Вы тут

Ісачанка: У аснове дасягнення Мэт устойлівага развіцця — моцныя рэгіёны


Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусі, віцэ-спікер Савета Рэспублікі Анатоль ІСАЧАНКА прыняў удзел у адкрыцці рэгіянальнай канферэнцыі «Лакалізацыя МУР на рэгіянальным узроўні». 


Сама канферэнцыя праходзіла ў весцы Салтанаўка Магілёўскага раёна, але Нацыянальны каардынатар далучыўся да яе дзякуючы сучасным інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. 

— У аснове глабальнага стратэгічнага плана, вядомага ў свеце як Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця, ляжыць асэнсаваны дэвіз — «нікога не пакінуць убаку», — нагадаў Анатоль Ісачанка, адкрываючы сустрэчу. — Кіруючыся гэтым прынцыпам, сёння пытанні ўцягнення ўсіх рэгіёнаў Беларусі ў планамернае развіццё, з улікам іх асаблівасцяў, з’яўляюцца важнымі для дзяржавы. 

Ён адзначыў, што такі падыход па лакалізацыі МУР носіць стратэгічны характар і цалкам адпавядае аднаму з прыярытэтаў, выпрацаваных на VI Усебеларускім народным сходзе, — моцныя рэгіёны. 

Трэба сказаць, што агульная карціна выканання нашай краінай Мэт устойлівага развіцця складваецца з розных сфер і накірункаў. У гэтым кантэксце дасягненні кожнай галіны ўносяць істотны уклад у агульную работу над рэалізацыяй МУР. Улічваючы гэта, зараз у Рэспублікі Беларусь нядрэнныя вынікі: па ацэнках міжнародных экспертаў узровень прагрэсу ў дасягненні нашай краінай Мэт складае амаль 79 %. У Індэксе чалавечага развіцця мы займаем 53-е месца ў катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. А ў незалежным рэйтынгу Мэт устойлівага развіцця Беларусі належыць 24-е месца са 165 краін. 

— Дзякуючы Кіраўніку дзяржавы і рэалізуемай ім палітыцы Беларусь годна выглядае ў многіх сферах: харчаванні, адукацыі, экалогіі, энергетыкі, санітарыі, прамысловасці, — падкрэсліў Нацыянальны каардынатар. 

Аднак ён з жалем канстатаваў, што сёння пазітыўным памкненням Беларусі супрацьстаяць мэтанакіраваныя дзеянні шэрагу дзяржаў. 

— Парадак дня — 2030, які павінен быць па-за палітыкай, схільны да негатыўнага знешняга ўздзеяння, — падкрэсліў Анатоль Ісачанка. 

Ён нагадаў, што ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, палітычны і санкцыйны ціск супярэчаць шэрагу міжнародных абавязацельстваў і ідуць насуперак з палажэннямі Статута ААН.

— Нягледзячы на гэтую часовую тэндэнцыю, на міжнароднай арэне мы скіраваны на канструктыўны, праўдзівы дыялог і павагу адно да аднаго, — акцэнтаваў увагу віцэ-спікер Савета Рэспублікі. 

Паводле яго слоў, Беларусь працягвае сістэмнае выкананне Парадку дня — 2030 і ў гэтым пытанні кіруецца тым, што Мэты ўстойлівага развіцця «працуюць» на людзей і для людзей. 

— Так, флагманам у прасоўванні ідэй устойлівага развіцця ў Беларусі з’яўляецца Магілёўскі рэгіён, дзе па ініцыятыве кіраўніцтва вобласці прынята і паспяхова рэалізуецца першая рэгіянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2035 года, — паведаміў Анатоль Ісачанка. 

Ён напрыканцы адзначыў, што такой актыўнай пазіцыі па гэтым накірунку павінны прытрымлівацца ўсе рэгіёны нашай краіны. 

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.