Вы тут

Як лічбавыя тэхналогіі ўкараняюцца ў навучальны працэс?


«Што адчувае настаўнік, які бачыць сваю распрацоўку на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе і разумее, што дапамагае не толькі дзецям, але і сваім калегам?» Такое пытанне прагучала на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў рамках секцыі, прысвечанай лічбавай трансфармацыі адукацыі, і было адрасаванае дырэктару сталічнай сярэдняй школы № 115 Алесі КЛІМОВІЧ. Педагог распрацавала 49 урокаў па прадмеце «Геаграфія Беларусі» для 9 класа.


Pexels.com

«Нават калі мае вучні сказалі мне „дзякуй“ за тое, што зрабіла, я разумею, што ўсе мае выдаткі (і фізічныя, і разумовыя ), ночы без сну, праца без выхадных і адпачынку, не былі марнымі, — канстатавала Алеся Клімовіч. — Навацыі прыйшліся дзецям па душы. Але хачу падкрэсліць, што ўсё гэта праца не аднаго чалавека. Асабіста я адказвала за змест адукацыйнага кантэнту, але на агульны вынік працавала цэлая каманда. Прызнаюся, што самым складаным этапам для нас быў аўдыязапіс. Дарэчы, рускамоўная версія заняткаў ужо размешчана на Адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе, а вось над перакладам на беларускую мову мы яшчэ працуем».

Варта нагадаць, што Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс (АІАР) быў запушчаны ў тэставым рэжыме з 1 студзеня бягучага года (пандэмія прымусіла фарсіраваць гэту работу). А з 1 верасня ён будзе ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ГІАЦ) Міністэрства адукацыі Юрый КРУГЛІК: «Гэта наш сумесны праект з Нацыянальным інстытутам адукацыі (НІА) і Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі (АПА). ГІАЦ забяспечвае тэхнічнае суправаджэнне і распрацоўку рэсурсу, а вось напаўненнем яго навучальнымі матэрыяламі займаюцца нашы калегі з НІА і АПА. У новым вучэбным годзе гэты рэсурс запрацуе на поўную моц. Мы правялі пэўны комплекс работ, звязаных з рэдызайнам сайта, распрацавалі дадатковыя раздзелы», — падкрэсліў Юрый Круглік.

Стварэнню платформы папярэднічала вывучэнне айчыннага вопыту і вопыту іншых краін. Да распрацоўкі адукацыйнага кантэнту былі запрошаны найлепшыя настаўнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі. У абласцях былі створаны творчыя групы, у склад якіх увайшлі ў першую чаргу настаўнікі-метадысты, настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, педагогі — аўтары вучэбных дапаможнікаў, якія маюць вопыт стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў. У работу ўключыліся ўдзельнікі рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель». Распрацоўку адукацыйнага кантэнту каардынуюць рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі. Падрыхтаваныя навучальныя матэрыялы праходзяць метадычную экспертызу ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

Начальнік метадычнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга САРЫЧАВА патлумачыла, што мэта Адзінага інфармацыйна-аналітычнага рэсурсу — стварэнне сучаснага лічбавага кантэнту і эфектыўных адукацыйных анлайн-сэрвісаў, умоў для якаснага аналізу ходу і вынікаў адукацыйнай дзейнасці.

Рэсурс размешчаны ў becloud, які з’яўляецца першым інфраструктурным аператарам у краіне. Усе яго кампаненты — вэб-дадаткі — функцыянуюць у асноўных браўзерах Mіcrosoft Edge, Mozіlla Fіrefox і іншых. Распрацавана таксама і мабільная версія.

У Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс закладзена шмат магчымасцяў: стварэнне лічбавага профілю для ўстаноў адукацыі, класа, педагагічнага работніка і навучэнца; размяшчэнне адукацыйнага кантэнту па ўсіх вучэбных прадметах з першага да адзінаццатага класа для школ з рускай і беларускай мовай навучання; аўтаматызаваная сістэма кіравання ўстановай адукацыі (складанне раскладу заняткаў, аналіз паспяховасці навучэнцаў); такія сэрвісы, як электронны дзённік і электронны журнал; магчымасць праводзіць заняткі дыстанцыйна (групавы і індывідуальны чат, зносіны ў рэжыме відэаканферэнц-сувязі).

Адукацыйны кантэнт уключае матэрыялы вучэбнага дапаможніка, меркаваныя вынікі вывучэння тэмы, відэаролікі з тлумачэннем новага вучэбнага матэрыялу, тэставыя заданні для самаправеркі, дадатковыя матэрыялы па вучэбным прадмеце (даведачныя, кантрольна- дыягнастычныя, інтэрактыўныя), спасылкі на блогі (сайты) педагогаў, іншыя медыярэсурсы (фрагменты з мастацкіх і дакументальных фільмаў, тэлевізійных праектаў).

Да безумоўных вартасцяў Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу трэба аднесці магчымасць засвойваць вучэбны матэрыял незалежна ад месца і часу. Навучэнцаў прывабліваюць інтэрактыўнасць работы з ім. Да таго ж магчымасць паставіць відэа на паўзу падчас прагляду відэафрагментаў дазваляе працаваць у сваім тэмпе, што, у сваю чаргу, спрыяе стварэнню сітуацыі поспеху для кожнага вучня, забеспячэнню камфортнага адукацыйнага асяроддзя. У вучняў ёсць магчымасць не выпадаць з вучэбнага працэсу падчас хваробы або ўдзелу ў спартыўных мерапрыемствах. Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс пастаянна папаўняецца дадатковымі матэрыяламі: гэта інтэрактыўныя гульні і практыкаванні, трэнажоры, віктарыны, вэб-квесты і многае іншае, што робіць самастойнае навучанне лёгкім і цікавым.

Матэрыялы, выкладзеныя на рэсурсе, будуць карысныя і для педагогаў. Па меры напаўнення ён становіцца своеасаблівай скарбонкай метадычных прыёмаў і сродкаў навучання вучэбнаму прадмету. І з гэтага пункту гледжання рэсурс будзе цікавы і маладым педагогам, і настаўнікам з салідным стажам, і студэнтам педагагічных спецыяльнасцяў.

У найбліжэйшы час на рэсурсе з’явяцца і відэаролікі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Гэта сумесны праект кампаніі МТС і Міністэрства адукацыі, — расказала кіраўнік групы PR МТС Марыя ПАЗНЯК. — Відэаролікі разлічаны на старшакласнікаў і абітурыентаў. Адукацыйны кантэнт пададзены ў іх у сціснутым фармаце і дапоўнены дынамічнай графікай. Працягласць аднаго відэазанятку — да 15 хвілін. Абраныя прадметы — адны з топавых пры здачы ЦТ: гэта матэматыка, фізіка і хімія. Серыя ролікаў складаецца з некалькіх тэм па кожным з прадметаў. Фактычна гэта дадатковы інструмент для паўтарэння вучэбнага матэрыялу ў любым зручным месцы ў любы зручны час, у тым ліку гэта можна рабіць з дапамогай смартфона. Зараз плэйлісты з відэаролікамі даступныя на Нацыянальным адукацыйным партале adu.by і на YouTube-канале МТС. У кампаніі прааналізавалі па колькасці праглядаў, якія тэмы найбольш запатрабаваныя ў навучэнцаў. У матэматычным блоку гэта «Ураўненні і няроўнасці з модулем». Па хіміі — «Акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі», па фізіцы — «Работа, магутнасць, энергія. Закон захавання механічнай энергіі».

— Мы сфармулявалі дадатковы пералік актуальных тэм і перадалі ў кампанію МТС, папрасілі, каб яны ўключылі наш заказ у сваю праграму развіцця, — праінфармаваў дырэктар ГІАЦ Міністэрства адукацыі Юрый Круглік. — Спадзяёмся, што да наступнай прыёмнай кампаніі яны таксама папоўняць нашу скарбонку.

У недалёкай перспектыве на Адзіным інфармацыйна-аналічным рэсурсе з’явяцца таксама раздзелы «Прафесійна-тэхнічная адукацыя» і «Сярэдняя спецыяльная адукацыя». Але там ёсць свая спецыфіка: у адрозненне ад школы — вялікі набор спецдысцыплін, які пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца ў залежнасці ад патрэб часу і эканомікі. Да таго ж вельмі істотнае значэнне мае візуалізацыя (кожны сучасны станок трэба візуалізаваць) і стварэнне трэнажораў і сімулятараў. Таму гэта вялізны кавалак работы...

Надзея НІКАЛАЕВА

 

Загаловак у газеце: Інтэрактыўна, зручна і захапляльна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».