Вы тут

Маладыя і рашучыя штурмуюць п'едэсталы


Мінулы тыдзень быў багаты на поспехі маладых атлетаў. У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, якія спартыўныя надзеі цяпер падае моладзь.


Героі тыдня. Беларусы заваявалі пяць медалёў на чэмпіянаце свету сярод юніёраў па лёгкай атлетыцы ў Кеніі. Раман Хартановіч заваяваў «бронзу» ў кіданні дыска. Такі вынік яму забяспечыў асабісты рэкорд — 62 м 19 см. Такі ж медаль у жаночай дысцыпліне ўзяла Аліна Нікіценка. Яна закінула дыск на 51 м 47 см. Марыёла Букель таксама стала бронзавым прызёрам у кіданні молата. У сваёй найлепшай спробе яна закінула снарад на 65 м 20 см. У спаборніцтвах па штурханні ядра Яўген Брыгі стаў сярэбраным прызёрам, паказаўшы вынік у 19 м 70 см. Мацвей Волкаў выйграў «золата» ў скачках з шастом. Пераможны вынік спартсмена — 5 м 45 см.

Лічба тыдня. Чатыры медалі выйгралі беларускія спартсмены на юніёрскім чэмпіянаце свету па барацьбе. Алеся Гетманава, якая выступае ў катэгорыі 55 кілаграмаў, стала чэмпіёнкай свету. «Золата» турніру ў сваёй катэгорыі (97 кг) заваяваў і Павел Глінчук. Сярэбраны медаль выйграла Арына Мартынава (59 кг), бронзавы — Ксенія Дзібук (76 кг).

Рост тыдня. Жаночая тэнісная асацыяцыя апублікавала абноўлены сусветны рэйтынг. Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры паднялася на другую пазіцыю. На гэтым месцы беларуская тэнісістка пацясніла японку Наомі Асаку. На мінулым тыдні Арына Сабаленка няўдала выступіла на буйным турніры ў амерыканскім Цынцынаці, уступіўшы польцы Паўле Бадосе Хіберт на стадыі 1/16 фіналу. Але Наомі Асака выбыла з барацьбы на наступным этапе — у 1/8 фіналу, і паколькі японка не абараніла свае балы за фінал мінулага года, у рэйтынгу яна адступіла.

Гераіні тыдня. Беларускія спартсменкі сталі пераможцамі чэмпіянату Еўропы па хакеі на траве ў другім дывізіёне. У вырашальным паядынку дзяўчаты перамаглі саперніц з Францыі з вынікам 1:0. Дзякуючы гэтаму выніку жаночая нацыянальная каманда па хакеі на траве ўпершыню атрымала права выступіць у кваліфікацыі Кубка свету,
запланаванай на 1—17 ліпеня 2022 года.

Гульня тыдня. Хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі рыхтуюцца да кваліфікацыйнага турніру Алімпійскіх гульняў.

Кваліфікацыйны турнір да XXІV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне — 2022 пройдзе ў Славакіі. Сапернікамі беларусаў у адборачнай групе D стануць каманды Польшчы (матч — 26 жніўня), Аўстрыі (27 жніўня) і Славакіі (29 жніўня). Пуцёўкі на Алімпіяду атрымаюць толькі пераможцы кожнай групы.

Турнір тыдня. Нацыянальная жаночая каманда па валейболе ўдзельнічае ў чэмпіянаце Еўропы. Сваё выступленне на кантынентальным першынстве беларускі пачалі з паражэння ад італьянак, вынік сустрэчы — 0:3. У другім матчы беларуская каманда ўступіла камандзе Харватыі з такім жа вынікам. Наступныя матчы ў групавой стадыі чэмпіянату беларускі правядуць супраць камандаў Швейцарыі, Венгрыі і Славакіі.

Надзея тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе ў сваім другім матчы групавой стадыі чэмпіянату свету прайграла камандзе Швейцарыі. Вынік сустрэчы — 3:7. Наперадзе ў беларусаў матч з прадстаўнікамі Бразіліі. Цяпер турнірная табліца групы «С» выглядае наступным чынам: 1. Швейцарыя — 4 балы (2 матчы); 2. Беларусь — 1 (2); 3. Бразілія — 0 (1); 4. Сальвадор — 0 (1). На групавым
этапе каманды сустракаюцца кожная з кожнай па адным разе, пасля чаго першая і другая зборныя з кожнай групы выходзяць у плэй-оф.

Медалі тыдня. Беларускія каратысты выступаюць на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы па каратэ, які праходзіць у Фінляндыі. Стэфанія Собалева стала бронзавым прызёрам у раздзеле «ката». А «куміціст» Арцём Шаруба (63 кг) падняўся на другую ступень п'едэстала сярод кадэтаў. Ульяна Маркава (48 кг) замкнула тройку лідараў у раздзеле «кумітэ».

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».