Вы тут

Вяселле з прысмакам настальгіі


У мінулую суботу адбылася падзея, якую ў маёй сям'і чакалі паўгода. Акурат на Макавей, як называюць у народзе Мядовы Спас, мая сяброўка Даша выйшла замуж. Нягледзячы на тое што ў бацькоў нас двое — я і старэйшы брат, адчуванне было менавіта такое, што аддаю замуж родную сястру.


З Дашай мы нарадзіліся ў адзін месяц, толькі з розніцай у год. З'явіліся на свет у адной вёсцы, жылі ў адным доме, хоць і на розных паверхах, хадзілі ў адзін дзіцячы садок. Дагэтуль памятаю, як, узяўшыся за рукі, ехалі цёмнымі зімовымі раніцамі на санках — менавіта так у заснежанае надвор'е ў вёсках дастаўляюць у дашкольныя ўстановы дзяцей бацькі. Везлі нас чамусьці таты: ім, сябрам, па дарозе на работу заўжды было аб чым пагаварыць.

У садку працавала Дашына мама. Яе, таленавітага музыку, любілі ўсе ў нашай вёсцы. Не выключэннем былі і мы, дзеці. Галіна Генрыхаўна вучыла нас «патрапляць» у ноты, запамінаць звычайныя дзіцячыя матывы, знаёміла з музычнымі інструментамі. А яшчэ яна вучыла нас плаваць: уявіце сабе, у нашым вясковым садку быў самы сапраўдны басейн! Успамінаюцца святочныя ранішнікі, іншыя мерапрыемствы, якія яна ўмела арганізаваць, у тым ліку і на гэтай вадзе.

З яе дачкой мы разам скончылі дзіцячы садок і, удосталь нагуляўшыся на канікулах перад школай, узяліся за ручкі ды пайшлі ў першы клас. І як селі за адну парту, так і прасядзелі разам да 11 класа. У вучобе Даша была слабейшая за мяне, выдатніцу. Я заўжды імкнулася ёй дапамагчы, хоць іншым чамусьці вельмі не любіла даваць спісваць. Дапамагала сяброўцы рабіць урокі дома, вучыла асвойваць камп'ютар, які ў мяне з'явіўся раней. Яна ж, у сваю чаргу, выручала мяне на гуртках па культурнай самадзейнасці, на ўроках малявання і музыкі — за творчасць у нашым тандэме адказвала Даша.

Мы заўжды былі разам і пасля ўрокаў, на выхадных, падчас канікулаў. Помню, што я заўсёды адмаўлялася ехаць у дзіцячыя летнікі (тады — піянерскія лагеры), бо баялася, што без маёй сяброўкі мне будзе сумна. Мы разам хадзілі ў грыбы і ягады, па чарзе — то ў яе, то ў мяне — палолі на агародах грады, пяклі адна ў адной пірагі і пячэнне... Нашы бацькі заўжды ведалі, што калі дачкі няма дома, значыць, яна з сяброўкай. Помню, як у адзін з першых дзён новага года мы так загуляліся на пляцоўцы каля школы, што мая мама пайшла нас шукаць: быў моцны мароз, снегапад. Нам жа было цёпла: з сяброўкай мы будавалі са снегу дом. Не забуду, калі аднойчы я ўпала з веласіпеда і моцна параніла нагу, а мая Даша «лячыла» маю рану трыпутнікам. Ці як Даша падгаварыла мяне сапсаваць адзін з падарункаў нашага суседа на мой дзень нараджэння — майку. Я размалявала яе чорным фламастарам. А Дашын ручнік, які яна мне ў той дзень падарыла, вісіць і дагэтуль у маёй мінскай кватэры. Не забываюцца і першыя танцы, куды мы ішлі ў непрыгожых ботах (іншых не было), а таму пакідалі іх пад елкай каля клуба і пераабуваліся ў туфлі на абцасах.

А потым моцна захварэла Дашына мама. І на дыскатэкі я ўжо хадзіла без маёй сяброўкі. Мая Даша раптам не па гадах стала сталейшай за мяне. Пакуль цёця Галя ляжала ў бальніцах, яна рабіла ўсю хатнюю справу, палола ў агародзе, дапамагала бацьку з гаспадаркай, а часта, здаралася, глядзела і самога бацьку, які пачаў выпіваць. Галіна Генрыхаўна памерла, калі Дашы было 16 гадоў. Цвярозым дзядзьку Жэню мы сталі бачыць усё радзей. Клопату ў Дашы пабольшала, а тым часам яна заканчвала 11 клас — трэба было думаць выключна пра вучобу, а ёй, беднай дзяўчынцы, часта было не да гэтага. Чым магла, дапамагала сястра, якая жыла ў Мінску, сваякі сталі прыязджаць усё радзей. Мы бачылі гэта, і спрабавалі быць ёй карыснымі. Мая мама часта запрашала Дашу на абеды, нярэдка я прыходзіла да яе начаваць, як магла, дапамагала з вучобай.

Разам і паехалі ў Мінск. Я паступіла на журфак. Даша скончыла курсы цырульнікаў. Усё радзей яна стала прыязджаць у вёску. Па-першае, у выхадныя імкнулася падпрацоўваць, бо трэба было на нешта жыць. Па-другое, прыязджаць у паўпустую хату было для яе вельмі балюча. Раптоўна пайшоў з жыцця і яе бацька. Дзядзькі Жэні не стала — амаль не з'яўлялася ў вёсцы і Даша. Зрэдку прыязджала ў сваю кватэру, але для яе гэта было моцным выпрабаваннем, таму сяброўка заўжды заставалася нанач у маіх бацькоў.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія выпалі на Дашын лёс, яна не зламалася. Былі перыяды, калі дзяўчыне не было дзе жыць, калі не хапала грошай на элементарныя рэчы. Аднак, як кажуць, свет не без добрых людзей — заўсёды былі побач тыя, хто ёй дапамагаў. Хапіла ёй і яе мэтанакіраванасці, стойкасці, цярплівасці, дзякуючы чаму яна стала добрым спецыялістам, прафесіяналам у сваёй справе. Сёння Даша — кваліфікаваны цырульнік, майстар самага высокага разраду. Каб трапіць да яе ў салон прыгажосці, людзі запісваюцца за месяц, а тое і больш, наперад. Нарэшце, пашанцавала ёй і ў асабістым жыцці. Вяселле было цудоўнае. Для мяне — са слязьмі на вачах, бо, упэўнена, яе бацькі ганарыліся б сваёй дачушкай.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.