Адбыўся фінал першага рэспубліканскага конкурсу для пажылых людзей «Мудрасць. Вопыт. Бяспека», які праходзіў на базе філіяла «Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі» Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі ў Барысаўскім раёне.
Увесь ліпень праходзіў абласны этап, які ўключаў правядзенне адборачных раённых спаборніцтваў. У выніку сем каманд (ад кожнай вобласці і горада Мінска) сустрэліся, каб на працягу трох дзён вызначыцца, хто стане пераможцамі конкурсу.
Праграма спаборніцтваў спалучала творчыя конкурсы, віктарыны і «экстрэмальныя эстафеты», дзе пажылыя людзі змагаліся з агнём.
Удзельнікі паказалі на сваім прыкладзе наколькі важна весці здаровы і ўсвядомлены лад жыцця. Яны на практыцы сфармавалі правілы паводзінаў у экстраных сітуацыях: рабілі рабочую лінію для падачы вады да месца пажару, эвакуіравалі «пацярпелых» у бяспечную зону з дапамогай «нацяжных выратавальных палотнаў», ратавалі тапельцаў.
Падчас спаборніцтваў каманды прадэманстравалі веданне асноўных правілаў пажарнай бяспекі, прылад аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, вогнетушыцеляў, уменне выяўляць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў дамах.
Пенсіянеры не толькі спаборнічалі, але і самі станавіліся экспертамі ў галіне бяспекі. На адным з этапаў конкурсу ўдзельнікі самі шукалі парушэнні правілаў пажарнай бяспекі.
Першае месца заваявала каманда Віцебскай вобласці «Аптымісты», другое месца — каманда Гомельскай вобласці «Агенты 112», трэцяе заняла каманда Гродзенскай вобласці «СОС».
Каманды, якія занялі прызавыя месцы ў агульнакамандным першынстве конкурсу былі ўзнагароджаны граматамі. А ўдзельнікі каманды-пераможцы атрымалі ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны каштоўныя падарункі.
—Усе каманды арыгінальныя, крэатыўныя і артыстычныя, — сказаў падчас узнагароджання пераможцаў намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Іван ЛАЎРЫНОВІЧ.—Уражаны ўдзельнікамі і самім конкурсам. Упэўнены, што конкурс для пажылых людзей «Мудрасць. Вопыт. Бяспека» стане добрай традыцыяй на доўгія гады.
У заключэнне капітану каманды з Віцебскай вобласці на правах пераможцы было дадзена права прыспусціць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі адзначылі, што конкурс пакінуў добры і карысны след у душы кожнага.
Конкурс адбыўся ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце — 2030». Ініцыятарам Рэспубліканскага конкурсу для пажылых людзей «Мудрасць. Вопыт. Бяспека.» стала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам аховы здароўя.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.