Вы тут

Выйграць каня і адрадзіць традыцыі. У Зэльве прайшоў трохсотгадовы «Ганненскі кірмаш»


На гэтых выходных у Зэльве, што на Гродзеншчыне, разгарнуўся маштабны і святочны Ганненскі кірмаш. Гарадок шумеў ад світання да заходу і, здаецца, даўно не прымаў такой вялікай колькасці гасцей. Мы таксама вырашылі туды з’ездзіць, каб пракаціцца на брычцы і выйграць у конкурсе каня.


Адразу скажу, што конь дастаўся не нам, і ці быў разыграны ў конкурсе менавіта ён, мы так і не даведаліся. Затое на сярэднявечнай карэце пакатацца ўдалося. Але да чаго я адразу пра коней? Адкрыйце пошукавік і ўвядзіце слова «Зэльва», вы ўбачыце, што на гербе горада размяшчаецца менавіта гэтая жывёла. Справа ў тым, што Зэльва стагоддзе таму славілася на ўсю Еўропу сваім конным кірмашом, адным з найбуйнейшых у Еўропе, які лічыўся другім пасля Дрэздэна.

Пра гэта, дарэчы, расказвалі байкі рыцары, якія прыехалі на фестываль «Легендарныя эпохі», што размясціўся каля старога млына. Яны і паведамілі, што ў княстве нельга было прадаваць коней за межы дзяржавы, бо жывёлы лічыліся яе багаццем. Былі часы, калі за добрага каня давалі тры вёскі з насельніцтвам, таму, напрыклад, быць коннымі рыцарамі маглі толькі заможныя людзі.

А ў цэнтральным скверы Зэльвы, як сімвал пасёлка, размяшчаецца малады жарабец. Пагладзіць яго на ўдачу, залезці і сфатаграфавацца было часткай абавязковага знаходжання на Ганненскім кірмашы.

Сам ён пачаўся яшчэ ў пятніцу, на Зэльвенскім вадасховішчы. Там жа прайшоў конкурс рыбаловаў, а затым была адзначана самая смачная юшка і стравы з рыбы. Праходзіў конкурс «Заплыў на абы-чым», які здзівіў сваімі плавальнымі сродкамі. У ім, дарэчы, паўдзельнічалі і госці з суседніх раёнаў — прыязджалі са Шчучынскага і Свіслацкага.

У гэты ж дзень прайшоў фестываль фарбаў «Color FEST», а пасля ўзнагароджання пераможцаў для гледачоў выступілі артысты з Гродзенскай філармоніі. Завяршылася ўсё святочнай дыскатэкай, якая шумела да глыбокай ночы.

Субота была самай насычанай, бо ў гэты дзень Ганненскі кірмаш разгарнуўся адразу на некалькіх пляцоўках. Цэнтральнай, дзе праходзілі кірмашовыя конкурсы. Фестывальнай, дзе выступалі вайскоўцы розных эпох. Майстравай, дзе спаборнічалі лесарубы, і рамеснай, дзе ў адкрытым конкурсе-пленэры «Саламяны дуэт» спаборнічалі майстрыхі, якія плятуць свае вырабы з саломкі. А яшчэ гандлёвай, выставачнай, сельскагаспадарчай, дзіцячай і цэнтральнай...

— Кірмаш — гэта цэлая падзея ў жыцці Зэльвы, гэта дзейства і відовішча. Мы збіраемся захаваць традыцыю, якой больш за дзвесце гадоў, бо менавіта столькі гэтымі землямі валодаў магнат Сапега, па ініцыятыве якога на правядзенне таргоў быў атрыманы прывілей. У той час кірмаш доўжыўся цэлы месяц, таму падзея лічыцца не проста таргамі, а асаблівым станам душы цэлага населенага пункта. Тыя, хто прыязджаў на кірмаш, павінен быў дзесьці жыць цягам месяца і ўвесь час дзесьці харчавацца, адпаведна для гэтага ствараліся ўсе ўмовы, — распавялі ў Зэльвенскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

У параўнанні з мінулымі гадамі, гэтым разам на Ганненскім кірмашы сабралася сапраўды шмат гасцей. На працягу ўсёй суботы ў цэнтры было не праціснуцца.

Падзея сапраўды аказалася грандыёзнай, а ідэя захаваць гісторыка-культурную спадчыну Зэльвенскага краю праз традыцыйны кірмаш — вельмі ўдалай. Робім адзнаку як абавязковую падзею для наведвання.


Дарэчы

«Ганненскі кірмаш» носіць сваю назву ў гонар святой Ганны, якая з’яўляецца заступніцай шлюбу, беднякоў, работнікаў, хатніх гаспадынь, чырванадрэўшчыкаў, мельнікаў, ткачоў, булачнікаў і парадзіх.

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?