Вы тут

Каранік: Фаст-фуд у выглядзе блогерства не кожнаму даспадобы...


Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік сустрэўся з журналістамі Гродзенскага рэгіёна падчас дыялогавай пляцоўкі ў Свіслацкім раёне.


Сустрэча прайшла ў нефармальный абстаноўцы, пад адкрытым небам у турыстычна-гасцінічным комплексе «Жаркаўшчына», што на тэрыторыі Белавежскай пушчы. У размове з журналістамі прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Не абыходзіць праблемы

На думку старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка, рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі ў сучасных умовах варта зрабіць акцэнт на аналітычныя матэрыялы, агляды, абмеркаванне перспектыў грамадства. Разам з тым нельга абыходзіць і тыя праблемы, якія існуюць і патрабуюць вырашэння. Пры гэтым неабходна падыходзіць да іх асвятлення ў прэсе шматбакова.

—  Што датычыцца рэгіянальнай прэсы, тут важна друкаваць матэрыялы, якіх няма больш нідзе. Калі журналісты правядуць нейкае сваё расследаванне, і праблема дзякуючы яму вырашыцца, гэта будзе добрым стымулам для зваротаў. Ні ў якім разе не варта забываць і аб адказнасці, якая ляжыць на журналістах у такіх выпадках.

Менавіта гэты падыход дазволіць рэгіянальнам газетам вытрымліваць канкурэнцыю з электроннымі СМІ. Разам з тым работа рэдакцый не павінна абмяжоўвацца толькі рамкамі друкаванай версіі, неабходна больш актыўна выходзіць у сацыяльныя сеткі, асабліва з аператыўнай інфармацыяй. Ад гэтага залежыць і рэйтынг выдання.

Хто робіць «імя» на негатыве

Удзельнікі прэс-тура пацікавіліся ў спікераў, як яны расцэньваюць неабходнасць прафесійнай адукацыі ў журналістаў. Маўляў, многія лічаць, што на журналіста нават не трэба вучыцца. Зарэгістраваўся ў сацыяльных сетках, пішаш пасты, вядзеш прамыя эфіры ў «Інстаграм», і ты ўжо прафесіянал.

— На мой погляд, журналістыка патрабуе прызвання і выдатнай падрыхтоўкі. Не кожнаму даспадобы «фаст-фуд» у выглядзе блогерства. Людзі хочуць «харчавацца» якаснай ежай, — заўважыў Уладзімір Каранік.

Падзеі мінулага года выявілі сапраўдных асоб, у тым ліку і журналістаў. Іх праца, як нікога іншага, знаходзіцца ў поле зроку грамадскасці. Па словах кіраўніка рэгіёна, у кожнай прафесіі ёсць выпадковыя людзі, якія ў спакойныя часы сябе ніяк не праяўляюць, а ў перыяд пэўных выпрабаванняў пачынаюць «геройстваваць». Таму на любым прадпрыемстве ці ў арганізацыі вельмі важная роля кіраўніка. Бо людзі глядзяць на свайго лідара і ідуць за ім. Задача ў тым, каб абараніцца менавіта ад выпадковых кіраўнікоў і працаваць у спакойным рэжыме.

У топе — тэма патрыятызму

СМІ ў гэтым сэнсе могуць стаць адным з рухавікоў важнага выхаваўчага працэсу, зазначыў Віктар Пранюк. Журналісты могуць вывучаць розны вопыт, у тым ліку і негатыўны. Некаторыя арганізацыі фармальна ставяцца да гэтай работы, перакладаюць усю адказнасць, напрыклад, на сістэму адукацыі. Але трэба і дарослае пакаленне вучыць. Праз СМІ ўлады могуць убачыць тэндэнцыі грамадства ў гэтым кірунку і выпрацаваць свой падыход да патрыятычнага руху.

Не апошняе месца ў тэме патрыятызму займае і стварэнне камфортных умоў пражывання, паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. А гэта і добрыя дарогі, і ўзровень заработнай платы, і мінімальны сэрвіс паблізу пражывання. Асабліва гэты датычыць маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у сельскія населеныя пункты. Па словах Уладзіміра Караніка, зараз у дарожную інфраструктуру і добраўпарадкаванне раённых гарадоў укладваюцца значныя сродкі. І калі чалавек працуе механізатарам, мае свае жыллё, добраўпарадкаваны дом, наўрад ці ён з’едзе ў горад, дзе ў яго большая частка зарплаты пойдзе на аплату здымнай кватэры. Наўрад ці яго задаволіць і пражыванне ў інтэрнаце. Таму моладзі варта задумацца: ці ёсць сэнс з’язджаць з сельскай мясцовасці?

Падтрымаць ініцыятыву

Адным з момантаў патрыятычнага выхавання, лічаць прадстаўнікі ўлады, можа стаць рэалізацыя праектаў з фонду падтрымкі грамадскіх і маладзёжных ініцыятыў. Дарэчы, ідэя ўзнікла летась падчас работы адной з дыялогавых пляцовак. Зараз у аблвыканкаме ідзе работа па распрацоўцы нарматыўнай базы. Мяркуецца, што на будучы год у бюджэт будуць закладзены сродкі, якія пойдуць на гранты заявак, што перамогуць у конкурсным адборы. Па словах Уладзіміра Караніка, такія праекты — важны крок да дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

— Напрыклад, жыхары хочуць прывесці ў парадак сваю прыдомавую тэрыторыю, зрабіць дзіцячую альбо спартыўную пляцоўку, адрамантаваць дарогу ў катэджны пасёлак. Людзі самі гатовы ўключыцца ў работу, а ўлады, напрыклад, могуць дапамагчы бетонам, закупіць неабходны інвентар. Калі ў навядзенні парадку будуць задзейнічаны грошы саміх жыхароў, яны будуць адносіцца да сваіх дваровых тэрыторый больш ашчадна. Гэта таксама можна лічыць патрыятычным выхаваннем.

У сваю чаргу, улады ідуць насустрач пажаданням насельніцтва і ўжо ў будучым годзе ў Гродне пачнецца будаўніцтва шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу. Зараз рыхтуецца эскізны праект. Новы спартыўны цэнтр дазволіць праводзіць міжнародныя сустрэчы па бакетболе, валейболе, міні-футболе, гандболе. Вызначана і месца — пляцоўка на ўездзе ў горад, побач з развязкай на новы Усходні мост. Па словах губернатара, гэта будзе аб’ект з сучасных канструкцый — металічных каркасаў і сэндвіч-панэляў, з дастатковым ацяпленнем. Папярэдні каштарыс складае 12–13 млн рублёў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.