Вы тут

Усім у дапамогу нітратамер


Існуе меркаванне, што ўсё, што вырасла «на сваім агародзе», не ўтрымлівае нітратаў, бо ўласнік не выкарыстоўвае ўсялякія агрэсіўныя ўзмацняльнікі росту гародніны і садавіны. Але, аказваецца, нітраты — усюдыісныя, яны ёсць і ў вадзе, і ў ежы. Пытанне ў тым, колькі іх там. І гэта можна праверыць.


Сёлета РУП БелНДЦ «Экалогія» прапанавала новую паслугу — «Экспрэс-тэст на ўтрыманне нітратаў у прадуктах харчавання, вымярэнне жорсткасці вады», якая ўжо карыстаецца добрым попытам у прыватных асоб.

Нітраты, або як іх яшчэ называюць, солі азотнай кіслаты, утрымліваюцца ў любых прадуктах, вадзе і нават арганізме чалавека. Для здароўя чалавека небяспечная менавіта іх павышаная канцэнтрацыя, якая нярэдка сустракаецца ў прадуктах харчавання. Млоснасць, дыхавіца, слабасць — самыя распаўсюджаныя сімптомы атручэння нітратамі. Гэта небяспечны стан, які ў далейшым можа прывесці да змен у нервовай і сасудзістай сістэмах. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўстанавіла нормы ўтрымання нітратаў у прадуктах, але выконваюцца яны не заўсёды. Вось чаму важна ведаць, колькі нітратаў змяшчаецца ў тых ці іншых прадуктах.

Акрамя тэсціравання на нітраты, спецыялісты БелНДЦ «Экалогія» могуць ажыццявіць праверку жорсткасці вады і радыяцыйнага фону прадметаў.

Для атрымання неабходнай паслугі трэба запоўніць заяўку на сайце www.ecoіnfo.by. Спецыялісты могуць выехаць на месца альбо правесці ўсе замеры ў офісе навукова-даследчага цэнтра.

БелНДЦ «Экалогія» прымяняе прыбор «Greentest 3» — нітратамер і вымяральнік жосткасці вады, які атрымаў прызнанне і ўзнагароды на замежных выстаўках, мае дэкларацыю аб адпаведнасці.

Аднак важна падкрэсліць: справаздача аб тым, што ў прадстаўленым узоры, напрыклад, бульбы, узровень утрымання нітратаў не перавышаны, падыходзіць толькі для патрэб дамашняй гаспадаркі. То-бок, калі чалавек плануе прадаваць тую самую бульбу на базары, трэба будзе атрымаць адпаведны пакет дакументаў.

Але вернемся да пачатку нашай публікацыі. Як запэўніваюць спецыялісты, тое, што чалавек на сваім агародзе не выкарыстоўвае ніякіх хімічных угнаенняў, на жаль, не гарантуе адсутнасці перавышанага ўтрымання нітратаў у атрыманым ураджаі. Таму лепш падстрахавацца і праверыць. Тым больш цэны цалкам даступныя. Поўная праверка для фізічнай асобы, гэта значыць па трох параметрах: нітраты, жорсткасць вады і радыяцыйны фон — 35 рублёў, з улікам кошту выезду спецыяліста — 45 рублёў, адзін параметр — 15 і 20 рублёў адпаведна. Для юрыдычных асоб паслугі на 5-10 рублёў даражэйшыя. Скажам, калі садовае таварыства вырашыць праверыць жорсткасць вады, гэта абыдзецца ў 24 рублі без уліку выезду спецыяліста.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?