Вы тут

Папараць-кветка цвіце ў Заўраллі?


У сяле Нова-Ільінскае Петухоўскага раёна Курганскай вобласці, якое ў 1853 годзе заснавалі беларусы, збераглася памяць пра Купальскія звычаі ды абрады.


Купальскаю парою над возерам Прудок

Дзяўчынкі ў вянках з палявых кветак, звіванне вянкоў, і нават дзве старэйшыя кіраўніцы дзеі ў гэтых Купальскіх уборах... І хораша глядзяцца дзяўчаты ў белым адзенні пры возеры! Фотаздымкі даслала ў рэдакцыю, пра водгулле даўніх традыцый у сяле напісала Людміла Урванцава, кіраўніца Нацыянальнага культурнага цэнтра беларусаў Зауралля "Батькавщина". Тэкст са здымкамі — відаць, паводле яе ж допісу — ёсць на партале ФНКА Беларусаў Расіі — гл. "Белорусы Зауралья отпраздновали Купалле". А зварот да Купальскіх традыцый у сяле Новае Ільінскае (і так яго называюць) не выпадковы. У артыкулах "Сяброўства зямляцкае сілы дае! (ГР, 10.04.2014), "Агульныя карані збліжаюць" (ГР, 18.09.2014) мы звярталі ўвагу, што заснавалі вёску (раней — Пруды, бо пры сажалцы-прудзе была) выхадцы з Віцебскай губерні, пераехалі яны ў Зауралле яшчэ ў 1853 годзе. З тых публікацый вынікае, што ў вёсцы жывуць нашчадкі тых беларусаў, некаторыя з іх цікавяцца традыцыямі продкаў. А звярнуцца да родных каранёў, адчуць повязі з беларускай культурай ім дапамагаюць актывісты курганскай суполкі "Батькавщина", аддзяленнем якой у сяле кіруе Аляксандр Цябутаў.

Мы ўдакладнілі, што Людміла Урванцава даслала вытрымкі з таго, што расказвала й пісала пра сельскі побыт у Нова-Ільінскім Надзея Фёдараўна Лапухіна — яна працуе бібліятэкаркай у Новаільінскай бібліятэцы. А здымкі зрабіла Эльвіра Сяргееўна Багданава, кіраўніца мясцовага Дома культуры.

Цяпер трохі пра саму апошнюю падзею ў Новым Ільінскім. З допіса вынікае, што напярэдадні Івана Купалы (у Расіі так называюць свята) у сяле штогод ладзяцца паходы ў лес: па травы. Але паколькі сёлета — гарачыня, і пажаранебяспечная сітуацыя ў рэгіёне, то культработніцы сабралі дзяцей на дзіцячай пляцоўцы. Надзея Лапухіна і Эльвіра Багданава расказалі ім пра Купальскія традыцыі ды звычаі. Правялі майстар-клас "Абрадавы вянок". І ўвечары, па традыцыі, дзяўчаты апусцілі тыя вянкі на ваду.

Звернем увагу: язычніцкае Купалле ў Зауральскім беларускім сяле стала як бы другасным святам, нейкім прысвяткам — у параўнанні з хрысціянскім святам: днём святога Івана, ці Івана Купалы (у Беларусі кажуць і святога Яна, ёсць назва травы, што цвіце ў Купальскую пару: святаяннік — па-руску зверобой). Хоць і называецца ў допісе ноч з 6 на 7 ліпеня "чароўнай, паэтычнай, поўнай цудаў і загадак", але ж удакладняецца, што гэта "ноч напярэдадні аднаго з самых яркіх славянскіх святаў Івана Купала". Вось такі эфект дае "зрашчэнне" язычніцкіх і хрысціянскіх святаў. У Беларусі ж святкуюць менавіта Купалле! Далей у дасланым тэксце — апісанне гаданняў і прыкметаў, звязаных з вянкамі на вадзе. І ўсе яны, вядома ж, пра каханне ці замужжа, што для дзетак на здымках наўрад ці актуальна...

І яшчэ цікавая дэталь. Як напісала Людміла Урванцава, у той час, як дзеткі забаўляліся з Купальскімі травамі, Аляксандр Цябутаў з карэннымі жыхарамі, прадстаўнікамі старэйшага пакалення сяла правялі набажэнства: прасілі ў Бога дажджу на беразе возера Прудок. Меркавалася, пройдзе набажэнства і ў Іванаў дзень. Падкажам новаільінцам, што спрадвечную беларускую замову-песню-закліканне дажджу ў 2013-м спявала нам беларуска баба Лена (Алена Цімафееўна Шышова) з райцэнтра Вікулава Цюменьскай вобласці (падрабязней гл.: "Баба Лена і яе сяброўкі" — 6.03.2014). То можа й такая духоўная спадчына некаму спатрэбіцца? Бо галоўная ж ідэя сапраўднага Купалля — у тым, каб і сама Прырода нас чула, і мы яе. Так, можна й проста пазабаўляцца-пагуляць у кветачкі-вяночкі. А можна паспрабаваць згарманізаваць у лучнасці з ягонаю — Купаль­скаю, касмічнаю... — сілаю свой унутраны свет, і свае стасункі з людзьмі, Прыродай, Усявышнім.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.