Вы тут

Ад сонца ў панядзелак да залевы ў нядзелю


Хіба што такія сонечныя і цёплыя дні ў жніўні ўжо падыходзяць да заканчэння... Нас чакае халаднаваты подых восені, і адчуем яго мы ўжо ў сярэдзіне тыдня. Спецыяльна для чытачоў zviazda.by мы падрыхтавалі агляд прагнозу надвор’я, які прапануе папулярны рэсурс gismeteo.by.


Pixabay.com

У панядзелак, 23 жніўня, у Мінску чакаецца цёплае і сонечнае надвор’е: максімальная тэмпература паветра будзе складаць +20, уначы слупок тэрмометра апусціцца да +10. Ападкаў сіноптыкі не прагназуюць, вецер будзе паўноўчна-ўсходнім, максімальная яго хуткасць будзе складаць чатыры метры на секунду — не больш. Карацей, мінчан чакае камфортны пачатак працоўнага тыдня.

Сонечнае надвор’е ў гэты дзень таксама парадуе жыхароў Віцебска (з максімальнай тэмпературай паветра +19 градусаў), Гомеля (+22) і Магілёва (+20). Ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах чакаецца пераменная воблачнасць з невялікім дажджом: у Брэсце, напрыклад, сіноптыкі прагназуюць 12,6 мм ападкаў, максімальныя парывы ветру будуць складаць да 10 метраў у секунду, але пры гэтым будзе яшчэ досыць цёпла: + 20 днём і +15 ноччу. У Гродне тэмпература амаль аналагічная (+19 днём і +15 ноччу), праўда, ападкаў будзе менш — усяго 0,2 мм, ды і максімальныя парывы ветру будуць дасягаць 7 метраў у секунду.

У аўторак, 24 жніўня, у сталіцы чакаюцца невялікія дажджы, ці нават макротны дожджык — ападкі прагназуюцца ў памеры ўсяго 0,1 мм. Тэмпература паветра пры гэтым будзе складаць +17 днём і +13 ноччу, праўда, парывы ветру часам будуць дасягаць 14 метраў у секунду. Так што, мінчане, моцна трымайце свае парасоны!

Моцныя дажджы ў гэты дзень чакаюць у Брэсце (41,7 мм будзе складаць сутачная сума ападкаў) і Гомелі (гэта паказчык будзе складаць 35,6 мм). Карацей, можна сказаць, што ў гэтых абласных цэнтрах суцэльна будзе ліць дождж і будзе халадней, чым у панядзелак: +16 і +17 у дзень, аднак ноччу не будзе вялікай разбежкі +14 і +16, адпаведна ў гэтых абласных цэнтрах. Крыху макравата будзе і ў Магілёве, дзе прагназуюць ападкі, якія за суткі складуць 1,6 мм. Там тэмпература будзе вар’іравацца ад +17 удзень да +13 уначы. Максімальныя парывы ветру будуць дасягаць 13 метраў у секунду.

У аўторак больш-менш сонечна і без ападкаў будзе ў Віцебску, разбежкі ў тэмпературы паветра за суткі будуць дасягаць ад +16 да +11, максімальныя парывы ветру будуць складаць да 10 метраў у секунду. Хіба што самае сонечнае надвор’е з абласных цэнтраў будзе ў Гродне: тут зусім без ападкаў, тэмпература паветра за суткі ад +17-ці ўдзень да +12-ці ноччу. Праўда, чакаюцца парывы ветру да 14 метраў у секунду.

У сераду, 25 жніўня, мінчан чакае сухі дзень з пераменнай воблачнасцю. Днём тэмпература паветра прагрэецца да +17, уначы яна будзе складаць +8 (і на гэтым тыдні гэта самая халодная ноч у сталіцы). Максімальныя парывы ветру чакаюцца да 11 метраў у секунду. Такія ж параметры будуць і ў Брэсце. Без дажджу пражывуць сераду і жыхары Віцебска (ад +14 да +8), Гродна (+16 і +7) і Магілёва (+18 і +8). Ападкі ў сумарным памеры 8,6 мм чакаюцца толькі ў Гомелі (тэмпература паветра тут будзе складаць ад +18 да +11).

У чацвер, 26 жніўня, мінчанам лепш узяць з сабой парасон — на працягу дня выпадзе 11,6 мм ападкаў. Тэмпература паветра істотна не будзе адрознівацца ад серады: тыя ж +17 удзень і +9 ноччу.

Трэба сказаць, што чацвер будзе самым мокрым з пачатку тыдня днём: дажджы прагназуюцца ва ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Гомеля. І, забягаючы наперад, адзначым, што да канца тыдня захаваецца такое «парасонавае» надвор’е, таму раім не забывацца на гэты аксесуар, інакш давядзецца хадзіць мокрым.

Так, у Брэсце ў чацвер крыху пацяплее ўдзень (да +20-ці) і выпадзе 1,4 мм ападкаў, у Віцебску будзе больш холадна (+13 — поўнач краіны як-ніяк) і мокра — 5,8 мм ападкаў, у Гродне: +19 градусаў і 5,6 мм, у Магілёве: +14 градусаў і 2,4 мм.

Пераменная воблачнасць і без дажджу чакаецца 26 жніўня толькі ў Гомелі: тут +18 удзень і +8 ноччу.

Канец працоўнага тыдня — пятніца, 27 жніўня — не парадуе беларусаў з пункту гледжання надвор’я ну ніяк (хіба што паўплываць на настрой зможа адпачынак на гарызонце): паўсюдна чакаюцца дажджы. У Мінску колькасць ападкаў складзе 1,8 мм, а тэмпература паветра — ад +15-ці да +11-ці; у Брэсце — 4,2 мм і +16 днём, +12 ноччу; у Віцебску — 2,4 мм і +16 днём і +10 ноччу; у Гродне — 2,8 мм і +16 днём і +11 ноччу; у Гомелі — 3 мм і +16 днём, +13 ноччу; нарэшце, у Магілёве — 5,6 мм і +13 днём і +11 ноччу.

Не надта сітуацыя зменіцца і на выходныя: хіба што дажджы будуць больш інтэнсіўныя і парывы ветру больш моцныя.

У суботу, 28 жніўня, у Мінску сіноптыкі прагназуюць да 5,6 мм ападкаў з тэмпературай паветра ад +13 да +9. Амаль столькі ж ападкаў — 5,6 мм — выпадзе ў Брэсце. Тэмпература паветра тут будзе складаць +14, а мінімум +10. Самая вялікая колькасць ападкаў у суботу выпадзе ў Віцебску (8 мм), тэмпература паветра таксама не надта парадуе: +15 днём і +10 ноччу. Зусім не камфортна будзе шпацыраваць па вуліцах старажытнага Гродна ў суботу: сіноптыкі абяцаюць, што за суткі тут выпадзе 7,8 мм ападкаў, а тэмпература паветра будзе вар’іравацца ад +13 да +10.

Самая меншая колькасць ападкаў у гэты дзень прагназуецца ў Гомелі: тут выпадзе 2,4 мм за суткі, на вуліцы будзе ад +16 днём да +11 ноччу. У Магілёве таксама будзе ліць, але не надта моцна: 2,8 мм і +15 удзень і +8 ноччу.

Ну і нарэшце, нядзеля, 29 жніўня. Чаго чакаць? Пакуль што прагноз надвор’я не надта прывабны, але мы спадзяёмся, што яго дакладнасць можа выклікаць сумнеў.

У прыватнасці, сіноптыкі прагназуюць у Мінску дождж з ападкамі да 6 мм і максімальнымі парывамі ветру да 16 (!) метраў у секунду. Тэмпература паветра ў сталіцы будзе складаць ад +14 да +10. Карацей, такое стандартнае восеньскае дэпрэсіўнае надвор’е...

Моцныя дажджы абяцаюць таксама ў Гродне (4,2 мм) і Гомелі (5,8 мм). Тэмпература, адпаведна, будзе складаць +16/ +11 і +14/ +9, максімальныя парывы ветру — 16 і 13 метраў у секунду.

Вельмі ветрана — да 15 метраў у секунду — будзе ва ўсіх астатніх абласных цэнтрах: Брэсце, Віцебску і Магілёве. Амаль аднолькавая колькасць і ападкаў, якія тут прагназуюцца: ад 1,2 да 1,8 мм, то-бок часам парасон можна будзе і закрыць. Тэмпература паветра ў Брэсце будзе складаць ад +16 да +10; у Віцебску і Магілёве — ад +17 да +9.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.