Вы тут

Чытайте ў жнівеньскай «Алесі»


Кожны нумар часопіса «Алеся» дорыць чытачам цікавыя сустрэчы з жанчынамі Беларусі, яркімі асобамі, таленавітымі кіраўнікамі і ашчадлівымі гаспадынямі. Жнівенскі часопіс таксама ў гэтым шэрагу.


Урокі прыродазнаўства

Ці можа рэстаран быць адукацыйным? Не спяшайцеся з адказам. Давайце зазірнём на Сонечную вуліцу палескай вёсачкі Хваенск, што ў Гомельскай вобласці, дзе кожную суботу наведвальнікам вясковага адукацыйнага рэстарана (паводле вызначэння яго гаспадыні Насты Цяслюк) прапануецца самім рашчыніць хлеб, а потым спячы яго ў сапраўднай вясковай печы. А пакуль рыхтуецца цеста і спее хлеб, гаспадыня распавядае гасцям пра карысць выпечкі з арганічнай мукі, пра адрозненні рознага памолу і выкарыстанне рошчыны, пра старадаўнія рэцэпты святочных і будзённых страў палешукоў.

Будынак, дзе цяпер знаходзіцца Настусіна аграсядзіба, набылі за адну базавую велічыню, каб захаваць старую школу ў памяць пра бацькоў, якія адсюль родам. Хацелася стварыць такі від сельскага адпачынку, які нёс бы карысць і веды — аб прыродзе, наваколлі, светапоглядзе. Таму і назвалі аграсядзібу «Прыродазнаўства»…

Ці лёгка быць Кавалеравай?

Нядаўна заслужаная артыстка Беларусі Вера Кавалерава адзначыла 70-гадовы юбілей. Гэта актрыса са знікаючым амплуа травесці вось ужо паўстагоддзя служыць у Тэатры юнага гледача і лічыць свой акцёрскі лёс надзвычай шчаслівым.

Сёння Вера Кавалерава перакананая: яна працуе ў асаблівым тэатры, які сее ў душах дзяцей «разумнае, добрае, вечнае», выхоўвае сумленнасць, справядлівасць, спагадлівасць. 

Бывае, што перад пачаткам прадстаўлення сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі часта сядзяць, утаропіўшыся ў смартфоны. Але падымаецца заслона — і тое, што адбываецца на сцэне, іх захоплівае, яны забываюць пра гаджэты, горача перажываюць за герояў, падбадзёрваюць іх, смяюцца або перажываюць. Такі эмацыянальны водгук публікі вельмі каштоўны, і дзеля яго актрыса Кавалерава гатовая аддаваць здароўе, сілы, энергію.

Расставанне — маленькая смерць

Пра што павінны памятаць дарослыя, каб іх разводы і новыя шлюбы не наносілі цяжкіх траўмаў дзецям? Муж і жонка могуць расставацца, знаходзіць сабе іншых спадарожнікаў жыцця, ладзіць пасля разводу асабістае шчасце. Але пры гэтым яны застаюцца мамай і татам і заўсёды адказваюць за шчасце сваіх нашчадкаў.

Як выбудоўваць адносіны з былымі і новымі партнёрамі, каб ад гэтага не пакутавалі дзеці? Як паводзіць сябе, калі сын або дачка не прымае новага выбранніка? Чаму важна знаёміць зводных братоў і сясцёр? Разабрацца дапамагае сямейны псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Ірына Папова.

Красоўкі з сукенкай?

Мода сёння робіць паварот на практычнасць, камфорт — асноўны яе акцэнт. І зручныя красоўкі цяпер становяцца галоўнымі атрыбутамі для модных жаночых убораў. Так што трэба, каб у вашай шафе замест туфляў з’явілася некалькі пар спартыўнага абутку папулярных колераў — белыя, чорныя, сінія, зялёныя, гламурнаружовыя або далікатна-кававыя.

Красоўкі ў гэтым сезоне мода дазваляе спалучаць з усімі прадметамі адзення: паліто, курткамі, джынсавымі і класічнымі штанамі і — уявіце сабе! — сукенкамі. Мода сёння дапускае і нават вітае любыя эксперыменты з вобразам, няхай гэта спадніца плісэ або этнічны сарафан. Практычна, зручна, а галоўнае, стыльна!

Народныя стравы з лясных грыбоў

Для беларусаў збор грыбоў заўсёды быў чымсьці асаблівым і крыху чароўным. Разнастайнасць колераў і формаў, пажыўнасць і атрутнасць, галюцынагеннасць і лекавыя ўласцівасці — усё гэта цікавіла чалавека здаўна і прыцягвала да сябе ўвагу. Цікавінкі распавядае этнограф Ларыса Мятлеўская.

Беларуская кухня вельмі багатая на разнастайныя стравы з грыбоў. Наогул, існуе шмат спосабаў іх нарыхтоўкі. Прапануем унесці ў кулінарную скарбонку ўпадабаны старадаўні рэцэпт!

Порхаўкі ў цыбульнай поліўцы. Гэты незвычайны грыб вельмі палюбіўся ў беларускай народнай кухні. Пасля летніх дажджоў сем’і порхавак сустракаюцца на ўзмежках палёў і ўскрайках лясоў, дзе дастаткова вільгаці і сонечнага святла. Спачатку з порхаўкі знімаюць абалонку, мыюць грыб, рэжуць на лустачкі і смажаць 15 хвілін у гарачым сметанковым масле. Затым абсмажаныя порхаўкі трэба адправіць у гарачую духоўку, каб яны даходзілі.

Тым часам на патэльню ў разагрэтае масла кладуць дробна пакрышаную цыбулю і смажаць да мяккасці, потым дадаюць смятану і зноў тушаць. Атрыманы соус выліваюць зверху на порхаўкі.

(Яшчэ больш рэцэптаў вы знойдзеце ў свежым нумары «Алесі».)

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.