Вы тут

Модная альтэрнатыва каве — напой з незвычайнай назвай «матча»


Усё часцей сёння мы чуем прызнанні ў любові да напою з незвычайнай назвай «матча». Гэта японскі зялёны чай, расцёрты ў парашок (па-японску ён называцца «мацця»). Такі чай традыцыйна выкарыстоўваецца ў японскай чайнай цырымоніі. Асаблівасці вырошчвання і гатавання дазваляюць напою захоўваць велізарную колькасць карысных рэчываў.


Pixabay.com

Аднак з’явіўся парашковы зялёны чай не ў Краіне ўзыходзячага сонца, а ў Кітаі. Яшчэ ў V стагоддзі кітайцы абсмажвалі чайнае лісце, а потым расціралі іх у ступках. Атрыманы парашок спрасоўвалі ў брыкеты, якія потым заварвалі ў кіпені з даданнем пэўнай колькасці мяты ці солі.

Гатаванне і спажыванне «мацця» ператварылася ў адменны рытуал у дзэн-будыстаў. І калі ў Кітаі парашковы чай паступова страціў сваю папулярнасць, то ў Японіі дзякуючы дзэнскім манахам ён стаў шырока шырыцца і сярод іншых пластоў грамадства, і на працягу перыяду ад XIV да XVI стст. стаў нацыянальным напоем. Менавіта японцы давялі да дасканаласці гатаванне зялёнага парашковага чаю і нават пайшлі яшчэ далей, зрабіўшы «мацця» асноўным кампанентам сваіх нацыянальных прысмакаў. Парашком матча пасыпаюць дэсерты мандзю і какігоры, яго дадаюць у цукеркі і печыва, алкагольныя і безалкагольныя напоі.

Збіраюць ураджай матча ўсяго адзін раз на год. Важнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што за два тыдні да збору лісце накрываюць, каб абараніць іх ад трапляння сонечных прамянёў. Такім чынам, чай захоўвае водар і насычаны цёмна-зялёны колер. Лісце збіраюць уручную, сушаць у адмысловым памяшканні, не скручваючы, а ў простым стане, потым перамолваюць у лёгкі, пудрападобны парашок ярка-зялёнага колеру.

Смак чаю матча залежыць ад наяўнасці ў ім амінакіслот. Вышэйшыя гатункі, якія збіраюць першымі, маюць глыбейшы насычаны водар і салодкі смак, чым ніжэйшыя гатункі, сабраныя пазней.

Pixabay.com

Гатункі матча

Цырыманіяльны. Найдаражэйшая варыяцыя, створаная з маладых і далікатных парасткаў. Менавіта яе выкарыстоўваюць у будысцкіх храмах і на элітных чайных цырымоніях.

Прэміяльны. Лісце для гэтага тыпу прадукцыі збіраюць крыху пазней, таму смак гарчэйшы, чым у першага варыянту.

Кулінарны. Для прыгатавання такога віду выкарыстоўваюць сыравіну, сабраную ў апошнюю чаргу. Асаблівасцю з’яўляецца насычаны даўкі прысмак, які выдатна падыходзіць для выпечкі, марозіва і кактэйляў.

Розніца паміж звычайным і элітным цырыманіяльным гатункамі лёгка прасочваецца ў смаку напою: дарагі матча не мае горкага прысмаку, ён вельмі салодкі і далікатны на смак. Апроч таго, у яго драбнейшая структура, што больш нагадвае тальк, а танныя гатункі матча па выглядзе хутчэй падобныя да пяску.

Склад матча: кальцый, жалеза, калій, ёд, фтор, вітаміны С, А, Р, В1, В2, В6, харчовыя валокны. Таксама матча ўтрымлівае вялікую колькасць антыаксідантаў. У прыватнасці, у 100 разоў большыя за эпігалакатэхін (EGC), чым любы іншы чай. А гэта наймацнейшы антыаксідант з чатырох асноўных чайных катэхінаў. Дзякуючы яму актыўна ідзе выпрацоўка дафаміну і сератаніну — рэчываў, якія падымаюць настрой, спрыяюць канцэнтрацыі памяці і ўвагі. Эфект бадзёрасці ад кубка матча можа доўжыцца да шасці гадзін, пры гэтым ён не суправаджаецца нервовасцю і гіпертаніяй. Зялёны чай матча паскарае метабалізм і нармалізуе ўзровень халестэрыну.

Як прыгатаваць чай матча

Заварванне матча адрозніваецца ад гатавання звычайнага зялёнага чаю. У выпадку са звыклым зялёным чаем чалавек п’е ваду, якая насычана кампанентамі і водарам чайнага ліста. Пры гэтым сама расліна выкідваецца. У выпадку з матча чалавек ужывае, у тым ліку, і сам чайны ліст.

Заварваць і піць матча важна правільна, толькі ў такім разе мы атрымаем задавальненне і ў поўнай меры адчуем цудоўныя ўласцівасці легендарнага зялёнага парашку.

Посуд для заварвання. Традыцыйная японская чайная цырымонія гатавання матча строга рэгламентавана. Для гэтага ёсць адмысловы набор посуду: цырыманіяльная керамічная чара (чаван); бамбукавае венца для ўзбівання (часен); бамбукавая лыжка (тясаку).

Pixabay.com

Без пералічаных прадметаў таксама можна прыгатаваць матча, аднак японцы сцвярджаюць, што металічныя прылады не падыходзяць для гэтага чаю і не даюць у поўнай меры ацаніць органалептычныя ўласцівасці матча. Традыцыйныя чары — керамічныя, пакрытыя тонкай аднатоннай глазурай. Але асабліва важнае венца для ўзбівання, яго робяць з суцэльнага кавалка бамбуку ўручную, ён мае да 100 зубцоў. Гэта самы вядомы прадмет для правядзення японскай чайнай цырымоніі. Нічым іншым не атрымліваецца стварыць далікатную аксаміцістую тэкстуру матча.

Pixabay.com

У хатніх умовах:

1. Наліце ў керамічны кубак 30 мл гарачай вады. Аптымальная тэмпература — 75–80 °C. Кіпень не падыдзе, высокая тэмпература сапсуе густ чаю. Найлепш скарыстаць крынічную ці бутыляваную ваду, у водаправоднай вадзе ўтрымваецца вялікая колькасць розных мінеральных злучэнняў.

2. Насыпце ў кубак 2 г зялёнага парашку. Хуткімі кругавымі рухамі ўзбіце парашок матча бамбукавым венцам (ці хоць бы бамбукавым відэльцам). Змешвайце энергічна, пакуль не ўтворыцца вялікая пена.

3. Наліце ў кубак яшчэ 30 мл гарачай вады. На гэтым этапе можна дадаць цукар, мёд ці сіроп на смак. Перамяшайце чай да аднароднай кансістэнцыі.

4. Для матча-латэ асобна падрыхтуйце малако: падагрэйце яго да 80°С, узбіце малако ручным ці аўтаматычным капучынатарам, каб атрымаць пену добрай якасці. Акуратна ўвядзіце ў чай матча ўзбітае малако.

ВАЖНА:

• Піць зялёны чай матча не рэкамендуецца пры цяжарнасці і ў перыяд лактацыі, пасля інфаркту ці інсульту, пры сур’ёзных праблемах з СКТ і парушэннях функцыі печані. Таксама магчыма індывідуальная непераноснасць кампанентаў. Непажадана піць матча ўвечар, бо гэта можа выклікаць праблемы са сном. Затое для раніцы ці ў разгар працоўнага дня гэты японскі чай падыходзіць лепш за ўсё!

Марыя МАРОЗ

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».