Вы тут

Паэзія як вялікі сімвалізм вечнасці


Праца над анталогіяй сучаснай беларускай паэзіі дазволіла блізка пазнаёміцца з багатым жыццёвым і творчым лёсам, яркай, каларытнай мастацкай індывідуальнасцю Міхася Шэлехава.


Міхась Шэлехаў. Фота з сайта minsknews.by.

Паэт, празаік, кінасцэнарыст, тэатральны драматург, перакладчык, публіцыст Міхась Міхайлавіч Шэлехаў паходзіць з вядомага і аўтарытэтнага палескага роду. Піша на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. Яго творы друкаваліся ў самых аўтарытэтных «тоўстых» часопісах («Новый мир», «Наш современник», «Юность», «Москва», «Дружба народов», «Нёман», «Полымя», «Роман-газета»), альманахах, калектыўных зборніках і анталогіях Расіі, Беларусі, Украіны, іншых краін.

Міхась Шэлехаў публікаваў зборнікі паэзіі ў Маскве — «Слово ненастное, слово лазурное» (1987), «Песни родильного отделения» (1990), «Ангел уличный» (1991); і ў Мінску — «Філасофія свету» (у калектыўным зборніку «Лагодны промень раніцы», 1988), «Сын яблыні» (1990). Ён з’яўляецца аўтарам кнігі арыентальных навел «Калодзеж вечнасці» (2011), рамана «Паляванне на мядзведзя» (2012), вялікай паэтычнай біяграфіі «Птушка нябесная, лілія палявая» (2012).

На ўсёй постсавецкай прасторы М. Шэлехаў вядомы і як драматург. У розныя гады выходзілі п’есы пісьменніка для дарослых і дзяцей, напрыклад: «Ветрык і сметнічкі» (1998), «Чайнік на даху» (1996), «Кузіны казкі» (1990), «Яма» (2002), «Паляванне на зубра» (2003). Яму належыць драма глыбокага філасофскага зместу «Венскі канкан», у якой на сцэне адначасова сустракаюцца Ленін, Троцкі, Сталін і Гітлер. I гэта гістарычны факт — дадзеныя асобы сапраўды былі ў Вене зімой 1913 г.

Міхась Шэлехаў — аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Круглянскі мост» (1989, паводле аповесці В. Быкава, «Беларусьфільм»), савецка-польскай стужкі «Люк» (1989, кінастудыя імя М. Горкага), «Шакаладны бунт» (1990, Свярдлоўская кінастудыя), «Вогненны стралок» (1994, «Беларусьфільм»), сааўтар тэлесерыяла «Бліндаж» па незакончанай прозе В. Быкава (2011). Па кінасцэнарыях пісьменніка зняты мультфільмы «Пра варону, пра Ягора» (1983, «Беларусьфільм»), «Ноч» (1985, Свярдлоўская кінастудыя), «Дрэва радзімы» і «Багатырская каша» (1986, 1987, «Саюзмультфільм»), «Месяц» («Беларусьфільм», 1993) і інш. У 1987 г. ён дэбютаваў як аўтар песень і вершаў да фільмаў.

Міхась Шэлехаў з’яўляецца лаўрэатам І літаратурнай прэміі імя А. М. Горкага (1988), прэміі Беларускага саюза журналістаў (2002), трох прэмій Міністэрства культуры Беларусі за дзіцячыя п’есы (2002), трох прэмій Міністэрства культуры Беларусі за ваенныя п’есы (2004), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2004), Валошынскай прэміі ў розных намінацыях (2012—2014), Рускай прэміі (2013), прэмій Саюза пісьменнікаў Расіі «Традыцыя» (2001) і «Імперская культура» (2010). Ён узнагароджаны залатым медалём Дзяржкіно і Саюза кінематаграфістаў СССР імя А. Даўжэнкі (1990), Срэбным Віцязем літаратурнага фестывалю «Залаты Віцязь» (2016).

* * *

Філасофія жыцця і творчасці Міхася Шэлехава добра раскрываецца ў надзвычай змястоўных і цікавых адказах пісьменніка на нашы пытанні, якія прапаную чытачам «ЛіМа».

— Вы сябе лічыце рускім ці беларускім паэтам?

— Ведаеце, усяго за жыццё я напісаў больш за 15 тысяч вершаў на розных мовах і кінуў. Практычна даўно пішу іншую паэзію — філасофскія эсэ і арыентальную прозу. З вершаў — 500 на беларускай, 300 на ўкраінскай, усё астатняе на рускай мове, хоць ёсць спробы і на польскай, сербскай, англійскай. Таму пытанне-праблему можна вырашыць арыфметычна — пераважна рускі паэт, але каранямі і сэрцам таксама беларускі і ўкраінскі. Мама мая — данская казачка, сярод продкаў ёсць рускія, беларусы, забайкальцы, манголы, чаркесы, асеціны, украінцы, як мяркуецца, немцы, магчыма, маньчжуры, кітайцы ці нават выхадцы з Індакітая па адной загадкавай прапрабабулі. Дарэчы, адзін мой стрыечны брат, прафесар у Іспаніі, жанаты з тайванкай. Кажу гэта для таго, каб адзначыць фінал майго жыцця — нарадзіўшыся еўрапейцам і славянінам, я ў апошнія 20 гадоў займаюся культурай аднаго Кітая і вельмі яе люблю. Вось такі паварот лёсу. Памятаю дыскусію Н. С. Гілевіча і Р. І. Барадуліна ў маёй прысутнасці — пра дзіўны парадокс М. Шэлехава, яго білінгвізм. Ён паэт беларускі ці рускі? І ў адных, і ў другіх вершах я выглядаў арганічна. Але яны палічылі, што больш арганічны я усё ж у беларускіх. Яны не ведалі маіх украінскіх, і ёсць там такія, якія я лічу наогул сваімі лепшымі вершамі. На самай справе загадкі няма. Старая руская мова, уключаючы царкоўнаславянскую, вельмі моцна ўбірае беларускую і ўкраінскую. Калі адкрыць вялікі Слоўнік У. І. Даля — знойдзем цэлыя крыштальныя азёры беларускай і ўкраінскай гаворкі. Там такая забытая прыгажосць!

— На якія каштоўнасці ў сваёй творчасці Вы арыентуецеся?

— На царкоўныя — праваслаўе, рэлігійныя — хрысціянства, канфуцыянства, будызм, філасофскія — мноства філосафаў Усходу, Антычнасці і Захаду. На культуры старажытных земляробчых народаў, а яны, як вядома, зарадзіліся на Усходзе, а не на Захадзе. Жыццё тут, на зямлі — толькі нулёўка, падрыхтоўчы клас да вялікай школы ў Сусвеце. Паэты лепш за іншых павінны падрыхтавацца да вялікага свету.

Паэт — пясняр, прарок, філосаф, жрэц. Так было ад пачатку, так і сёння. Задачы не змяніліся. Першыя паэты былі шаманамі. Яны былі хадайнікамі, праваднікамі ў свет духаў, у краіну мёртвых, у царства продкаў. Паэт хадзіў туды ў містычным экстазе і прыносіў адтуль параду, папярэджанне, благаславенне ці праклён. Свет сёння завалены гарамі інфармацыі, але людзі па-ранейшаму не бачаць далей свайго носа. І адказ дасць хутчэй прытча, казка, легенда. Ёсць футуролагі, а з прарокамі кепска. І праца паэта ў тым, каб бачыць скрозь час, прастору, матэрыю, гісторыю. Быць аналітыкам, духавідцам, візіянерам. «Лицом к лицу лица не увидать» — гэта формула працы паэта, вучонага, святара, правадыра. І трэба мець мужнасць і сілу бачыць, спасцігаць і ляцець скрозь велізарныя адлегласці. Каштоўнасці паэта — палёты ў сне і на яве. І я шчаслівы, калі зноў лётаю. Як у дзяцінстве. А паэт — гэта вечнае дзяцінства, паэты не старэюць — Божы дар. Самая вялікая каштоўнасць.

— Што для Вас самае галоўнае ў паэзіі?

— Я родам з Палесся, якое, як поўдзень Беларусі, украінізавана, палеская «гаворка» гэта даказвае. Таму палешукі і абліччам падобныя да ўкраінцаў, і прозвішчамі. Палешукі і сёння ездзяць у Пачаеўскую і Кіева-Пячэрскую лаўру, а ў даўніну падпарадкоўваліся не Маскве, Вільні ці Варшаве, а Кіеву. Гэта самая старажытная наша памяць — Залатая Русь. А паэт і каштоўны старажытнай памяццю, старажытнай культурай, памяццю крыві, памяццю духу, які памятае ўсё. Біблія кажа нам аб стварэнні свету, але акрамя яе існуюць велізарныя міфалогіі старажытных народаў, велічэзныя моры фальклору ўсіх рас. Вось гэтая глыбокая родавая памяць, якая сыходзіць да пачатку свету, і павінна быць у паэзіі. Я шчаслівы быў убачыць з самалёта Гімалаі, убачыць Кітай, маньчжурскую тайгу, люблю Амерыку як кантынент старажытных культур. Але да знаёмых мацерыкоў быў пракантынент Гандвана, была Атлантыда, і не адна. Аскепкі старажытных эпасаў, страчаных ведаў, рэха глыбінь павінны быць у паэзіі. Вялікі сімвалізм вечнасці. Дзеля гэтага яна і жыве. І шчаслівы паэт, які стварыў свой востраў, царства, даліну, маленькі сусвет. Гэта я ў паэтаў і шукаю як хлеб надзённы.

Мікола МІКУЛІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.