Вы тут

Сяргей Сівец правёў асабісты прыём грамадзян, ІП і прадстаўнікоў юрыдычных асоб


Сёння старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец правёў асабісты прыём грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.


Фота: sovrep.gov.by

Пераважная большасць зваротаў, з якімі да сенатара прыехалі наведвальнікі з розных куткоў краіны, у той ці іншай ступені датычылася спрэчных маёмасных пытанняў, якія, па версіі аўтараў зваротаў, мясцовыя ўлады з шэрагу прычын не хочуць вырашаць, не ідуць насустрач пакрыўджаным землякам. А тыя ў пошуку праўды вымушаныя грукаць у дзверы начальнікаў, пісаць скаргі, наймаць адвакатаў.

Шчыра кажучы, было сумна і часам цяжка глядзець на гэтых людзей, з тугой у вачах і поўнымі папкамі папер з адказамі ад раённых арганізацый і органаў улады, абласных і рэспубліканскіх інстанцый, судоў. Напрыклад, нялёгка было слухаць Ганну Аляксандраўну з Ваўкавыска. Яна з уласнай дабрыні некалі прапісала на сваёй жылплошчы двух сыноў стрыечнай сястры, якія з часам, паводле яе слоў, не без махлярства ўгаварылі маладасведчаную пажылую жанчыну падпісаць ім акт дарэння яе кватэры. У выніку жанчына апынулася без жылля. Вось і звярнулася па дапамогу ў Савет Рэспублікі.

Сяргей Сівец пастараўся па меры магчымасці ўнікнуць у абставіны гэтай няпростай гісторыі і даў рэкамендацыі, парады наконт таго (вядома ж, пры ўмове праўдзівага выкладання жанчынай ходу падзей вакол яе кватэры), як і куды трэба звярнуцца па аднаўленне справядлівасці.

З не менш заблытанай справай па зямельным пытанні звярнулася да сенатара і гаспадыня «доміка ў вёсцы» ў Карэліцкім раёне Ларыса Барысаўна. Нібыта пасля набыцця дома за яе сям'ёй па ўсіх атрыманых дакументах лічыўся адзін зямельны ўчастак з пабудовамі, але потым нейкім чынам яго падзялілі на два. І другая палова ўжо не належыць Ларысе Барысаўне. Яна, зразумела, не сцярпела такую крыўду, стала шукаць праўду, і гэтыя пошукі прывялі яе ў Савет Рэспублікі.

У размове з журналістамі Сяргей Сівец адзначыў: супрацьстаць падобным непрыемным здарэнням можна і трэба шляхам павышэння прававой адукаванасці насельніцтва, бо жыллёвыя і зямельныя спрэчкі ўваходзяць у лік самых складаных у юрыдычнай практыцы. І сённяшні прыём грамадзян сведчыць аб тым, што пры заключэнні маёмасных здзелак неабходна вельмі ўважліва вывучаць усе дакументы, не саромецца пытацца і перапытваць.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Спачатку трэба добра падумаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?