грамадзянскай адказнасці жыхароў вобласці, стварэнне ўмоў для ўмацавання інстытута сям’і, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства, а таксама выкарыстання велізарнага патэнцыялу праваслаўных духоўных і культурных традыцый у разнастайных сферах грамадскай дзейнасці. Менавіта таму першы раздзел прысвяцілі культуры і творчай дзейнасці, ахове, аднаўленню і развіццю гістарычнай і культурнай спадчыны. Прадугледжана папаўненне бібліятэк духоўнай літаратурай, удзел святароў у цэлым шэрагу свецкіх мерапрыемстваў. Таксама запланавана правядзенне фестывалю праваслаўных песнапенняў «Спявайце Богу нашаму, спявайце» ў Драгічыне.

Вельмі важна, што праграма супрацоўніцтва прадугледжвае не толькі вялікія акцыі і мерапрыемствы, але і наведванні ў маленькую сельскую школу, сустрэчы ў бібліятэках, грамадскіх арганізацыях, калектывах.

Вялікі раздзел праграмы адведзены рабоце з інвалідамі, няпоўнымі сем’ямі, сацыяльна неабароненымі слаямі грамадства, дзецьмі-сіротамі. У той частцы, якая прысвячаецца адукацыі і выхаванню, плануюцца мерапрыемствы па папярэджанні алкагалізму, наркаманіі, інтэрнэт-залежнасці, прафілактыцы суіцыдаў, правапарушэнняў сярод дзяцей і падлеткаў, прафілактыцы ранняга мацярынства, сацыяльнага сіроцтва. Прыходы будуць займацца арганізацыяй валанцёрскай дзейнасці, накіраванай на падтрымку сем’яў, якія маюць у гэтым патрэбу.

Разам з органамі мясцовай улады епархіі бяруцца распрацоўваць і выдаваць інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы па пытаннях здаровага спосабу жыцця, маральнага выхавання, фізічнага і псіхічнага здароўя насельніцтва, прафілактыцы залежнасцяў і розных інфекцый.

Асобныя раздзелы прадугледжваюць работу святароў ва ўстановах аховы здароўя, у вайсковых часцях, у месцах пазбаўлення волі. Уся сумесная работа накіравана на ўмацаванне духоўна-маральных асноў грамадства.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: З верай і праўдай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.