Вы тут

«Якасць падрыхтоўкі кадраў — вышэйшая за ўсё». Як БДУФК выхоўвае спартыўныя таленты


Іван Літвіновіч, Максім Недасекаў, Аліна Гарнасько — спартсмены, якіх аб'ядноўвае не толькі поспех на нядаўніх Алімпійскіх гульнях у Токіа, але і тое, што яны студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Для спартыўнага ўніверсітэта гэтае лета выдалася асабліва насычанае, паралельна з Алімпіядай ішла прыёмная кампанія. У час алімпійскага лета яна, зразумела, была асаблівая. «Звязда» даведалася падрабязнасці.


 «У Токіа выступалі 19 нашых студэнтаў і мы радаваліся за кожнага. Я сам як спартсмен разумею, што ўдзел у Алімпійскіх гульнях — гэта мара кожнага атлета. І высокія вынікі застаюцца на ўсё жыццё, гэтымі дасягненнямі жыве краіна. Я вельмі рады за нашых студэнтаў», — дзеліцца ўражаннямі рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін, доктар эканамічных навук, дацэнт, — Калі я глядзеў фінал у скачках на батуце, злавіў сябе на думцы, наколькі цяжка выступаць апошнім, калі бачыш добрыя вынікі сапернікаў. Іван Літвіновіч з гэтым справіўся. Максім Недасекаў выступіў на сваёй максімальнай вышыні. Аліна Гарнасько таксама вялікая малайчына. Хочацца выказаць сваю павагу спартсменам, што яны змаглі паказаць моцны псіхалагічны настрой, упэўненасць і такія вынікі. Мабыць, яны толькі праз час усвядомяць, што зрабілі для сябе, для свайго спорту і для краіны, і для ўніверсітэта, вядома. Падчас прыёмнай кампаніі ў нас у кожным корпусе працавалі тэлевізары. Калі выступаў Ваня Літвіновіч, мы на пяць хвілін пазней пачалі прыём уступных іспытаў, бо ўсе чакалі выніку. Я зайшоў у залу складанакаардынацыйных відаў, дзе праходзілі іспыты па гімнастыцы, пачуў воклічы і зразумеў, што Ваня — чэмпіён», — расказвае Сяргей Рэпкін.

Трэнеры — у першую чаргу

Такія поспехі спартсменаў-студэнтаў — дадатковая матывацыя для абітурыентаў, асабліва для тых, хто хоча звязаць сваю прафесійную будучыню з трэнерскай работай. У БДУФК рыхтуюць трэнераў па 42 відах спорту. Гэта адзіная ВНУ ў краіне, дзе на кожную групу відаў спорту прыходзіцца асобная кафедра. Але, як расказала прарэктар па вучэбнай рабоце Алена Фільгіна, самай папулярнай спецыяльнасцю сярод абітурыентаў аказалася не трэнерская дзейнасць, а «менеджмент у турызме» з конкурсам 4,25 чалавека на месца. Аднак універсітэт робіць акцэнт менавіта на падрыхтоўцы трэнерскіх кадраў. Менавіта на дадзены накірунак вылучаецца найбольшая колькасць бюджэтных месцаў.

«Сёлета на спецыяльнасці, звязаныя з трэнерскай дзейнасцю, мы залічылі 604 абітурыенты, на ўсе формы навучання — 1197 чалавек, то-бок 50 % абітурыентаў былі залічаны на трэнерскую работу. Конкурс атрымаўся 1,53 чалавека на месца, гэтыя спецыяльнасці дастаткова запатрабаваныя», — прыводзіць лічбы Алена Васілеўна.

Сяргей Рэпкін падкрэсліў, што ўніверсітэт кожны год працуе па мэтавым наборы абітурыентаў. Сёлета ў ВНУ паступіла больш за 140 мэтавых заявак з усіх рэгіёнаў краіны. «Мы кропкава закрываем патрэбу ў трэнерскіх кадрах ва ўсіх рэгіёнах», — адзначае рэктар.

Самымі запатрабаванымі ў абітурыентаў аказаліся лёгкая атлетыка, плаванне, баскетбол, валейбол, гандбол, хакей і футбол. Вызначаецца папулярнасць спецыяльнасцяў па колькасці пададзеных заяў. Менш цікавыя для абітурыентаў шахматы і фехтаванне. Атрымліваецца, што віды спорту, якія традыцыйна радуюць высокімі дасягненнямі, больш цікавяць моладзь. «Лагічна, што на віды спорту, якія патрабуюць развіцця, меншы набор. Мала маладых людзей займаецца, адпаведна, мала паступае, і мы не можам актыўна рыхтаваць трэнераў», — тлумачыць Алена Васілеўна. Рашэнне праблемы кіраўніцтва ўніверсітэта бачыць у супрацоўніцтве з федэрацыямі па відах спорту. Толькі разам БДУФК і спартыўныя федэрацыі могуць праводзіць плённую прафарыентацыю. «Федэрацыі ведаюць рэгіёны, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, іншыя арганізацыі, дзе трэніруюцца спартсмены, якія могуць стаць нашымі абітурыентамі. Мы ўжо праводзілі семінары разам з федэрацыямі, прадстаўлялі напрамкі, у якіх можам сумесна працаваць. І спартыўныя федэрацыі адгукнуліся, ім таксама гэта цікава і важна», — адзначае прарэктар па вучэбнай рабоце.

Чэмпіёнская адукацыя

Амаль усе спартсмены пасля заканчэння школы падаюць дакументы менавіта ў БДУФК. Практычныя веды і вопыт дазваляюць, а ўніверсітэт падмацоўвае гэта тэорыяй. Сёння ў БДУФК вучыцца 558 членаў нацыянальных і зборных камандаў. А чэмпіёны міра і Еўропы, якія перамаглі ў год паступлення, могуць паступіць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў. Але не факт, што з выдатнага спартсмена атрымаецца вялікі трэнер. «Я ведаю прыклады, калі вялікія спартсмены станавіліся вялікімі трэнерамі, і наадварот. Я б тут не быў катэгарычны, усё залежыць ад жадання вучыцца. Ёсць жа схільнасць да канкрэтнага віду спорту, і паступаючы ва ўніверсітэт, таксама гэтым кіруюцца. Гэта як любоў да сям'і, да блізкіх людзей. Тое ж і з прафесіяй, у тым ліку і з трэнерскай», — падкрэслівае Сяргей Рэпкін.

З-за нестабільнага графіка спартсменаў, іх пастаянных раз'ездаў па зборах і спаборніцтвах, у БДУФК ёсць асаблівасць, якая вылучае яго сярод іншых універсітэтаў, — індывідуальны вучэбны план, што дазваляе ўзгадніць навучанне ва ўніверсітэце са спартыўнай кар'ерай. Спецыяльна для гэтага распрацаваны дыстанцыйныя электронныя курсы, электронныя вучэбна-метадычныя комплексы па кожнай вучэбнай дысцыпліне, дзе сабраны увесь тэарэтычны матэрыял і заданні для выканання. «Мы доўга думалі, як у дыстанцыйнай форме прадставіць студэнтам практычны матэрыял. І вырашэнне гэтай праблемы мы лічым сваім ноу-хау, хоць яно і вельмі простае, як усё геніяльнае. Мы распрацавалі рабочы сшытак, дзе ў электроннай форме прадстаўлены практычныя заданні. Мы гэтую сістэму ўдасканальваем, і ў поўнай ступені яна пачне працаваць у 2022/2023 навучальным годзе. Кульмінацыяй будзе палажэнне аб дыстанцыйных вучэбных курсах», — расказвае Алена Фільгіна. Прарэктар адзначае, што такая сістэма стала сапраўдным выратаваннем, калі пачалася пандэмія каранавіруса і ўніверсітэт перайшоў на дыстанцыйную работу.

Аднак вучыцца па індывідуальным плане могуць толькі найлепшыя, члены нацыянальных і зборных камандаў. Гэта патрабаванне рэктара Сяргея Рэпкіна. Тыя, хто на індывідуальным плане, павінны наведаць не менш за 30 % заняткаў, для астатніх галоўнае патрабаванне — вучыцца. На першы погляд можа здацца, што спартыўны ўніверсітэт робіць пэўныя патуранні і паслабленні для студэнтаў-спартсменаў. Але прарэктар па вучэбнай рабоце рашуча тое абвяргае: «Ёсць універсітэты, якія ідуць насустрач спартсменам, у нас наадварот. Мы змагаемся за якасць падрыхтоўкі, і, як паказвае вопыт, такія меры даюць вынікі. Больш студэнтаў з рэгіянальных універсітэтаў хоча перавесціся да нас. Прыязджае больш абітурыентаў з-за мяжы. Якасць падрыхтоўкі кадраў — вышэйшая за ўсё. І гэта невыпадкова. БДУФК — адзіны профільны ўніверсітэт у краіне. У нас працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, у мінулым трэнеры і спартсмены». Праўда, дзеючых трэнераў сярод выкладчыкаў БДУФК няшмат. Прычына — вялікая занятасць і нестабільны графік. Але трэнеры-практыкі актыўна ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, дзеляцца вопытам з універсітэцкімі калегамі, праводзяць майстар-класы.

Кадры растуць у школе...

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры пачынае рыхтаваць трэнераў яшчэ са школы. Як расказаў рэктар Сяргей Рэпкін, два гады назад па ініцыятыве ўніверсітэта ў беларускіх школах былі адкрытыя профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці. Іх мэта — зацікавіць школьнікаў спартыўнай, у прыватнасці, трэнерскай дзейнасцю, і матываваць паступаць у БДУФК. «Мы хацелі, каб да нас паступалі абітурыенты з высокім балам, зацікаўленыя ў трэнерскай рабоце. І сумоўі, якія мы праводзілі з выпускнікамі такіх класаў сёлета, паказалі, што сваіх мэт мы дасягнулі», — падкрэслівае Сяргей Барысавіч.

Сёння будучыя трэнеры вучацца ў 11 беларускіх школах. У профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці школьнікі пераходзяць пасля дзявятага класа. Для гэтага іх агульны бал атэстата павінен быць не меншы за «шэсць», з адзнакай не ніжэй сямёркі па профільных прадметах — біялогіі і рускай ці беларускай мовах. Пры выпуску са школы бал па ўсіх вучэбных прадметах павінен быць не ніжэйшы за «сем», з адзнакамі за профільныя прадметы — не ніжэй за «восем». Акрамя таго, вучні павінны ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах і прайсці факультатыўныя заняткі «уводзіны ў спартыўна-педагагічныя спецыяльнасці». Выкананне гэтых патрабаванняў дае выпускнікам магчымасць без экзаменаў паступаць у ВНУ, дзе ёсць дзве спецыяльнасці — «фізічная культура (па напрамках)» і «спартыўна-педагагічная дзейнасць». Трэба толькі прайсці сумоўе.

Вучэбную праграму для профільных класаў распрацавалі таксама спецыялісты БДУФК. Яна ўключае ў сябе чатыры модулі: гісторыя фізічнай культуры і спорту, анатама-фізіялагічныя асаблівасці мышачнай дзейнасці, псіхолага-педагагічныя асаблівасці спартыўнай падрыхтоўкі, тэорыя і методыка фізічнага выхавання і спорту. Універсітэтам быў распрацаваны і вучэбна-метадычны комплекс для школьных настаўнікаў фізічнай культуры.

Адкрыццю профільных класаў спартыўна-педагагічнай накіраванасці папярэднічала вялікая работа ўніверсітэта і школ. Першым крокам стала арганізацыя рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «фізічная культура». «Мы заўсёды казалі, што фізічная культура ў школе павінна быць раўнапраўным прадметам. І разам з Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў мы распрацавалі заданні алімпіяды. Школьнікі любяць гуляць, таму ў алімпіяду ўвайшлі валейбол, баскетбол, гандбол і футбол. Наша кафедра гульнявых відаў спорту распрацавала праграму. І першы плод не пайшоў за плот», — расказвае Алена Фільгіна.

...І ў вышэйшай школе

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры дапамагае развівацца не толькі тым, хто яшчэ толькі плануе звязаць сваё жыццё з трэнерскай дзейнасцю, але і ўжо вопытным трэнерам. Спецыяльна для гэтага працуе Вышэйшая школа трэнераў. Яе асноўная функцыя — павышэнне кваліфікацыі трэнерскага саставу Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу тых, хто можа працаваць з нацыянальнымі і зборнымі камандамі. У спорце не бывае дробязяў і на кожным этапе павінны быць дасведчаныя людзі. БДУФК дае магчымасць развівацца кожнаму — ад школьніка, які марыць стаць трэнерам, да кваліфікаванага спецыяліста.

І як прынята ў спорце, спыняцца на дасягнутым універсітэт не збіраецца. Як расказаў Сяргей Рэпкін, у новы навучальны год БДУФК уступіць з сямю новымі адкрытымі пляцоўкамі — па дзве для валейбола, баскетбола, тэніса і адна для міні-футбола. Па словах рэктара, гэта дазволіць больш якасна праводзіць заняткі і спаборніцтвы. Праз рэканструкцыю пройдзе спартыўнае ядро ВНУ — футбольнае поле і лёгкаатлетычныя дарожкі. Плануецца, што на працягу трох гадоў будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы інтэрнат на 700 месцаў. «Улічваючы, што ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў на ўсю краіну, у нас шмат іншагародніх студэнтаў, патрэба ў інтэрнаце ў нас вельмі вялікая. Традыцыйна мы развіваем экспарт паслуг, да нас прыязджаюць замежныя студэнты. У нас ёсць сумесны факультэт з Узбекскім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры. Развіваецца супрацоўніцтва з іранскімі абітурыентамі, у нас вучыцца каля 100 кітайскіх студэнтаў. Налета плануем адкрыць англамоўную магістратуру. Мы маем унікальную базу, БДУФК — адзін з найлепшых у Еўропе спартыўных універсітэтаў, таму мэты і задачы ў нас адпаведныя, грандыёзныя», — канстатаваў Сяргей Рэпкін.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.