Вы тут

Ніна Тарас: ​«Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш...»


Незаўважаным сёлета прайшоў юбілей заходнебеларускай паэтэсы Ніны ТАРАС (1916 — 2006)... Яе творчая біяграфія пачалася ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Першыя крокі ў літаратуры ажыццявіла з падтрымкі Максіма Танка.


Нарадзілася Ніна Тарас у вёсцы Заполле Навагрудскага раёна, на Гродзеншчыне. У звычайнай вясковай сям’і. Сапраўднае прозвішча — Жданук. Але ў час Вялікай Айчыннай вайны дакументы былі страчаны. Бацька Ніны Міхаіл Адамавіч у час перапісу жыхароў вёскі узяў сабе новае прозвішча — Тарас, якое і перадаў сваім дзецям. Акрамя Ніны ў сям’і было яшчэ трое малодшых братоў і сясцёр.

Першую адукацыю Ніна атрымала ад бацькі. Калі пачала працаваць вясковая школка, дзяўчынку прынялі адразу ў другі клас. У ім навучалася трое вучняў. Навучанне вялося на польскай мове. Свой першы верш — «Пастушка» — Ніна напісала ў трэцім класе. Прыгожыя навагрудскія мясціны развівалі творчую фантазію, літаральна прымушалі дзіцячую свядомасць выкладаць на паперу розныя прыдумкі з навакольнага жыцця. А мясціны вакол і сапраўды цікавыя, адметныя. Багатая на гісторыю вёска Валеўка. Возера Свіцязь. Не так далёка — і Наваельня, чыгуначная станцыя, ужо на Дзятлаўшчыне. У Валеўцы — Петрапаўлаўская праваслаўная царква, былы касцёл дамініканцаў…

Першы верш Ніны патрапіў да дырэктара школы. Чалавек аказаўся ўважлівым, чулым да праявы дзіцячай творчасці. І параіў бацькам выправіць дзяўчынку вучыцца ў гімназію. Праз некаторы час Ніна пачала пісаць на беларускай мове. І ў 1930 годзе яна паступіла ў Навагрудскую гімназію. Навучальная ўстанова была сапраўдным эпіцэнтрам беларускага жыцця. Утрымлівалася гімназія за кошт сродкаў Бацькоўскага камітэта. Пры гімназіі дзейнічалі розныя гурткі — беларусазнаўства, прыродазнаўства, сусветнай літаратуры. Вучні складалі слоўнік да твораў Ядвігіна Ш. Збіраль фальклор. У розныя гады выкладчыкамі гімназіі працавалі Аляксандр Орса, Гіта Гецава, Жазефіна Запольская, Наталля Орса, Язэп Драздовіч, Антон Валынчык, Вячаслаў Лаўскі, Ніна Трусевіч...

Ужо на першым годзе навучання ў Навагрудку Ніна Тарас уступае ў падпольную камсамольскую ячэйку. Праз тры гады гімназію зачынілі польскія ўлады. Ніна вяртаецца ў Заполле да бацькоў. Матэрыяльны стан сям’і быў не лепшым. Але нягледзячы ні на што дзяўчына ўгаворвае бацькоў адправіць яе на два гады ў Вільню, каб завершыць вучобу ў гімназіі. Так Ніна патрапіла ў Віленскую гімназію. Туды прыехалі і многія яе сябры па Навагрудку. У Вільні Ніна знаёміцца з Максімам Танкам. У газеце «Наша воля» дзякуючы падтрымцы ўжо добра вядомага заходнебеларускага паэта з’яўляецца першая публікацыя маладой паэткі — верш «Яшчэ, веру, ты, вёска, устанеш...»

Пасля вучобы ў гімназіі Ніна вырашае паступаць ва універсітэт. Але дома хварэе на сухоты сястра. І на яе лячэнне скіраваны ўвесь сціплы сямейны бюджэт. Пра паступленне не можа і быць размовы. Восенню Ніна прымае рашэнне ўсё ж пакінуць вёску. І вяртаецца ў Вільню. Спрабуе знайсці працу. Пасля доўгіх безрэзультатных пошукаў звяртаеца ў Віленскае бюро працаўладкавання. Толькі і атрымалася ўладкаваца работніцай цяпліц у ваколіцах горада. А кватэра, дзе яны жывуць разам з сяброўкай, становіцца явачнай для заходнебеларускіх падпольшчыкаў. Туды часта наведаецца Максім Танк. Падпольная партыйная арганізацыя прымае рашэнне паслаць Ніну на вучобу на філалагічны факультэт універсітэта. Усяляк спрыяе падрыхтоўцы да гэтага паступлення. Маладая паэтэса са сваімі творамі выступае ў газеце «Наша воля», іншых выданнях.

Але з паступленнем ізноў нічога не атрымліваецца. Увесну 1937 года дзяўчына наведваецца ў вёску, дзе ў яшчэ болей цяжкім стане заспела хворую сястру. Ніна вырашае застацца дома, разумеючы, што болей сястру ўжо не пабачыць. Мінула лета — і восенню Марыська памерла. А ў Вільні якраз у гэты час пачынаюцца арышты падпольшчыкаў. Вяртацца ў Вільню было бессэнсоўна.

Летам 1938 года Ніна выходзіць замуж за Янку Федаровіча і пераязджае жыць да мужа ў Ліду. Там і сустракае вызваленне Заходняй Беларусі ад польскага гнёту. Ідзе працаваць у рэдакцыю газеты «Уперад». Маладую жанчыну выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога Савета, прымаюць у камсамол. Натхнення дадаюць выступленні перад выбаршчыкамі, перад чытачамі. Ніна рыхтуе і ў 1940 годзе выдае першы свой вершаваны зборнік — «На ўсход ідучы». Паэтэсу прымаюць у Саюз пісьменнікаў БССР.

У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменніца жыла ў Лідзе. Дом Ніны Міхайлаўны выкарыстоўваўся як явачная кватэра партызан. Праз некаторы час дом згарэў. Бясследна зніклі ўсе рукапісы, дарагія паэтэсе кнігі, розныя каштоўныя паперы.

З вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ніна Тарас пераязджае ў Мінск. Працуе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, у газеце «Піянер Беларусі». Шмат друкуецца, піша не толькі вершы, але і празаічныя творы. Адна за другой выходзяць кнігі Ніны Тарас — «Суніцы», «Вершы», «Казкі пра абавязкі», «Кветка шчасця», «Пад белым яварам», «Наш бор», «У тапаліную замяць», «Праметэю прыйду пакланіцца», «Праз вятры-завеі»...

Памерла пісьменніца ў 2006 годзе.

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.