Вы тут

Чым багатая Беларусь: рэсурсы роднай зямлі


«Здабыча нафты і іншых карысных выкапняў» — такой тэме была прысвечана прэс-канферэнцыя, арганізаваная мультымедыйным цэнтрам Sputnіk. Спецыялісты адказалі на пытанні пра навуковыя даследаванні, павелічэнне здабычы нафты ў 1,5 раза, неразведаныя рэсурсы Беларусі і экспартныя перспектывы.


Фота Андрэя Феакцістава.

Спрэчкі вакол нафты

Нядаўна ў Беларусі было прынята рашэнне аб павелічэнні ўласнай здабычы нафты ў 1,5 раза. Ці магчыма гэта? Алена БІБІКАВА, начальнік аддзела РУП «Навукова-вытворчы цэнтр геалогіі», паведаміла, што цяпер прадпрыемства вядзе маштабны праект, разлічаны на 2021-2025 гады, з мэтай пошуку новых перспектыўных радовішчаў. Яна лічыць, што «Прыпяцкі прагін» — тэрыторыя перспектыўная. Там радовішчы ўжо былі адкрыты і перададзены прадпрыемству «Беларуснафта» для распрацоўкі.

«Запасы нафты складаюць каля 44 мільёнаў тон. Павелічэнне запасаў можа адбыцца за кошт увядзення ў эксплуатацыю новых плошчаў; распрацоўкі новых і ўдасканалення старых тэхналогій на ўжо знойдзеных радовішчах», — распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Алег МОХ.

Між тым, загадчык лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, кандыдат геолага-мінералагічных навук Яраслаў ГРЫБІК лічыць, што павелічэнне ўласнай здабычы нафты ў 1,5 раза — задача невыканальная. «Тут ёсць некаторая блытаніна ў аб'ёмах здабычы і прыросце запасаў. У 1975 годзе было 8 млн тон здабычы нафты. У далейшым пайшло падзенне. 1,7 млн тон — гэта тое, што мы сёння здабываем». На думку прадстаўніка НАН Беларусі, у найбліжэйшы час павелічэнне здабычы нафты можа скласці 20-30 тысяч тон.

Апаненты Яраслава Грыбіка мяркуюць, што новыя сучасныя методыкі пошуку дазволяць больш дэталёва вывучыць нетры, выведаць радовішча і павялічыць здабычу. У прыватнасці, яны спасылаліся на вопыт В'етнама і Украіны — там выявілі вялікія залежы нафты ў месцах, дзе яе быць не павінна. Таму і беларускія спецыялісты звязваюць свае надзеі з выяўленнем прыкмет глыбіннай нафты, нават акрэслены часавы адрэзак — канец 2025 года.

Намеснік дырэктара РУП «Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр» Аляксей ВАЎРЫШ нагадаў, што ў Дзяржаўным кадастры нетраў улічана 98 аб'ектаў, уключаючы 88 радовішчаў, плюс яшчэ 10 нафтаперспектыўчых структур, якія ў будучыні могуць даць прыток нафты і будуць пераведзены ў ранг радовішчаў.

Газ ёсць, але мала

За апошнія пяць гадоў НПЦ па геалогіі былі адкрытыя чатыры радовішчы прыроднага газу. «Напрыклад, на Мазырскім радовішчы выманыя запасы склалі 23,7 млн кубаметраў, на Паўднёва-Шацілаўскім радовішчы — 1,3 млн кубаметраў. Гэта значыць яны невялікія. Газ у нас ёсць, але не ў вялікай колькасці», — паведаміла Алена Бібікава.

Экспартны патэнцыял

«У нас стратэгічная сыравіна пасля нафты — гэта калійныя солі, іх запасы велізарныя, і асноўны аб'ём мы вывозім», — адзначыў Алег Мох.

На сёняшні дзень запасамі калійных соляў наша краіна забяспечана на больш як 50 гадоў. Гэтыя запасы рэнтабельныя, даюць добры прыбытак.

«Акрамя стратэгічных карысных выкапняў, у нас ёсць каля 20-25 відаў іншых: гэта будаўнічыя матэрыялы, кварцавыя пяскі, даламіты, сапрапелы, торф. Значная колькасць і падземных водаў: ёсць разнастайнасць падземных як прэсных водаў, так і мінеральных, і іх запасы значныя», — запэўніў прадстаўнік Мінпрыроды.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».