Вы тут

Навукоўцы выявілі новы спосаб лячэння атлусцення


Яго вынайшлі аўстралійскія вучоныя з Інстытута медыцынскіх даследаванняў Гарвана разам з калегамі з Кітая і Канады. Вынікі іх работы апублікаваны ў часопісе Nature Communіcatіons.


Спецыялісты ўстанавілі, што блакіроўка канкрэтнага рэцэптару ў тлушчавых тканках пэўным чынам уплывае на працэс метабалізму. Так, арганізм пачынае больш актыўна расходаваць назапашаны тлушч, выкарыстоўваючы яго на вытворчасць энергіі і тэрмарэгуляцыю.

Такім чынам, навукоўцы выявілі метад, які дазваляе напрамую ўздзейнічаць на тлушчавыя тканіны. Дадзены падыход да лячэння атлусцення з'яўляецца больш бяспечным і дзейсным, чым распаўсюджаны ў наш час спосаб, звязаны з падаўленнем апетыту. Прэпараты, якія ліквідуюць адчуванне голаду, аказваюць уздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму, а таксама маюць шэраг пабочных эфектаў, адзначаюць эксперты.

Навукоўцы даследавалі аналізы біяпсіі тлушчавай тканіны людзей, якія пакутуюць на атлусценне. У выніку спецыялісты прыйшлі да высновы, што блакіраванне рэцэптару малекулы нейрапептыду Y1 (NPY), які спрыяе захаванню энергіі ва ўмовах дэфіцыту пажыўных рэчываў, дазваляе прадухіліць павелічэнне вагі.

Акрамя таго, спецыялісты правялі адпаведныя вопыты на мышах, падчас якіх было ўстаноўлена, што жывёлы, якія атрымліваюць спецыяльнае рэчыва-антаганіст BІBO330 для блакіравання рэцэптару Y1, набіралі менш вагі, чым звычайныя грызуны пры ўмове аналагічнай дыеты.

«У нашым даследаванні мы выявілі, што мышы, якім уводзілі BІBO3304, набралі за сем тыдняў прыкладна на 40 працэнтаў менш вагі, чым звычайныя мышы на той жа дыеце. Гэта абумоўлена павелічэннем цеплавыдзялення цела і памяншэннем тлушчавай масы», — распавёў Янь-Чуань Шы, адзін з аўтараў даследавання.

Ён патлумачыў, што эксперты праверылі дадзеную методыку на чалавечых тлушчавых клетках і выявілі падобны на атрыманы ў грызуноў вынік. Клеткі пачалі пераключацца на больш актыўную выпрацоўку цяпла, што таксама абумовіла зніжэнне вагі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Без прыгнёту апетыту

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.