Вы тут

«Нясвіжская фартэцыя», або Назад у мінулае


Складана знайсці чалавека, які б не ведаў пра род Радзівілаў. Яшчэ складаней знайсці тых, хто не чуў пра рэзідэнцыю знакамітай дынастыі — Нясвіжскі замак. Менавіта тут 14—15 жніўня ўпершыню прайшоў фестываль гістарычнай рэканструкцыі, культуры і музыкі XVII—XVIII стагоддзяў і эпохі Сярэднявечча «Нясвіжская фартэцыя».


Падчас турніру.

Горад майстроў

Першымі на фестывалі пачалі працаваць рамесныя рады. Сыраварства, разьба па дрэве, вышыўка… Усяго было арганізавана больш за 15 відаў розных рамесных майстэрняў. Кожны жадаючы мог падысці і паспрабаваць сябе ў любым відзе рамесніцтва, стаць ганчаром або кавалём ці купіць ужо гатовы выраб, каб не вяртацца дадому без сувеніра. Здавалася б, многае з прапанаванага выйшла з моды, як, напрыклад, пляценне лапцей або ткацтва на старадаўніх станках. Але ўсё гэта выклікала такую шчырую цікавасць, што збіраліся цэлыя чэргі.

Побач з рамеснымі радамі таксама адбываліся цікавыя дзеі. Найперш выклікалі велізарнае захапленне ў людзей усіх узростаў вогненныя шоу. У пэўныя моманты станавілася страшна за артыста, які па-майстэрску абыходзіўся з агнём. Нельга не адзначыць намаганні блазнаў, якія адмыслова выконвалі сваю функцыю — забаўляць і не сумаваць. Стаміўся ў майстэрні? Блазны дапамогуць адпачыць.

Ваяры і бітвы

Воіны рэгулярнай арміі, шляхта Бабруйскага павета, шатландскія войскі, крылатыя гусары і не толькі крочылі па Англійскім парку ва ўрачыстым парадзе, які прайшоў ад пачатку парку і аж да сцэны, дзе адбывалася далейшая дзея.

У парадзе прымалі ўдзел аматары ў рэканструяваных касцюмах воінаў розных эпох (Сярэднявечча, XVII—XVIII стст., а таксама XIX стагоддзя). Усё было зроблена з незвычайнай дакладнасцю. Прапрацавалі самыя дробныя дэталі. Рэканструктары адказна падышлі да сваёй справы. Акрамя ваяроў, удзел у парадзе прымала і світа. Дзяўчыны ў прыгожых, вытанчаных сукенках з шыкоўнымі веерамі прыцягвалі ўвагу ўсіх, вылучаючыся на фоне асаністых мужчын у даспехах і форме.

Крыху пазней, у 12:20 на рысталішча (месца правядзенне конных і іншых спаборніцтваў) выйшлі воіны. Першымі на «сцэне» з’явілася шляхта Бабруйскага павета і рэгулярнае войска. У думках многіх гледачоў паўстала цалкам апраўданае пытанне: пры чым тут воіны, калі шляхта — гэта дваранства ВКЛ, а потым і Рэчы Паспалітай? На пытанне далі адказ самі рэканструктары. Шляхта першапачаткова была выключна вайсковым саслоўем і толькі з часам здолела зацвердзіць права на выбарную манархію. У часы войнаў шляхта ператваралася ў дваранскае апалчэнне. Перад паказальнымі выступленнямі падраздзяленняў удзельнікі рэканструкцыі паказалі і расказалі аб усіх элементах абмундзіравання воінаў. Рэгулярным войскам былі прадэманстраваны атакуючыя і абарончыя пастраенні. Усё адбывалася пад гучныя загады галоўнакамандуючага.

Далей на рысталішча выйшлі шатландскія наёмныя ваяры. Для многіх стала навіной тое, што ў свой час шатландскія найміты жылі на тэрыторыі Беларусі. Па словах рэканструктараў, колькасць перасяленцаў налічвала больш за 30 тысяч. Самым вялікім месцам іх рассялення быў горад Слуцк. Шатландцаў ахвотна наймалі ў войска. Каб паказаць, наколькі пяхотнікі па-майстэрску валодалі баявымі навыкамі, арганізатарамі фестывалю была адноўлена бітва пад Алькенікамі, якая адбылася 18 лістапада 1700 года ў часы грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім. Праціўнікамі ў рэканструяванай бітве былі шатландскія наёмныя войскі, якія выступалі на баку ВКЛ, і шляхта Бабруйскага павета, якая выступала на баку Сапегаў.

Пасля шатландская пяхота, застаўшыся на рысталішчы, прадэманстравала ўменне вядзення бою. Былі паказаны баявыя пастраенні, валоданне рознымі відамі зброі, пачынаючы з шаблі і мяча і заканчваючы дзідамі і пісталетамі. Не забылі і пра побыт і культуру шатландскіх воінаў. Звычаі, забавы, музыка і танцы — усё было паказана так, што ўзнікала пачуццё, быццам ты сапраўды перанёсся ў далёкае мінулае.

Не забывалі рэканструктары і пра гледачоў. Напрыклад, паміж двума наведвальнікамі фестывалю было арганізавана спаборніцтва, сутнасць якога — рознымі відамі зброі трапіць у кольца. Змянялася зброя — мяняўся дыяметр кальца на больш вузкі.

Не магла не крануць гледачоў сумная гісторыя каханых, якія не змаглі быць разам. Шатландскага воіна загадаў забіць пакрыўджаны жаніх. На апошнім дыханні пехацінец дабраўся да сваёй любай і аддаў на развітанне кулон з просьбай захаваць яго.

У якасці сваёй каханай шатландскі пехацінец абраў дзяўчыну з наведвальніц фестывалю.

Пасля на рысталішчы прайшоў турнір па шабельным баі. Воіны змагаліся адзін супраць аднаго. І пераможцам станавіўся не той, хто паваліць праціўніка, а той, хто больш спадабаецца гледачу.

У 15:40 пачаўся сярэднявечны блок.

Арганізатары расказвалі аб тактыцы бою і ўзбраенні салдат. Уразілі гледачоў пешыя і конныя рыцарскія турніры. Апошні пачаўся з дэманстрацыі майстэрства на трэнажорах. Напрыклад, на скаку трэба было трапіць дзідай у кольца. Іншае заданне заключалася ў тым, што рыцару было неабходна па чарзе рассячы муляжы сапернікаў у выглядзе капусты, якая знаходзілася па абодва бакі ад рук ваяра, чым ускладнялася задача. Толькі пасля праходжання трэнажорных выпрабаванняў рыцары прыступілі да баёў адзін з адным. Пасля коннага турніру адбылося спаборніцтва лучнікаў.

У 18:30 наведвальнікаў фестывалю перанеслі ў эпоху 1812 года. Былі праведзены паказальныя выступленні, прадэманстраваны ваенныя тактыкі і манеўры. Менавіта перыядам напалеонаўскіх войнаў скончыўся ваенны блок фестывалю.

Між тым недалёка ад рысталішча размясціўся ваенны лагер, у якім атабарыліся воіны. Усё было прадумана да дробязяў: пачынаючы ад таго, як стаяць палаткі і заканчваючы тым, як разводзіцца вогнішча. Усе наведвальнікі маглі прайсці ў лагер, паназіраць за салдацкай жыццём «у полі». Акрамя таго, можна было паесці салдацкай ежы, сфатаграфавацца са зброяй.

Нясвіжскі замак. Сталовая зала.

Баль у Радзівілаў

Радзівілы — найбагацейшы і найзнакаміцейшы род на тэрыторыі Беларусі, вядомы прыгодамі і легендамі.

Не ў апошнюю чаргу ён знакаміты сваімі пышнымі і яркімі балямі. Таму нядзіўна, што баль у Радзівілаў адбыўся і на фестывалі гістарычнай рэканструкцыі «Нясвіжская фартэцыя». Ён быў дадзены ў двары Нясвіжскага замка ў 17:00. Гаспадары, выступіўшы з прывітальным словам, сустракалі гасцей з розных частак Беларусі. Усе былі апрануты ў касцюмы радзівілаўскай эпохі. Праз стагоддзі баль захаваў свае правілы і звычаі, у тым ліку паслядоўнасць танцаў. Першым быў «Паланэз», які ў выкананні больш за сотні пар глядзеўся надзвычай маляўніча.

Атмасфера, якая панавала вакол, дазволіла адчуць сябе нібыта ў казцы. Выдатныя касцюмы, прыгожая архітэктура замка, жывая музыка — усё гэта выклікала пачуццё нерэальнасці таго, што адбываецца. Не было адчужанасці і пачуцця, што глядзіш на баль, знаходзячыся ў XXI стагоддзі. Разам з удзельнікамі наведвальнікі перанесліся на стагоддзі таму.

Баль у двары Нясвіжскага замка.

Гучала музыка...

На працягу ўсяго фестывалю, у перапынках паміж бітвамі гучала музыка выканаўцаў сярэднявечных песень розных часавых адрэзкаў. Таксама ў завяршэнні першага дня фестывалю выступалі некаторыя музычныя групы і творчыя калектывы з розных куткоў Беларусі.

Перад пачаткам баявых дзеянняў на рысталішчы на сцэну выйшла група «Хмельны Вір», якая сваёй энергіяй заразіла ўсіх слухачоў. Музыкі не проста выконвалі сярэднявечную музыку, але і распавядалі аб інструментах, на якіх яны ігралі.

«NEVRIDA» — яшчэ адна музычная група. У рэпертуары калектыву песні на розных мовах: беларускай, рускай, англійскай і башкірскай. Стыль — «лютая эклектыка».

«Cool Kids» — гэта першая і адзіная ў Віцебску студыя навучання работы з рэквізітам flow art і светлавым рэквізітам для дарослых і дзяцей. Неверагодную энергію калектыву можна было адчуць у поўнай меры.

14 жніўня фестываль быў завершаны выступленнем каманды «KETRI». Гэта этнатэатр танца, музыкі і агню. У іх стылі — этнапластыцы — спалучаюцца розныя культуры: афра, усход, шаманскія і славянскія традыцыі і многае іншае.  

* * *

Другі дзень фестывалю быў насычаны сярэднявечнымі тактычнымі бугуртамі (рыцарскія турніры, падчас якіх змагаліся дзве групы рыцараў, узброеныя затупленай зброяй) і сярэднявечнымі тактычнымі гульнямі, паказальнымі выступленнямі воінаў XVII—XVIII стагоддзяў і шатландскай пяхоты... Усяго не пералічыць!

Алеся ЧАЧУРА, студэнтка журфака БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».