Вы тут

У Токіа пачынаюцца Параалімпійскія гульні


Не паспелі суцішыцца радасць ад перамог і высахнуць слёзы ад паражэнняў у Токіа, як спартыўныя баталіі вяртаюцца ў японскую сталіцу. Тут з 24 жніўня да 5 верасня адбудуцца XVІ Параалімпійскія гульні. Традыцыйна з удзелам беларусаў.


«Мы толькі рады, калі спартсмены дасягаюць поспехаў. У першую чаргу для іх спорт — выдатная форма рэабілітацыі, сацыялізацыі і самарэалізацыі. Чалавек ведае, што яго не кінулі, ён у калектыве. Яго падтрымлівае дзяржава, усе прызнаюць паўнапраўным членам грамадства. Таму высокае спартыўнае дасягненне толькі вітаецца, падтрымліваецца і выклікае агульную радасць», — падкрэслівае Мікалай Шудзейка, генеральны сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. На гэтых Гульнях Мікалай Мікалаевіч будзе шэфам беларускай місіі. У Токіа скараць алімпійскія вышыні адпраўляецца 20 атлетаў, прадстаўнікі шасці відаў спорту. Мікалай Шудзейка прадставіў чытачам «Звязды» беларускую параалімпійскую каманду.

Плаванне

Самая вялікая каманда сярод беларусаў — 10 спартсменаў пад кіраўніцтвам нязменнага генсека, старэйшага трэнера параалімпійскай зборнай па плаванні Генадзя Вішнякова. Мікалай Шудзейка згадвае Пушкіна і яго класічнае «ўсе роўныя як на падбор, з імі дзядзька Чарнамор». Бадай, ці не самае трапнае апісанне беларускай параалімпійскай каманды па плаванні.

«Пандэмія каранавіруса крыху выбіла іх са звыклай каляіны. Было цяжка на працягу ўсяго года трымаць неабходную форму. Таму мы выкарыстоўвалі ўсе магчымасці, каб нармалізаваць трэніровачны працэс. І дзякуючы нашаму супрацоўніцтву з Беларускай федэрацыяй плавання мы вырашылі гэтую праблему ўнутры краіны. Спартсмены, якім не патрабуецца асаблівае безбар’ернае асяроддзе, удзельнічалі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах са здаровымі плыўцамі. Напярэдадні Параалімпіяды спартсмены правялі два зборы ў Турцыі, трэніраваліся на адкрытай вадзе. Яны настроеныя па-баявому», — расказвае Мікалай Шудзейка.

У маі на чэмпіянаце Еўропы па параалімпійскім плаванні беларусы заваявалі 19 медалёў, стварыўшы сабе выдатны задзел на Параалімпіяду. Па словах Мікалая Шудзейкі, каманда плыўцоў — паспяхова спалучэнне маладосці і вопыту. У лідарах — Ігар Бокій, Дзмітрый Салей, Уладзімір Ізотаў. Ігара Бокія журналісты празвалі беларускім Майклам Фелпсам, хоць яму самому і яго трэнеру такое параўнанне не падабаецца. У 27 гадоў ён заваяваў 11 параалімпійскіх медалёў — пяць у Лондане і шэсць у Рыа. «Не кожнаму дадзена ўтрымацца на такім высокім узроўні, як у яго. Неабходна мець моцны характар, умець правільна трэніравацца. З гадамі ў спорце здароўя не прыбаўляецца. Ігар сталее, таму цяпер мы шукаем шляхі максімальнай рэалізацыі яго тэхнікі. У Ігара велізарныя магчымасці, і я веру, што ён можа плыць яшчэ хутчэй», — адзначаў трэнер Генадзь Вішнякоў у інтэрв’ю «Звяздзе».

Дзмітрый Салей — параалімпійскі чэмпіён 2008 года. У 2013 годзе Дзмітрый разам з братам Раманам пераехалі выступаць за Азербайджан. Спартсмен прадстаўляў гэтую краіну на параалімпіядзе ў Рыа, але ўсё ж вярнуўся пад беларускі сцяг.

На Параалімпійскіх гульнях 2016 года Уладзімір Ізотаў не проста заваяваў «золата» на дыстанцыі 100 метраў брасам, а ўстанавіў рэкорд турніру. Дыстанцыю ён пераадолеў за 1 хвіліну 06,82 секунды. Спартыўную кар’еру плывец з Гомеля сумяшчае з музыкальнай, іграе ў гурце. «Мы разлічваем, што нашы лідары ў Токіа пацвердзяць сваё рэнаме і ўнясуць значны ўклад у нашу медальную скарбонку», — адзначае Мікалай Шудзейка.

Генеральны сакратар Параалімпійскага камітэта ўпэўнены, што і моладзь не падвядзе. Ягор Шчалканаў — двухразовы пераможца Сусветнай серыі Гран-пры. За паўтара года ён паказаў вялікі прагрэс і на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы заваяваў два бронзавыя медалі. Як падкрэсліваў Генадзь Вішнякоў, усе былі шакіраваныя яго вынікамі. Па-добраму ўсіх шакіруе і Уладзімір Сотнікаў, якому толькі 15 гадоў. «Для Валодзі гэты алімпійскі цыкл быў як трамплін для будучых перамог. Хлопец расце ва ўсіх сэнсах, больш за два метры ростам. Плывучасць у яго цудоўная, выдатныя фізічныя даныя. Яму плысці і плысці», — заўважае Мікалай Шудзейка. Не адстае ад калег і Максім Вашкевіч.

Сачыць за спаборніцтвамі плыўцоў-параалімпійцаў у Токіа будуць не толькі аматары спорту. Нагода — выступленне Аляксея Талая, матывацыйнага спікера, бізнесмена, грамадскага дзеяча, члена канстытуцыйнай камісіі. У красавіку 2021 года Аляксей аднавіў сусветны рэкорд. На этапе Сусветнай серыі дыстанцыю ў 50 метраў брасам пераадолеў за 1.18,42 секунды. А на чэмпіянаце Еўропы стаў бронзавым прызёрам.

Параалімпійская зборная — не проста каманда, а сям’я, у прамым сэнсе. На спаборніцтвах па плаванні будуць выступаць Рыгор і Настасся Зудзілавы. У брата і сястры — частковая атрафія зрокавага нерва і аднолькавая вялізная матывацыя і жаданне быць найлепшымі.

Свае здольнасці ў Токіа пакажа і дасведчаная 48-гадовая спартсменка Наталля Шавель. Яе прыклад таксама пацвярджае «сямейнасць» параалімпійскага спорту. Яе асабісты трэнер — мама Надзея Кузьміна. Плаваннем Наталля займалася з дзяцінства, але яе жыццё карэнным чынам змянілася ў 1998 годзе, калі яна трапіла ў аўтамабільную аварыю. Праз сур’ёзную траўму пазваночніка Наталля не ходзіць і не адчувае ног. Але гэта не зламала матывацыю Наталлі і любоў яе маці.

Лёгкая атлетыка

Вопыт і маладосць дапамогуць і лёгкаатлетам. Вопытнае і моцнае прадстаўніцтва ў скачках у даўжыню. Мікалай Шудзейка вылучае Сяргея Бурдукова і Ганну Канюк. На гэтых Параалімпійскіх гульнях у Ганны будзе асаблівая ганаровая місія — яна капітан каманды. «Ганна карыстаецца аўтарытэтам у камандзе. Яна гатовая ўсім дапамагчы, усіх падтрымаць. Кожнай камандзе патрэбен такі чалавек. І плюс яе выдатныя спартыўныя вынікі», — адзначае Мікалай Мікалаевіч. Ганна — бронзавы прызёр Параалімпійскіх гульняў 2004 і 2012 гадоў. Зімой на этапе серыі Гран-пры ў Дубаі Ганна «ўзляцела» на 5 м 51 см і атрымала ліцэнзію на Параалімпійскія гульні. Гэта найлепшы вынік у яе класе. Ганна ўжо рыхтуе сабе спартыўную змену, на базе гродзенскай СДЮШАР № 2 працуе з групай маладых спартсменаў з інваліднасцю.

Юлія Няжура — спартсменка сталая і вопытная, але на Параалімпійскія гульні едзе ўпершыню. Атлеткай яна ніколі не была, аднак трапіла ў аварыю і знайшла сябе ў параалімпійскім спорце. Літаральна за тры гады паспела стаць майстрам спорту міжнароднага класа і двойчы перамагчы на чэмпіянаце Еўропы. Спецыялізуецца Юлія ў кіданні кап’я.

Вялікія надзеі ў параалімпійскім кіданні кап’я падае Лізавета Пятрэнка. Яна вучаніца параалімпійскага чэмпіёна Ігара Фартунова. На ўнутраных спаборніцтвах сярод здаровых спартсменаў устанавіла асабісты рэкорд — 38,04 метра. А на міжнародных стартах яе найлепшы вынік — 36,11 метра. Таму нагоды для аптымізму ёсць. Мікалай Шудзейка звяртае ўвагу, што галоўнае для Лізаветы ў Токіа — справіцца з нервамі і хваляваннем.

Фенаменальны спартыўны шлях прайшоў Уладзіслаў Грыб. Аднойчы ён надта глыбока нырнуў і зламаў пазванкі — займеў інваліднасць. Але цяпер паказвае нядрэнныя вынікі на спаборніцтвах у кіданні булавы. Літаральна за год і некалькі месяцаў дайшоў да Параалімпійскіх гульняў. Уладзіслаў — вучань параалімпійскага чэмпіёна Руслана Сівіцкага, чый рэкорд трымаецца з 2000 года. «Руслан трэніруе сваіх спартсменаў па прынцыпе „наступная спроба — сусветны рэкорд“, як калісьці і сам трэніраваўся. Мабыць, у спорце варта быць такім максімалістам. Гэта вялікая псіхалагічная праца. І вынікі Уладзіслава пацвярджаюць яе паспяховасць», — адзначае Мікалай Шудзейка.

Фехтаванне

На Параалімпійскія гульні ў Токіа адпраўляюцца людзі, чые імёны даўно асацыіруюцца з беларускім параалімпійскім фехтаваннем. На Параалімпійскіх гульнях у Рыа Андрэй Праневіч заваяваў «золата» сярод шпажыстаў-калясачнікаў. Гэтае дасягненне выдатна ўпісваецца ў агульны фон яго поспехаў на шматлікіх міжнародных спаборніцтвах. У родным Полацку Андрэй — сапраўдная зорка і прыклад для маладых спартсменаў.

У пачатку ліпеня Алеся Макрыцкая стала пераможцай этапу Кубка свету па фехтаванні на калясках «Сабля Кілінскага — 2021», што праходзіў у Варшаве. У Параалімпійскім камітэце ўпэўнены, што гэтая перамога надасць спартсменцы матывацыі і ўпэўненасці на самых галоўных стартах.

«Андрэй і Алеся — вельмі вопытныя спартсмены. У гэтым цыкле яны вельмі дастойна выступалі на чэмпіянатах свету, Еўропы, на Кубках свету. Трэнеры кажуць, што яны ў добрай форме. І па выніках гэта відаць. Спадзяюся, гэтак жа будзе і ў Токіа», — дзеліцца Мікалай Шудзейка.

Дзюдо

Гэтае баявое мастацтва заснаванае на трох галоўных прынцыпах. Адзін з іх — «найлепшае выкарыстанне цела і духу». Ім на працягу сваёй кар’еры кіруецца Алена Багданава, адзіная прадстаўніца Беларусі на Параалімпіядзе. Ліцэнзію на Гульні яна заваявала ў пачатку лета на Кубку свету Гран-пры сярод спартсменаў, якія слаба бачаць. Там жа яна заваявала і бронзавы медаль. Некалькі гадоў таму Алена змяніла рускае спартыўнае грамадзянства на беларускае. Алена займае другую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу сярод татальна сляпых спартсменак.

«Алена хутка адаптавалася ў нашай камандзе. На апошнім этапе Кубку свету заваявала „бронзу“, падчас выступлення за Расію была прызёрам чэмпіянату Еўропы. Таму, дай бог, ёй утрымаць свой узровень у Токіа. У дзюдо многае залежыць ад жараб’ёўкі, няхай ёй у гэтым пашчасціць», — адзначае генеральны сакратар Параалімпійскага камітэта.

Параканоэ

У гэтым відзе спорту адстойваць гонар краіны будзе Ілья Таўпянец, дэбютант Параалімпійскіх гульняў. У 2012 годзе хлопец трапіў пад электрычку, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пералом рэбраў і пералом пазванкоў са сцісканнем і ўдарам спіннага мозгу без разрыву. Інваліднасць падштурхнула Ілью пераасэнсаваць сваё жыццё і заняцца спортам. На сваім першым чэмпіянаце Еўропы ў 2018 годзе ён адразу стаў сёмым, прайграўшы трэцяму месцу менш за секунду.

«Ілья — цудоўны хлопец з сур’ёзным стаўленнем да жыцця. Ён развіваецца, становіцца сталым. І гэта павінна павысіць яго спартыўныя вынікі. Першыя два сезоны займаў высокія месцы, мабыць, на куражы. Зараз яны крыху знізіліся. Але Ілья ў добрай форме. Сярод параканаістаў ён малады, малавядомы спартсмен, але такія часта робяць сюрпрызы. Таму вёслы яму ў рукі і няхай усё будзе добра», — расказвае Мікалай Шудзейка.

Веславанне акадэмічнае (адаптыўнае)

На старт выйдзе легенда беларускага параалімпійскага спорту Людміла Волчак. Яе прыклад — беспрэцэдэнтны выпадак для ўсяго спорту. Людміла — трохразовая параалімпійская чэмпіёнка і трохразовая прызёрка Параалімпіяды ў лыжных гонках. На яе рахунку і параалімпійскае «серабро» ў веславанні. А калісьці яна падавала вялікія надзеі ў лёгкай атлетыцы. Людміла — самы яскравы прыклад таго, што чалавечыя магчымасці і здольнасці бязмежныя. І ў Токіа яна яшчэ раз гэта дакажа. Тым больш што на Параалімпіядзе Людміла будзе сцяганосцам беларускай каманды. Мікалай Шудзейка ўпэўнены, што гэта будзе для яе дадатковым стымулам мабілізавацца і даць бой сусветным лідарам у паравеславанні: «Люда яшчэ не сказала сваёго слова ў веславанні. Яе вопыт і найсур’ёзнейшае стаўленне да справы дапамогуць. Яна прафесіянал з вялікай літары. Зараз у веславанні крыху змянілі дыстанцыі і многае ў падрыхтоўцы прыйшлося мяняць. Але, я спадзяюся, заняткі лыжамі стануць для Люды добрай падтрымкай, каб усё пераадолець. Усё ў яе руках».

Паблажак не будзе нікому

У беларускую дэлегацыю на Параалімпійскія гульні ўвайшло 45 чалавек — трэнеры, афіцыйныя асобы, прэса, суддзі, медыцынскі персанал. Эпідэміялагічныя меры і патрабаванні застануцца з Алімпійскіх гульняў. «Японцы распрацавалі пяць мабільных дадаткаў, якія павінен устанавіць на свой мабільны тэлефон кожны член дэлегацыі. У кожнага спартсмена павінны быць два дадаткі толькі для перасячэння граніцы. У іх загружаюцца вынікі ПЛР-тэсціравання, там жа запаўняецца анкета. Пасля дадатак генерыруе тры QR-коды, якія неабходныя для пропуску ў аэрапорце. І толькі потым, ужо ў Японіі, робіцца кантрольны тэст ПЛР на антыген. Кожны дзень у 9 гадзін раніцы і 18 гадзін вечара будуць выдавацца прабіркі для тэсціравання на каранавірус», — расказвала галоўны ўрач алімпійскай каманды Ірына Малёваная напярэдадні Алімпійскіх гульняў. Праз усё гэта пройдуць і параалімпійцы. Мабільныя дадаткі таксама будуць адсочваць геапазіцыю спартсменаў і членаў дэлегацыі. І кожнаму штодня трэба будзе падаваць інфармацыю пра стан здароўя.

На момант выхаду гэтага матэрыялу Мікалай Шудзейка ўжо прыбыў у Токіа. Ён расказаў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму, што самая важная працэдура праходжання тэсціравання на каранавірус у аэрапорце заняла каля пяці гадзін. У параалімпійскай вёсцы ўсё арганізавана добра. А валанцёры нават празмерна апякаюць гасцей, магчыма, для таго, каб палегчыць знаходжанне ў Японіі спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі. Суседзямі беларусаў па параалімпійскай вёсцы стануць каманды Фінляндыі, Швецыі, Даніі і Ізраіля.

За медыцынскую падтрымку параалімпійцаў у Токіа будзе адказваць Ірына Кузьміна, урач функцыянальнай дыягностыкі РНПЦ спорту. Згодна з патрабаваннямі арганізатараў, на 50 спартсменаў патрабуюцца два дактары. Паколькі беларускіх спартсменаў удвая менш, з імі будзе адзін доктар. І адзін фізіятэрапеўт Сяргей Грыбанаў, які таксама і трэнер Юліі Няжуры. «Нам не хапае фізіятэрапеўтаў. Сяргей Грыбанаў — выдатны спецыяліст. Але першыя пяць дзён у яго будзе вялізная нагрузка. Потым, калі спартсмены будуць адсейвацца, канешне, будзе прасцей», — падкрэслівае Мікалай Шудзейка.

Аднак, калі памятаць, праз што праходзяць параалімпійцы кожны дзень, то складваецца ўражанне, што ўсе цяжкасці ім па плячы. Бо гэтыя спартсмены могуць усё. І, як адзначае генеральны сакратар Параалімпійскага камітэта, вялікую ролю ў гэтым адыгрывае каманда: «Самае страшнае, калі шмат людзей працуюць па сваіх службовых інструкцыях. Нас няшмат, і мы каманда. Трэба насіць інвентар — будзем насіць. Я як шэф місіі першы пачну гэта рабіць. У нас ёсць агульныя мэты, задачы, і нам трэба рухацца да іх разам».

Pixabay.com

Усе дарогі вядуць у Токіа

Назва «Параалімпійскія гульні» першапачаткова звязана з тэрмінам parapledgіa — параліч ніжніх канечнасцяў, паколькі першыя падобныя спаборніцтвы праводзіліся сярод людзей з захворваннямі пазваночніка. Калі ў Гульнях сталі ўдзельнічаць спартсмены з іншымі відамі інваліднасці, тэрмін «Параалімпійскія гульні» быў пераасэнсаваны. Грэчаскі прыназоўнік «Para» (побач, паралельна) і слова «Olympіcs» утварылі новае слова, якое сведчыла аб правядзенні спаборніцтваў спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі паралельна і раўнапраўна з Алімпійскімі гульнямі.

Сваю гісторыю самы прэстыжны і важны старт для спартсменаў з абмежаванымі магчымасцямі бярэ менавіта ў Японіі. Упершыню тэрмін «Параалімпійскя гульні» згадваецца ў сувязі з правядзеннем Гульняў 1964 года ў Токіа. Дарэчы, гэтыя гульні таксама былі перанесеныя, праўда, толькі з лета на восень таго ж года, каб пазбегнуць летняй спёкі і высокай вільгаці японскага клімату. Афіцыйна і канчаткова назва «Параалімпійскія гульні» была зацверджана на зімовых гульнях 1988 года ў аўстрыйскім Інсбруку.

Увогуле, узнікненню спаборніцтваў для інвалідаў спартыўны свет абавязаны англійскаму нейрахірургу Людвігу Гутману, доктару Сток-Мандэвільскага рэабілітацыйнага шпіталя. У 1948 годзе ён сабраў брытанскіх ветэранаў Другой сусветнай вайны з пашкоджаннямі спіннага мозгу для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах. Людвіга Гутмана назвалі «бацькам спорту для людзей з абмежаванымі магчымасцямі». Ён меў высокую мэту — стварыць Алімпійскія гульні для спартсменаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. З 1948 да 1960 года падобныя спаборніцтвы называліся Сток-Мандэвільскімі па назве шпіталя, дзе працаваў Гутман. У 1960 годзе ў Рыме да ўдзелу ў спаборніцтвах запрашаліся не толькі ветэраны вайны, таму яны лічацца першымі Параалімпійскімі гульнямі, хоць афіцыйна яны так не называліся. У Рыме спаборнічалі 400 спартсменаў на інвалідных калясках з 23 краін. З гэтага часу пачалося імклівае развіццё параалімпійскага руху ў свеце.

Паколькі мерапрыемства, галоўнай мэтай якога была рэабілітацыя інвалідаў, стала спартыўным турнірам высокага ўзроўню, узнікла неабходнасць у стварэнні кіруючага органа. Так, у 1982 годзе быў створаны Каардынацыйны савет міжнародных спартыўных арганізацый для інвалідаў, які праз сем гадоў быў ператвораны ў Міжнародны параалімпійскі камітэт.

Аб’яднацца і натхніць

Параалімпійскі рух, як і алімпійскі, мае ўласныя сімвалы. Упершыню параалімпійская эмблема была прадстаўлена на зімовых Гульнях 2006 года ў Турыне. Лагатып уяўляе сабой размешчаныя вакол цэнтральнай кропкі тры паўсферы чырвонага, сіняга і зялёнага колераў — тры агітосы (ад лацінскага agіto — рухаць). Гэты сімвал увасабляе аб’яднанне спартсменаў з інваліднасцю, якія сваімі дасягненнямі натхняюць і захапляюць свет. Сіні, чырвоны і зялёны колеры, распаўсюджаныя ў нацыянальных сцягах краін свету, сімвалізуюць розум, цела і дух. Дэвіз «Spіrіt іn Motіon» («Дух у руху»)
лаканічна і ярка перадае мэту парааліміпійскага руху — даваць спартсменам з інваліднасцю любога паходжання магчымасці натхняць і захапляць свет сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Вырашальнай падзеяй сталі летнія Параалімпійскія гульні 1988 года, для правядзення якіх выкарыстоўваліся тыя ж аб’екты, на якіх праходзілі алімпійскія спаборніцтвы. Зімовыя Параалімпійскія гульні 1992 года праходзілі ў тым жа горадзе і на тых жа арэнах, што і Алімпійскія спаборніцтвы. У 2001 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны параалімпійскі камітэт падпісалі пагадненне, па якім Параалімпійскія гульні павінны праходзіць у той жа год, у той жа краіне і выкарыстоўваць тыя ж аб’екты, што і Алімпійскія гульні.

Губернатар Токіа Юрыка Каікэ расказала, што вопыт правядзення Алімпійскіх гульняў будзе выкарыстаны і пры правядзенні Параалімпійскіх. «Як і на мінулых спаборніцтвах, замежнікі па прыбыцці ў Токіа будуць рэгулярна праходзіць тэсціраванне на заражэнне і знаходзіцца ў ізаляцыі ад навакольных. Акрамя таго, мы будзем прымаць меры па прадухіленні распаўсюджання інфекцыі з улікам асаблівых патрэб параалімпійцаў. Мы зрабілі гарадскую інфраструктуру больш даступнай, прыбраўшы, дзе было магчыма, прыступкі і ўсталяваўшы ліфты», — прыводзіць словы Юрыка Каікэ інфармацыйнае агенцтва ТАСС. Яна таксама выказала надзею, што дзеці, якія будуць сачыць за Гульнямі, стануць больш уважліва ставіцца да людзей з інваліднасцю.

З 24 жніўня да 5 верасня ў Токіа пройдуць спаборніцтвы па 539 дысцыплінах у 22 відах спорту. Сёлета ў параалімпійскую сям’ю ўключаны бадмінтон і таэквандо. Усяго на параалімпійскія старты выйдзе 4400 спартсменаў. Самыя доўгачаканыя трафеі — медалі — адрозніваюцца ад алімпійскіх. Дызайн заснаваны на тым, што для дасягнення поспеху спартсмены павінны штодзённа імкнуцца да перамогі. Медалі нагадваюць неапрацаваныя камяні, якія выпраменьваюць святло, што сімвалізуе энергію спартсменаў, іх сяброў, родных і цёплы свет сяброўства. Падчас уручэння медалёў будзе гучаць мелодыя Перамогі. Яе напісаў вядучы кампазітар Японіі Наокі Сата. Ён адзначыў, што «музыка створана, каб суправаджаць той момант, калі людзі ва ўсім свеце аб’ядноўваюцца для ўсхвалення і шанавання спартсменаў на п’едэстале гонару».

Без гледачоў на трыбунах

Аднак убачыць гэта ўсё на свае вочы аматары не змогуць. Як і на Алімпійскіх гульнях — толькі па відэатрансляцыях. Параалімпійскія гульні ў Токіа таксама пройдуць без гледачоў на трыбунах. Прычына ўсё тая ж — складаная эпідэміялагічная абстаноўка. «У сувязі з абвяшчэннем надзвычайнага становішча ў прэфектурах Токіа, Сайтама і Ціба і запытам на ўвядзенне надзвычайнага становішча ў прэфектуры Сідзуока для правядзення спаборніцтваў у гэтых абласцях будуць прыняты строгія антыкаранавірусныя меры, уключаючы адсутнасць гледачоў. Таксама аргкамітэт Гульняў просіць грамадскасць устрымацца ад наведвання спаборніцтваў на адкрытым паветры», — паведамляе прэс-служба арганізацыйнага камітэта.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны Мазавец

Першы раз беларус выступіў на Параалімпійскіх гульнях у 1988 годзе ў Сеуле. Тады Алег Шэпель, сённяшні старшыня Нацыянальнага параалімпійскага камітэта, заваяваў тры медалі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Першая суверэнная каманда беларускіх параалімпійцаў выступала на зімовых Параалімпійскіх гульнях у Лілехамеры ў 1994 годзе. А праз два гады — у сакавіку 1996 года — быў створаны Нацыянальны параалімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь. Усяго за ўсю гісторыю свайго выступлення параалімпійцы заваявалі 133 медалі, з іх 44 — залатыя. На летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года атрымалі дзевяць медалёў (адзін залаты). Таму мэта на Токіа філасофская і канкрэтная — не горш, чым у Рыа.

Загаловак у газеце: Спаборніцтвы духу і супрацьстаянне самых моцных

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».