Вы тут

Дыджэй — прафесія вечнай маладосці, або На адной хвалі з танцпадлогай


Яго рабоце можа пазайздросціць мноства маладых людзей. Мікшар, навушнікі, ноўтбук і музыка — вось асноўныя складнікі яго занятку. Юрый Лявонькін, больш вядомы як DJ Yura Dels, распавёў нам, як «завесці» любую публіку, дзе навучыўся дыджэінгу і з якімі цяжкасцямі яму даводзіцца сутыкацца.


— Увогуле, у мяне дзве адукацыі, па адной я тэхнік-электрык, а па другой — выкладчык фізічнай культуры, але па іх я не працаваў. Знаёмства з дыджэінгам адбылося, калі мне было шаснаццаць гадоў, тады я яшчэ жыў у сваім родным Наваполацку. Сябар вырашыў схадзіць на курсы дыджэяў для падлеткаў, якія арганізоўваў адзін клуб, ну і запрасіў мяне за кампанію. Я пайшоў і пачаў уцягвацца ў гэты занятак. Навучанне праходзіла дзесьці два-тры месяцы, а ў канцы чакала здача фінальнага выпрабавання. Яно заключалася ў тым, што па тры чалавекі павінны былі па чарзе стаяць за пультам на школьнай дыскатэцы, і так некалькі раўндаў, пакуль не застанецца пераможца. Я вылецеў на пачатковым этапе. Вядома, спачатку жудасна знерваваўся, але потым узяў сябе ў рукі і напрасіўся ў вучні да аднаго знаёмага, які ўжо працаваў у гэтай сферы. Прыходзіў займацца перад яго выступленнямі, вывучаў работу з апаратурай, слухаў парады адносна наведвальнікаў. І сёння вельмі ўдзячны яму, што тады ён быў для мяне апорай.

Пасля наш герой стаў працаваць у свайго ж настаўніка на розных дыскатэках «на разагрэве». Так незаўважна дарос да арганізацыі ў клубе ўласнага мерапрыемства. Разумеючы, што гэта яго шанц, Юрый запрасіў дыджэя з Мінска з умовай, што той зробіць з часам зваротную прапанову. Яго задума апраўдалася, і пасля некалькіх выступленняў у сталіцы Юрый пераехаў сюды жыць і прафесійна развівацца.

— Шчыра кажучы, я не заўважыў вялікай розніцы, дзе выступаць: у маленькім горадзе ці ў Мінску. Менталітэт у нас усюды прыблізна аднолькавы. А вось калі выступаў у Літве, заўважыў, што там усё ўладкавана зусім па-іншаму. Пачынаючы ад адгароджвання дыджэя ад публікі, заканчваючы энергетыкай людзей. На сённяшні дзень я працую ў асноўным з моладдзю, бо менавіта гэты кантынгент часцей за ўсё ходзіць у клубы. Пару разоў даводзілася працаваць з падлеткамі на выпускным. Наогул навучыцца прафесіі дыджэя можа любы, у каго ёсць хоць бы мінімальны музыкальны слых, пачуццё рытму і цярпенне. Прынцып работы досыць просты. У цябе ёсць спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога трэба зводзіць і мяняць трэкі. Галоўнае правіла — пераход павінен быць плаўны, я нават сказаў бы амаль незаўважны, каб адпачывальнікі не паспелі страціць рытм танцпляцоўкі. Акрамя таго, некаторыя дыджэі любяць падчас сваіх выступленняў накладваць на музыку розныя эфекты. Але з гэтым трэба быць акуратнымі, бо калі перабраць, то дыскатэка можа ператварыцца ў «іншапланетную галактыку».

Самае складанае ў прафесіі дыджэя, па словах Юрыя, — гэта ўменне падладжвацца пад наведвальнікаў клуба. Бо нават калі ты жыць не можаш без кантры або класікі, для маштабнай вечарынкі такая музыка відавочна не «пойдзе». Прыходзячы ў клуб, у пачатку мерапрыемства наш суразмоўнік уключае пару розных трэкаў і назірае за рэакцыяй публікі. Калі ён бачыць, што праз пару ідэнтычных песень людзі не могуць сябе стрымліваць ды пачынаюць танцаваць, то ён правільна ўлавіў настрой. А калі госці паводзяць сябе скавана, то ён неадкладна мяняе музычную канцэпцыю. Акрамя праблемы з падборам музычнага рэпертуару, сярод цяжкасцяў наш герой згадвае неадэкватных наведвальнікаў і ненармаваны графік жыцця. Першае сустракаецца не вельмі часта, а вось другое побач з Юрыем на працягу доўгіх гадоў — дыскатэкі праводзяцца ў асноўным у начны час.

— Вядома ж, у маёй прафесіі, акрамя цяжкасцяў і складанасцяў, ёсць мноства плюсоў. Самыя відавочныя — пастаянныя стасункі з людзьмі і атрыманне ад іх энергіі. Бо калі наведвальнікам падабаецца тое, што я раблю, мая музыка, адразу ж адчуваю аддачу ад іх, якая цалкам напаўняе. Ведаеце, многія лічаць, што дыджэем нельга працаваць доўгі час, і ў думках адпраўляюць людзей «за трыццаць» на пенсію. Але гэта памылковае меркаванне. За мяжой увогуле няма ўзроставых абмежаванняў у дадзенай прафесіі, я і сам ведаю мноства прафесіяналаў сваёй справы, якім не тое што за трыццаць, а за сорак і нават пяцьдзясят. Для мяне дыджэй — прафесія вечнай маладосці, бо ты пастаянна знаходзішся з моладдзю на адной хвалі, вывучаеш новыя трэнды. Гэты занятак таксама абавязвае цябе развівацца ў розных сацыяльных сетках. Ну і да таго ж нельга пастарэць душой таму, хто сваё жыццё прысвячае музыцы. А жывое яе выкананне ці работа з электроннымі носьбітамі — не мае значэння.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзена героем

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.