Вы тут

Пачалася падрыхтоўка да «Лістапада-2021»


Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» здзіўляе кожны год, нават калі не адбываецца з-за пандэміі. Чарговая навіна — у фестывалю новая дырэкцыя. Раней арганізатарам «Лістапада» з'яўляўся «АРТ Карпарэйшн» — цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў, зараз жа гэтая функцыя перайшла да Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».


З гэтай нагоды 17 жніўня адбыўся брыфінг, падчас якога генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі распавёў аб тым, як ідзе падрыхтоўка да адной з самых гучных падзей у беларускім культурным асяроддзі:

— Нягледзячы на пандэмію і складаныя геапалітычныя пытанні, фестывалю — быць. Мерапрыемства пройдзе з 20 да 26 лістапада. На базе нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» ствараецца дырэкцыя, збіраецца штаб і праграмныя дырэктары. Таму наступнае вялікае інтэрв'ю адбудзецца ўжо ў пачатку верасня. У той жа час пачне працаваць сайт. Мы працягваем найлепшыя традыцыі нашых папярэдніх калег. Аднак будзе праведзены і рэбрэндынг: зменяцца лагатып і рэгламент фестывалю. Разам з тым ідзе цесная работа з FІAP (міжнародная асацыяцыя кінапрадзюсараў. — Аўт.), плануем атрымаць акрэдытацыю. Калі не атрымаецца ў гэтым годзе, то ў наступным — адназначна. Геаграфія «Лістапада» таксама пашыраецца: прыняць удзел можа кожная краіна. Мы гатовыя да дыялогу. Кіно — тое, што павінна аб'ядноўваць людзей. Заявы на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 1 кастрычніка. Плануецца, што некаторыя з фільмаў — удзельнікаў фестывалю пакажуць і ў рэгіёнах. Гэта зроблена з мэтай пашырэння і папулярызацыі кінамастацтва.

Згодна з новым рэгламентам, фестываль прадугледжвае чатыры конкурсныя праграмы: ігравое, дакументальнае і маладзёжнае кіно, а таксама «Лістападзік» — кіно для сямейных праглядаў. У адрозненне ад мінулых гадоў, праграма, у якой прымаюць удзел маладыя рэжысёры, не будзе
абмяжоўвацца ў жанрах. Акрамя асноўнай, плануецца вялікая пазаконкурсная: да 85-годдзя кінарэжысёра Віктара Турава будзе прадстаўлена «Рэтраспектыва беларускага кіно». Беларуская анімацыя адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей, што таксама не застанецца незаўважаным.

Як падкрэсліў Уладзімір Карачэўскі, у мінулыя гады «Лістапад» выступаў у якасці пляцоўкі для дыялогу паміж рэжысёрамі, крытыкамі і гледачамі. Асаблівасцю гэтага года, асноўным акцэнтам стане прасоўванне нашай краіны, магчымасці здымак у Беларусі, а таксама кааперацыі.

На «Лістападзе-2021» прэзентуюць гуманістычныя фільмы, асноўным пасылам якіх будзе захаванне каштоўнасцяў і міру:

— Мы хочам, каб было больш кіно, якое давала б людзям надзею. Фільм, нягледзячы на жанр, павінен несці святло, — адзначыў Карачэўскі.

Такім чынам, падрыхтоўка пачалася. Але асноўная праца яшчэ наперадзе: трэба сфарміраваць каманду журы, адабраць стужкі і правесці шырокую рэкламную кампанію. Ці атрымаецца гэта ў новай дырэкцыі, пабачым ужо ў хуткім часе. Вельмі хацелася б, каб «Лістапад», асабліва пасля вымушанага перапынку, не здаў сваіх пазіцый.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Фестывалю — быць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?