Вы тут

Ложак, цыгарэта, бяда...


У гадзіну дня 17 ліпеня ў службу ратавання 101 паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры па вуліцы Гогаля ў Полацку. Ратавальнікі, якія хутка прыбылі, на месцы выкліку выявілі задымленне ў кватэры на другім паверсе. Уваходныя дзверы ў кватэру былі зачынены, таму было прынята рашэнне трапіць туды праз акно. У адным з пакояў на ложку спаў гаспадар, а пад ім тлеў матрац. Мужчыну разбудзілі, вывелі на лесвічную пляцоўку ўжо праз дзверы і перадалі медыцынскім работнікам. Меркаваная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні гаспадаром дома.


Трывожны званок аб загаранні ў доме паступіў з вёскі Слабада Гарадоцкага раёна 19 ліпеня ў 15 гадзін 29 хвілін. Калі ратавальнікі прыбылі па адрасе, іх сустрэў мужчына, які тэлефанаваў. Ён паведаміў, што ў доме можа знаходзіцца гаспадар. Полымя яшчэ не вырвалася вонкі, аднак ішоў моцны дым. Ратавальнікі тут жа прыступілі да пошуку чалавека. Мужчыну знайшлі ў дальнім пакоі на падлозе, без прытомнасці, побач гарэлі ложак і пасцельная бялізна. Пацярпелага вынеслі на свежае паветра і да прыезду медыкаў спрабавалі прывесці ў прытомнасць, потым даставілі ў бальніцу з атручэннем прадуктамі гарэння і апёкамі. Як стала вядома, гаспадар дома пражываў адзін і нідзе не працаваў. Меркаваная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з цыгарэтай.

Курэнне вельмі дорага абыходзіцца чалавеку. Узамен на атрыманае задавальненне ад тытуню ён можа пазбавіцца жылля, а часам і жыцця. Усе праблемы людзі ствараюць сабе самі легкадумнымі паводзінамі — выкінуўшы незатушаны недакурак, закурыўшы ў ложку і г. д. Сам недакурак праз некаторы час гасне, але ўтвораны ім ачаг тлення потым разгараецца.

10 жніўня паступіў званок у сталічную службу ратавання аб пажары на 14-м паверсе шматпавярховага жылога дома па вуліцы Платонава. Паводле паведамлення, стала вядома, што ў кватэры могуць знаходзіцца дзеці 13 і 7 гадоў. На момант прыбыцця ратавальнікаў балкон на 14-м паверсе быў ахоплены полымем. Высветлілася, што адбылося ўзгаранне маёмасці на балконе. На шчасце, дзеці пакінулі кватэру да прыбыцця работнікаў МНС, ніхто не пацярпеў, агонь у кватэру не трапіў. Меркаваная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём нявызначанай асобы. Непатушаны недакурак быў выкінуты з вышэйразмешчанага паверха.

Дастаткова часта да каварнай цыгарэты дадаецца яшчэ і некалькі чарак моцных напояў. У гэтым выпадку кантраляваць сітуацыю становіцца цяжэй: алкаголь і нікацін робяць сваю справу. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца, знаходзяць чалавека ў «абдымках» цыгарэтнага дыму і тлеючых пасцельных рэчаў. Пашанцуе, калі з такіх абдымкаў яго атрымаецца выратаваць. Акрамя самога віноўніка пажару, часта пакутуюць і суседзі, асабліва ў шматкватэрных жылых дамах. Нярэдка даводзіцца нават эвакуіраваць усіх жыхароў пад'езда.

8 жніўня ў Наваполацку супрацоўнікі МНС выратавалі мужчыну на пажары. Званок паступіў пасля паўночы. Загаранне адбылося ў кватэры, размешчанай на першым паверсе шматкватэрнага жылога дома. Дзверы ў кватэру былі зачынены знутры, на грукат і просьбы ніхто не рэагаваў. Таму было прынята рашэнне выбіць дзверы. У кватэры было шмат дыму, у пакоі на падлозе ратавальнікі ўбачылі мужчыну — ён быў у прытомнасці, але самастойна пакінуць небяспечную зону не мог з прычыны моцнага ап'янення. Работнікі МНС вывелі яго на вуліцу і перадалі медыкам. Пацярпелага шпіталізавалі з папярэднім дыягназам: атручэнне прадуктамі гарэння. Меркаваная прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з цыгарэтай падчас курэння.

Ратавальнікі нагадваюць: ваша жыццё ў вашых руках. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Марына ВАСІЛЕЎСКАЯ, галоўны спецыяліст Рэспубліканскага цэнтра прапаганды МНС

Фота: МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».