Вы тут

Яшчэ да бронзы


Будаўніцтва новай рэспублікі, актыўнае навуковае і культурнае жыццё Беларусі ў пачатку 1920-х гадоў гуртавалася вакол БДУ і Інбелкульта. Зварот да падзей таго часу, першых крокаў ва ўшанаванні памяці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча дае магчымасць правесці невялікую гістарычную рэканструкцыю, падсвятліць падзеі невядомымі раней фактамі і сюжэтамі.


Адам Багдановіч з супрацоўніцамі часопіса «Полымя». Мінск, 1923 г.

На савецкіх п’едэсталах

Новая гістарычная эпоха фарміравала новы пантэон герояў. Сюды траплялі найперш грамадска-палітычныя дзеячы, а таксама выбітныя асобы культуры.

Біяграфія Якава Свярдлова (1885—1919), рэвалюцыянера-бальшавіка, у некаторых момантах перасякалася з сям’ёй Багдановічаў у Ніжнім Ноўгарадзе, асабліва са старэйшым сынам — Вадзімам. Заўчасная смерць вядомага ніжагародца, якая заспела яго «на пасту першага чалавека ў першай сацыялістычнай Савецкай рэспубліцы» (У. Ленін), прадвызначыла стварэнне адной з ранніх кананічных біяграфій бальшавіцкай улады. У 1924 годзе горад Екацярынбург, з якім звязана актыўная палітычная дзейнасць палымянага рэвалюцыянера, быў перайменаваны ў Свярдлоўск.

Яшчэ пры жыцці пісьменніка Максіма Горкага (1868—1936), які быў у сяброўскіх і сваяцкіх стасунках з Адамам Багдановічам, у яго гонар быў «перахрышчаны» горад Ніжні Ноўгарад, названы самы вялікі самалёт свайго часу. Наступнае трыумфальнае шэсце з наданнем імені пісьменніка разгарнулася па ўсім Савецкім Саюзе, засведчылася ў вялікай колькасці назваў населеных пунктаў і вуліц, адукацыйных, навуковых і культурна-асветніцкіх устаноў.

У пачатку 1990-х гадоў перайменаванне, ужо не такое маштабнае, набыло зваротны характар. Свярдлоўск зноў стаў Екацярынбургам, горад на сутоку Волгі і Акі — Ніжнім Ноўгарадам, а вуліцы М. Горкага ў Мінску было нададзена імя М. Багдановіча.

Асвечаныя адраджэннем

Язэп Дыла пісаў да Адама Багдановіча ў лісце ад 5 верасня 1924 года: «Даю сабе і Вам клятву, што настаю, каб будучым летам перавезці прах Максіма на бацькаўшчыну ў Мінск. Пахаваем мы яго побач з Алесем Бурбісам і Сцяпанам Булатам, з арлом і арлянём беларускага адраджэння, яго, Максіма, нашу светлую “зязюлю” адраджэння…»

Ні клятвам, ні планам не суджана было спраўдзіцца. Алесю Бурбісу быў прысвечаны шэраг некралогаў і артыкулаў, а вось імя Сцяпана Булата паспела трапіць у беларускую літаратуру. Памяці выбітнага грамадскага дзеяча прысвяцілі вершы Янка Купала, Міхась Чарот, Змітрок Бядуля. Паэтыку сну, апрабаваную ў нашаніўскі перыяд творчасці ў неарамантычным і мадэрнісцкім духу, аўтар «Раскіданага гнязда» адаптаваў да новых ідэйна-эстэтычных запатрабаванняў:

На магілцы-валатоўцы

Зарунеюць кветак руні;

Зайдзе сонца, ўзыдзе сонца…

— Сні, таварыш, аб Камуне!

(«На смерць Сцяпана Булата»)

Памяць і пошук

У Мінску ўшанаванне памяці Максіма Багдановіча асабліва ўрачыста праходзіла ў 1922—1923 гадах. Актуалізаваць падзеі мінулага часу нам дапамог артыкул гісторыка Андрэя Максімчыка «Малавядомыя старонкі біяграфіі і дзейнасці прафесара С. З. Кацэнбогена (1889—1946)», змешчаны ў часопісе «Социология» (2017, № 2). Асаблівую ўвагу выклікала наступная інфармацыя: «…на публічным пасяджэнні БДУ, прысвечаным пяцігоддзю з дня смерці М. Багдановіча, выступіў з дакладам аб творчасці паэта і яго значэнні для беларускай літаратуры». Была ўказана і спасылка на крыніцу: артыкул «Па Менску» з газеты «Савецкая Беларусь» ад 25 лістапада 1922 года… І радасна і трохі прыкра ад таго, што імя Саламона Кацэнбогена, аднаго з айцоў-заснавальнікаў універсітэта, не трапіла ў энцыклапедыю «Максім Багдановіч» (2011).

У імкненні выправіць сітуацыю звяртаемся да пажоўклых старонак указанага выдання Усебеларускага выканаўчага камітэта саветаў. Акунаемся ў стыхію таго часу, калі паэты называліся песнярамі, прозвішчы пісаліся варыянтна — Кацэнбоге(і)н, Пя(ія/іа)туховіч, выпрацоўваліся нормы правапісу, буяў энтузіязм нацыянальнага будаўніцтва, а «паэт чыстай красы» бачыўся праз смугу легендарызацыі. Нават у яго імені па бацьку паслядоўна рабілася памылка — не Адамавічам, а Аляксандравічам велічалі аўтара «Вянка» ў вядучым перыядычным выданні.

Газета «Савецкая Беларусь» ад 25 лістапада 1922 года ў рубрыцы «Па Менску» пісала пра «ўрачыстае пасяджэнне ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, ахвярованае памяці беларускага песняра Максіма Багдановіча». (Звернем увагу: мерапрыемства мела прывязку да дня нараджэння, а не смерці.) Пры гэтым не канстатавала падзею, а толькі рэкламавала яе, папярэдне знаёміла з праграмай.

Гартаем далей падшыўку «Савецкай Беларусі». У нумары ад 26 лістапада 1922 года знаходзім допіс пад назвай «Урачыстае пасяджэннне памяці М. Багдановіча» і наступнай інфармацыяй:

«З прычыны трохдзённіка па барацьбе з сухотамі ўрачыстае пасяджэнне ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, пасвячонае памяці беларускага паэта М. Багдановіча, з 26 лістапада пераносіцца на 3 снежня на 5 гадзіну ўвечары».

Урэшце мерапрыемства адбылося. Пра гэта «Савецкая Беларусь» ад 6 снежня 1922 года паведамляла ў змястоўным артыкуле «Вечар памяці беларускага песняра Максіма Багдановіча» (аўтар І. Івашын). Змяніўся склад выступоўцаў, Саламона Кацэнбогена, як гэта было заяўлена раней, сярод іх не было: «У афіцыйнай часціне вечару прынялі ўдзел: рэктар Універсітэту У. І. Пічэта, лектар М. М. Піатуховіч, старшыня Цэнтрабелсаюзу Я. Л. Дыла, беларускі драматург У. Галубок».

Уладзімір Пічэта, гісторык-славіст, першы рэктар БДУ, быў асабіста знаёмы з Максімам Багдановічам. Першая і адзіная іх сустрэча адбылася ў Маскве ў снежні 1915 года. Вядомы дакладны адрас снежаньскага візіту 1915 года студэнта Дзямідаўскага юрыдычнага ліцэя ў Яраслаўлі да прыват-дацэнта Маскоўскага ўніверсітэта: Астожанка, дом 3, кватэра 6. Паэт прасіў вядомага вучонага паспрыяць у напісанні гісторыі

Беларусі, дапамагчы ў справе інфармаванасці сталічнай грамадскасці пра беларускі нацыянальны рух. Пазней пра гэтую сустрэчу У. Пічэта неаднаразова згадваў у сваіх выступленнях і артыкулах.

Асобныя тэзісы Язэпа Дылы і сёння не могуць не прыпыніць увагу даследчыкаў:

«У сваім дакладзе т. Дыла выкладае мала каму вядомыя і вельмі цікавыя звесткі аб творах М. Багдановіча. Ён паведамляе, што большая частка твораў песняра зусім невядома беларускаму грамадзянству, бо дагэтуль не надрукавана»;

«М. Багдановіч надта ўдзячна пераклаў на беларускую мову фінскую народную паэмы “Калевала”, але дзе знаходзіцца гэты пераклад — невядома»;

«Дакладчыку вядомы надзвычайна ўдалыя апрацоўкі твораў М. Багдановіча беларускім кампазытарам К. Галкоўскім, які знаходзіцца ў Вільні».

Даклад Міхаіла Піятуховіча быў пабудаваны на тыпалогіі з творчасцю еўрапейскіх майстроў пяра і мастацкай практыкай імпрэсіяністаў.

Пасля гартання нумароў «Савецкай Беларусі» ўспомніўся дакумент, выяўлены намі раней у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, які нечакана цікавым праменьчыкам падсвечвае мінулы час. На першы погляд, гэта звычайная канцылярская папера. Але ж гэта 1926 год.

На аркушы з вуглавым штампам на чатырох афіцыйных мовах у БССР (беларускай, рускай, яўрэйскай, польскай) змешчана паведамленне Праўлення БДУ ад 7 верасня 1926 года за № 80, што 15—20 верасня склікаецца «Усебеларуская Прыродазнаўчая канферэнцыя, на якую запрашаюцца выкладчыкі прыродазнаўчых навук Рабфакаў, Тэхнікумаў, праф. школ і поўных сямёхгодак». Асабліва звярнула на сябе ўвагу і, як сёння кажуць — усміхнула, прыпіска: «Канферэнцыя працягнецца 5 дзён. Дэлегаты павінны ўзяць з сабой падушку і пасцельныя прылады».

Максім Багдановіч. Яраслаўль, 1915 г.

Калі архівы мералі пудамі

Поспехі нацыянальнага будаўніцтва ў пачатку 1920-х рэгулярна асвятляліся на старонках агульнасаюзнай прэсы. Так, літаратурна-мастацкі часопіс «Красная нива» ў № 12 ад 25 сакавіка 1923 года змясціў артыкул Хрысанфа Херсонскага «Інстытут беларускай культуры», у якім былі прадстаўлены дасягненні і планы названай навуковай установы. Сярод іншага паведамлялася: «Інбелкультам падрыхтаваны для акадэмічнага выдання сачыненні памерлых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія выйдуць упершыню ў свет у поўным зборы. У першую чаргу будуць выдадзены творы Дуніна-Марцінкевіча, Багдановіча, Цёткі, Каганца і Ядвігіна Ш.» Пад тэкстам быў змешчаны візуальны рад: партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа і Змітрака Бядулі.

Маскоўская публікацыя трапіла на вочы Адаму Багдановічу. Узрушаны загадчык навуковай бібліятэкі пры Яраслаўскім гістарычным музеі напісаў аб’ёмісты ліст на адрас Інстытута беларускай культуры. Асноўная сутнасць звароту бацькі «песняра чыстай красы» была выкладзена ў наступных радках: «…у мяне захоўваецца яго архіў і ўсё тое, што мела адносіны да яго асобы і да яго літаратурнай дзейнасці: некалькі дзясяткаў яго вершаў апошняга перыяду, якія нідзе не друкаваліся, чарнавікі амаль усіх яго вершаў і іншых пісанняў, экзэмпляр асобнага выдання яго вершаў (“Вянок”) з яго заўвагамі і праўкамі, адбіткамі яго артыкулаў на рускай мове, яго перапіска і перадсмяротныя лісты да мяне і да таварышаў, яго фатаграфічныя карткі, у тым ліку адна з пазнейшых, беларуская азбука, над якой ён працаваў у апошнія дні свайго жыцця і т. п. Па вазе ўсё ўяўляе значную масу — каля пуда».

Куфэрак з каштоўным начыннем збярогся ў час белагвардзейскага мяцяжу, пажараў у Яраслаўлі 1918 года. (У сталіцы Беларусі меркавалі, што сям’я паэта не ўцалела ў час гэтай узброенай завірухі.) Адам Багдановіч выказаў гатоўнасць перадаць на радзіму ўнікальны сямейны збор, настойваў на сваім асабістым прыездзе з гэтай мэтай у Мінск.

Рызыкнём выказаць катэгарычнае меркаванне: нечаканае аб’яўленне бацькі паэта, перадача ім вялікага архіва прымусіла Інбелкульт не толькі мяняць свае выдавецкія планы, але і карэкціраваць стыль крыніцазнаўчай, навукова-даследчай дзейнасці. Замест аб’яўленага трыумфальнага кніжнага шэсця ў духу «Exegi monumentum» новай эпохі пачалася няспешная, скрупулёзная тэксталагічная праца, стварэнне факталагічна напоўненага жыццяпісу, фіксацыя ўспамінаў людзей з блізкага кола знаёмых аўтара «Вянка» і інш. Таму двухтомнае выданне «Творы М. Багдановіча» (планаваўся яшчэ і трэці том) пабачыла свет аж у 1927—1928 гадах. З заяўленай кагорты пісьменнікаў-класікаў у акадэмічным фармаце была выдадзена ў 1934 годзе толькі творчая спадчына Цёткі (Алаізы Пашкевіч). А ў 1935-м незапланавана дадаўся Паўлюк Трус, заўчасна спачылы пясняр будаўніцтва новай рэспублікі.

Мінскі трыумф

Пасля непрацяглай перапіскі, узгаднення ўсіх абставін перадачы архіва Адам Багдановіч прыязджае ў Мінск. У лісце ад 18 чэрвеня 1923 года ён апісвае свайму сыну Паўлу ўчарысты прыём, арганізаваны ў яго гонар у БДУ: «Мне наладжвалі такія авацыі, што, здавалася, не будзе ім канца. І калі патрэбна было выступаць, то я доўга не мог знайсці голаса: дыханне перахапіла. Яго партрэт быў выстаўлены на эстрадзе. Напісана спецыяльная кантата ў яго гонар, цудоўная і па змесце, і па музыцы. Даклады і прамовы. <…> Агульная выснова ўсіх выступленняў, што Максім — краса і гонар беларускай літаратуры, які пераўзыходзіць сваім значэннем усіх іншых паэтаў».

На ўрачыстасці было прынята рашэнне аб усталяванні памятнай дошкі ў гонар аўтара «Вянка»: «На жаль, пад канец вечар давялося згамтаць: электрычнасць згасла і падпіска на памятную мармуровую дошку на доме, дзе ён нарадзіўся, праводзілася пры лямпах».

Дакумент пад назвай «Падпіска на мармуровую дошку, дзеля азначання дому на Камунальнай вуліцы, дзе радзіўся Максім Багдановіч» сёння захоўваецца ў архіўных зборах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле яго, першымі ўнеслі свае сторублёўкі Аркадзь Смоліч, Адам Багдановіч, Язэп Лёсік, Язэп Дыла і Якуб Колас.

Да бронзавых помнікаў тады яшчэ было далёка, а вось мармуровая памятка заняла сваё годнае месца.

Мікола ТРУС,кандыдат філалагічных навук

Здымкі  з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».