Вы тут

Купалле з працягам


Спачатку традыцыі Купалля ажылі для беларусаў Даўгаўпілса ды іх сяброў у адным з музейных дворыкаў горада. Потым дэлегацыя беларусаў Латвіі ўпершыню пабывала ў Купальскую пару і на Бацькаўшчыне: у Магілёве, пры Дняпры, у Александрыі.


Ох, і смачны Купальскі напой!

У музейным дворыку

Купальская пара заўсёды насычаная падзеямі для беларусаў Даўгаўпілса. І рыхтуемся мы да вялікага народнага свята заўсёды загадзя. Вось і сёлета змаглі адзначыць яго належным чынам. 9 ліпеня 2021 года ў нас прайшоў святочны канцэрт "Беларускае Купалле": яго зладзілі супольна Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК), Упраўленне культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і Даўгаўпілскі краязнаўчы й мастацкі музей. А прадоўжылася штогадовая Купальская традыцыя гэтым разам ва ўнутраным дворыку згаданага музея.

Усё там стварала непаўторную святочную атмасферу. Мы ўпрыгожылі сцэну ў Купальскіх матывах, выкакрыстоўваючы адпаведную стылістыку. Было стылізаванае вогнішча перад ёй. Для гледачоў, гасцей імпрэзы падрыхтавалі сталы з майстар-класам — паказвалі, як складваць Купальскія букеты з лугавых траў, рабіць абярэгі з прыродных матэрыялаў. Быў на стале і чароўны Купальскі напой, згатаваны на травах ды з і мёдам. Да таго ж ахвочыя маглі сфатаграфавацца ў Купальскім коле выканання жаданняў. І была гэта, дарэчы, першая ў гэтым годзе публічная імпрэза нашага цэнтра. Старт ёй далі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць, нагадалі ўсім пра сакральную сілу Купалля ды спалучаныя з ім народныя традыцыі беларусаў.

Ансамбль народнай песні "Купалінка" (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) беларускай карагоднай ды вясёлай латгальскай народнай песнямі задаў дынамічны тон святочнаму канцэрту. Танцавальны ансамбль "Лянок" (мастацкая кіраўніца Марына Медунецкая) гэтак станчыў "Польку", "Карапет" і "Канюшыну", што зайграла сцэна рэхам. Дзяўчаты з вакальнага ансамбля "Пралескі" (мастацкая кіраўніца Настасся Лукашэнак) вельмі кранальна спявалі Купальскія песні, да таго ж паказалі міні-дзею са звітымі з Купальскіх траў вяночкамі. А харавой капэле "Спадчына" (мастацкая кіраўніца Яніна Юзэфовіч) падпявалі, дружна пляскалі ўсе гледачы. Паэт Станіслаў Валодзька здзівіў незвычайным, прама "рэперскім" стылем прачытання верша "На Івана, на Купалу", я ж у ролі Зельніцы дзялілася сакрэтамі чароўных Купальскіх траў — і некаторыя гледачы пасля прасілі даць ім тых зёлкаў.

Вядучыя "Беларускага Купалля" — Ясь (Уладзімір Стасевіч) ды Яніна (Алена Радзівонава) — гарманічна спалучалі святочныя нумары. Ірына Апэйнанэ й Дагнія Ліцвіноўская паклапаціліся пра тое, каб выконваліся меры бяспекі, звязаныя з каронавіруснай пандэміяй. А валанцёр Ілона Раманоўская шчодра частавала ўсіх духмянай гарбатай, дапамагала рабіць-майстраваць абярэгі. Адно слова: талака!

Вось у такім фармаце здолелі мы адсвяткаваць Купалле-2021. Ёсць вынік, ён атрымаўся вельмі станоўчы й пазітыўны, і гэта галоўнае. Цэнтр беларускай культуры выказвае словы падзякі за падтрымку Упраўленню культуры Даўгаўпілскай гарадской думы, Даўгаўпілскаму краязнаўчаму й мастацкаму музею, Паліцыі самакіравання. А таксама ўсім артыстам і гледачам, даўгаўпілскім і латвійскім СМІ, хто паспрыяў нашаму Купаллю, розгаласу пра яго. Мы радыя, што асвяціліся Купальскім агнём, і маем надзею на вяртанне ўсіх нашых імпрэзаў у звыклыя фарматы: без абмежаванняў.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры

Купальскі вянок яднае аднадумцаў

"Традыцыі, якія пакінулі нам гэтыя слаўныя, мудрыя і моцныя людзі тысячу гадоў таму, фактычна сталі часткай нашай культуры, леглі ў аснову сучаснага ладу жыцця. У іх ёсць усё, што сёння паядноўвае нас, беларусаў, як народ. Гэта сакральныя веды аб прыродных стыхіях, гаючых травах і абярэгах. Веды, якія вучаць любіць прыроду, шанаваць яе дары і берагчы прыгажосць. Гэта сувязь язычніцкіх абрадаў і хрысціянскіх сімвалаў, якая стала асновай верацярпімасці і талерантнасці. Гэта вытокі нашай адданасці традыцыйным каштоўнасцям, галоўныя з якіх — сям'я, клопат пра дзяцей, павага да старэйшых пакаленняў. Вось адкуль наш характар, нашы звычаі, нашы традыцыі — адтуль, з глыбінь тысячагоддзяў".

З выступлення Аляксандра Лукашэнкі на Купаллі ў Александрыі

Беларусы Латвіі ў Магілёве

Сёлета здзейснілася цудоўная мара беларускіх актывістаў з некаторых гарадоў Латвіі: амаль за два гады першая дэлегацыя суайчыннікаў з суседняй краіны трапіла ў Беларусь. З Рыгі, Даўгаўпілса, Ліепаі ды Екабпілса былі яны на свя­це "Купалле" ў аграгарадку Александрыя: у Шклоўскім раёне Магілёўшчыны. Гэта, як вядома, самае грандыёзнае народнае свята ўлетку ў Беларусі. Мы ўсе чулі, што ў Купальскую пару здараюцца розныя дзівосы. І адным з іх, мяркуе Валерый Амбросаў з Даўгаўпілса, стала падарожжа латвійскіх беларусаў на Бацькаўшчыну.

Купальскім цудам было тое, што патрапілі мы 10 чэрвеня ў Александрыю. Цяпер усюды ёсць абмежаванні з-за кавіду, і выехаць за мяжу — справа няпростая. Ініцыяваў паездку Генконсул Беларусі ў Даўгаўпілсе Ілья Лапуць. Дзякуючы ініцыятыве Ільі Віктаравіча мы й змаглі пабачыць на свае вочы незабыўны народны фэст.

Купалле пад дэвізам "Александрыя збірае сяброў" стала явай у 2010 годзе, з часам фэст набыў міжнароднае прызнанне, і летась прайшоў пад патранатам ЮНЕСКА. На сёлетнім фэсце асноўнай аб'яднальнай ідэяй стаў ручнік: ён сімвалізаваў адзінства народа Беларусі. А сёлета ж на Бацькаўшчыне — Год народнага адзінства.

Спыніліся мы ў Магілёве, а на фэст у Александрыю прыехалі на цягніку. Па дарозе з вакзала да месца святочных дзей змаглі ацаніць грандыёзны маштаб свята, пабачыць гурмы ягоных прыхільнікаў. Уздоўж Дняпра — сотні розных шатроў, намётаў, інфастэндаў. Тысячы і тысячы гасцей шпацыруюць між радоў, аглядаюць разнастайную прадукцыю, частуюцца як традыцыйнымі беларускімі стравамі на аснове бульбы (дранікі, калдуны, клёцкі...), так і піцай ды лазанняй на аснове той жа бульбы.

На малой канцэртнай сцэне ідзе канцэрт у рэжыме "нон-стоп". Усе радуюцца-весяляцца. З палаткі "Белпошты" кожны мог адправіць бясплатна тут жа вырабленую паштоўкі па ўсёй Беларусі.

Святочны пошум фэсту не сціхаў, калі пачаўся канцэрт на галоўнай сцэне. Святочную праграму адкрыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свята ў Александрыі — добрая нагода сустрэцца з роднымі, сябрамі, аддаць даніну павагі звычаям і традыцыям продкаў. Тэма ж канцэрта як бы вяртала нас у часы, калі актуальнымі былі канцэрты па заяўках. На гіганцкай сцэне, абсталяванай вадкакрысталічнымі панэлямі, бачылі мы тых, хто змог выказаць свае пажаданні. Пасля канцэрта грымеў шыкоўны, працяглы салют, потым пачалася дыскатэка — усе танчылі пад папулярныя мелодыі мінулага й цяперашняга часу. І вярнуцца са свята было нескладана: цягнікі хадзілі да Магілёва ўсю ноч, ад вакзала курсіраваў грамадскі транспарт. Так што свята ў Александрыі пакінула самыя выдатныя і незабыўныя ўражанні.

Валерый Амбросаў, сябар праўлення таварыства "Уздым"    

На Купальскім свяце пры Дняпры, на малой радзіме Прэзідэнта Беларусі пабывала ў ліку іншых і Лілія Воранава з Даўгаўпілса. Потым расказвала сябрам, што Купалле ў Александрыі нібы вяртае ўсіх нас да сваіх вытокаў.

Ад Беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" мне пашчасціла пабываць у складзе дэлегацыі ад Латвіі (усяго было 11 чалавек) на свяце у Александрыі. Маштабныя гулянні праходзяць штогод на беразе Дняпра і ля моста, які злучае Александрыю і Копысь, да таго ж Магілёўскую і Віцебскую вобласці. На шматлікіх сцэнах адначасова ідуць канцэрты, розныя тэатралізаваныя прадстаўленні, конкурсы, выставы.

Мы самі пабачылі: Александрыя на Купалле сабрала столькі сяброў! А гэта ж лепшае сведчанне моцы й прыгажосці Бацькаўшчыны. Скажу шчыра: многа дзе я бывала, і на розных святах, але такой масавасці, непаўторнага каларыту, прыгажосці яшчэ не бачыла. Праграма фестывалю яднае ў сабе маштабную выставу народных дасягненняў, яркую канцэртную праграму і, вядома ж, старадаўнія традыцыі, якія даюць дзівосную падсветку і на творчасць майстроў, і на ўсю атмасферу свята, настроі гасцей.

Асэнсоўваючы, перажываючы ўбачанае, разважаю: як здорава, што ўсё гэта ёсць! Можна прыехаць — і акунуцца ў чыстыя крыніцы народнай творчасці. У наш час, калі знясільвае гонка за матэрыяльнымі дабротамі, калі падкочваецца бесперапынна шэраг праблем (часта й надуманых), так важна бывае сказаць сабе: "Хопіць!" І вярнуцца да сваіх вытокаў, прыехаць на зямлю, дзе зрабіў ты першыя крокі. Так проста гэта: праз успаміны з маленства, з усмешкай аглядаючы той бестурботны час — нібы памаладзець. Адчуць у душы гучанне Радасці. Гледзячы на ўсю гэтую прыгажосць, усведамляеш, наколькі багатая наша зямля талентамі. Гэта сапраўдныя майстры, якія тэхналогіі ранейшыя збераглі, да таго ж перадаюць сваё ўмельства й веды маладзейшым. Так што ўсім раю фэст "Александрыя збірае сяброў" наведаць, а як будзеце там, то заставайцеся ў святочнай плыні як мага даўжэй, бо кульмінацыяй свята нязменна становіцца гала-канцэрт.

Нашы словы падзякі адрасуем Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе, якое зладзіла гэтую цудоўную паездку, і асабліва Генеральнаму консулу Ільі Лапуцю, які ў гэты праект уклаў часцінку сваёй вялікай душы.

Лілія Воранава, сяброўка праўлення таварыства "Уздым".

Фота аўтара.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.