Вы тут

Падрыхтоўка да Мінскага паўмарафону выйшла на фінішную прамую


«Я рады, што доўгачаканы Мінскі паўмарафон адбудзецца. Гэта ўжо шосты Мінскі паўмарафон, які мы бяжым усе разам. Свята для аматараў бегу не адбылося б, калі б не сумесная работа Міністэрства спорту і турызму, Мінскага гарвыканкама і нашых спонсараў і партнёраў», — падкрэсліў Іван Ціхан, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Мінскаму паўмарафону.


Фота Аліны Мазавец

Забег на 21, 10 і 5 кіламетраў у самым сэрцы беларускай сталіцы пройдзе 12 верасня. Старт галоўнай дыстанцыі ў 21 км будзе дадзены ў 9 гадзін раніцы, а на дыстанцыі 10 і 5 км — у 11.45. Летась Мінскі паўмарафон быў перанесены з-за эпідэмічных прычын. Але, як падкрэслілі арганізатары, усе слоты, зарэгістрававаныя ў мінулым годзе, захоўваюцца. Сёлета Мінскі паўмарафон мае ліміт удзельнікаў — па тры тысячы на дыстанцыі 21 і 10 км і чатыры тысячы на 5 км. Іван Ціхан падкрэсліў, што рэгістрацыя падыходзіць да верхняй планкі ліміту, і папрасіў усіх аматараў бегу як мага хутчэй пакінуць сваю заяўку. Таксама, ён падкрэсліў, што для школьнікаў, студэнтаў, пенсіянераў, ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і інвалідаў рэгістрацыя на дыстанцыю 5 км без чыпа бясплатная.

Мінскі паўмарафон займаў рэпутацыю не проста забегу, а сапраўднага свята. Як падкрэсліў Максім Варапай, начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага гарвыканкама, паўмарафон уключаны ў праграму святкавання Дня горада Мінска. «Ініцыятыва Мінска знайшла працяг у рэгіёнах краіны. Сталі традыцыйнымі Аршанскі паўмарафон, сёлета праходзіў Брэсцкі начны паўмарафон. Набіраюць папулярнасць трэйл-забегі па ўсёй краіне на працягу года», — адзначыў Руслан Варанкоў, начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, каардынатар Мінскага паўмарафона Вераніка Грэсь расказала, якія новаўвядзенні будуць сёлета. Арганізатары падрыхтавалі спецыяльны Race-book, дзе змешчана ўся неабходная для ўдзельнікаў інфармацыя — даныя аб выдачы стартавых пакетаў, пунктах харчавання, асаблівасцях трасы і іншае. Натхняць удзельнікаў паўмарафону будзе яго талісман — заяц Дзярзайка, адзеты ў колеры сёлетняга паўмарафону.

Вераніка Грэсь прадставіла медалі Мінскага паўмарафону—2020. Штогод медалі падобныя, але кожны раз дызайнеры прыўносяць нешта асаблівае. Гэты год — не выключэнне. Медаль за пераадоленне кожнай дыстанцыі вылучаецца сваім колерам і колерам стужкі. Узнагарода за 21 км — чырвоная, за 10 км — сіняя і за 5 км — жоўтая. Упершыню ў гісторыі прабегчы Мінскі паўмарафон можна будзе ў рэжыме анлайн. «Гэта практыка забегаў ва ўсім свеце. Можна асобна зарэгістравацца ў анлайн-забег, прабегчы сваю дыстанцыю ў любы зручны час і прадаставіць пацвярджэнне. А мы па пошце даставім медаль у любы пункт свету. Акрамя таго, можна зарэгістравацца на адну дыстанцыю у фармаце афлайн і на дзве — у анлайн. І такім чынам сабраць поўную калекцыю медалёў Мінскага паўмарафону», — расказала Вераніка Грэсь.

Мінскі паўмарафон вылучаецца і сваім салідным прызавым фондам — 60 тысяч долараў у беларускім эквіваленце. Традыцыйна на забег у Мінск запрашаюцца элітныя бегуны з усяго свету. Сёлета, арганізатары робяць акцэнт на беларускіх спартсменаў. Ужо пацвердзіла свой удзел Ніна Савіна — член нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы, пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 10 000 метраў, пераможца Мінскага паўмарафону 2019 года. У 2019 годзе яна ўстанавіла рэкорд трасы, прабегла 21 км за 1 гадзіну 11 хвілін і 24 секунды. На старт паўмарафону выйдуць і іншыя прафесійныя бегуны — Марына Даманцэвіч, Вольга Немагай, Сяргей Платонаў, Кацярына Карняенка.

Асобна арганізатары звяртаюць увагу на супрацькаранавірусныя меры. Усім удзельнікам паўмарафону рэкамендуецца выконваць масачны рэжым, сацыяльную дыстанцыю. Абавязковы для ўсіх тэрмакантроль. Стартаваць таксама лепш у масцы, а калі дыстанцыя паміж бегунамі павялічыцца, можна яе зняць.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.