Вы тут

Новы заказнік на Палессі: быць ці не?


Меркаваная тэрыторыя заказніка знаходзіцца ў межах Столінскага раёна Брэсцкай вобласці і займае паўночна-ўсходнюю частку леса-балотнага масіву ў басейне ракі Льва. З поўдня заказнік будзе прымыкаць да рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты».


Аб'яўленне поймы ракі Львы асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй (ААПТ) праводзіцца ў адпаведнасці з Рэгіянальнай схемай рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый мясцовага значэння да 1 студзеня 2024 года, зацверджанай рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад 20 снежня 2013 года, а таксама ў рамках выканання комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Схемы нацыянальнай экалагічнай сеткі, зацверджанай урадам.

Пойма Львы з'яўляецца аб'ектам міжнароднай экалагічнай сеткі ахоўных прыродных тэрыторый «Ізумрудная сетка», а таксама адным з перспектыўных аб'ектаў фарміравання сеткі беларуска-ўкраінскіх прыродаахоўных тэрыторый. Пры праектаванні граніц ААПТ улічваліся і эканамічныя інтарэсы мясцовых землекарыстальнікаў.

Даследаваўшы пойму Львы, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Дзмітрый Грумо вызначыў, што ваколіцы ракі з'яўляюцца асяроддзем існавання для 22 відаў жывёлін, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Усяго на тэрыторыі поймы Львы было выяўлена 49 відаў млекакормячых, 101 від птушак, 9 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў і 17 відаў рыб. Падчас экспедыцый навуковец выявіў папуляцыі 3 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу: сальвінію плывучую (дробная папараць, якая плавае на паверхні вадаёмаў), балотныя фіялкі і белыя гарлачыкі. У пойме ракі таксама растуць 20 відаў дзікарослых раслін і грыбоў, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.

Дзмітрый Грумо лічыць, што стварэнне заказніка «Пойма Львы» неабходнае для падтрымання біялагічнай разнастайнасці, захавання і аховы месцаў росту і існавання флоры і фаўны водна-балотных угоддзяў.

Стварэнне заказніка выклікала неадназначную рэакцыю ў мясцовых жыхароў, у сувязі з чым супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі, спецыялісты Столінскага райвыканкама, грамадскія арганізацыі праводзяць сходы грамадзян, на якіх абмяркоўваецца актуальнае пытанне.

Між тым, землі па заканадаўстве будуць замацаваныя за цяперашнімі землеўладальнікамі і землекарыстальнікамі, таму стварэнне ААПТ не акажа істотнага ўплыву на існуючую сістэму гаспадарання Столінскага раёна.

У межах асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі будуць дазволены ўсе віды традыцыйнай сельскагаспадарчай дзейнасці. Мясцовыя жыхары па-ранейшаму будуць мець магчымасць збіраць на тэрыторыі заказніка грыбы і ягады, займацца паляваннем (згодна з парадкам, што рэгулюецца заканадаўствам) і ўсімі відамі аматарскай лоўлі рыбы.

Акрамя таго, новая ААПТ будзе спрыяць развіццю экалагічнага турызму і стварэнню новых рабочых месцаў.

Кропка ў гэтай гісторыі не пастаўлена: абмеркаванні па стварэнні ААПТ «Пойма Львы» на тэрыторыі Столінскага раёна працягваюцца. І хочацца спадзявацца, што заказнік усё ж з'явіцца.

Анастасія АНІШЫНА,

студэнтка факультэта журналістыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».