Вы тут

Sex-балясы. Намёкі і «алаверды»


На жаль альбо на шчасце, але мы не заўсёды, не ўсё і не ўсім можам сказаць проста ў вочы. («— Даруйце, мадам, але я не той, хто вам патрэбны. — А хто мне патрэбны? — Псіхатэрапеўт. Другі кабінет налева».) А што рабіць, калі нейкім чынам пэўную інфармацыю да іншых давесці ўсё ж трэба? Тады, як правіла, у ход ідуць намёкі і паўнамёкі. («Сёння горача. Спаць вырашыла без сподняга з адчыненым акном. Так перажываю, каб ніхто не залез у жыллё, бо жыву я адна на першым паверсе, на вуліцы Кастрычніцкай, дом 77, кватэра 1».) Праўда, часам застаецца толькі здагадвацца, ці пачуты твой пасыл, а калі пачуты — наколькі дакладна, ці нічога не пераблытана. («Муж-узбек кажа рускай жонцы: «Дарагая, калі я прыйду дадому і цюбецейка ў мяне будзе на галаве справа, значыць, я ў добрым настроі. Буду казаць табе прыемнае, дарыць падарункі, кахаць цябе. А калі цюбецейка будзе на галаве злева, дрэнь справа. Буду сварыцца з табой, паўсюдна бачыць адны хібы». Жонка ў адказ: «Дарагі, калі ты прыйдзеш дадому, а рукі ў мяне будуць скрыжаваныя на грудзях, гэта значыць, што мне абсалютна напляваць, з якога боку ў цябе на галаве цюбецейка».) Гэта я ўсё да чаго?


Ці ведаеце, што нядаўна герцагіня Сасекская, жонка прынца Гары Меган Маркл адзначыла сваё 40-годдзе? («Вы заўважалі, што з узростам, калі нехта пытаецца ў вас: «Памятаеш Сярогу? (любое іншае імя)», дык пасля гэтага ніколі не бывае добрай навіны?») З такой нагоды яна запісала відэа для дабрачыннай арганізацыі, у якім заклікала жанчын вярнуцца на рабочыя месцы ў сувязі з паляпшэннем сітуацыі з пандэміяй каранавіруса. («Убачыла, што Месяц расце, і на ўсялякі выпадак паказала яму ўсе грошы, якія ёсць. І грудзі. А раптам?») Але сутнасць не ў гэтым. Для здымак Маркл улажыла валасы ў нізкі пучок, выпусціўшы некалькі пасмаў каля твару. Тайны сэнс яе ўкладкі ўбачыў брытанскі стыліст і цырульнік Том Сміт, піша Daіly Maіl. Аказваецца, лічыць ён, герцагіня робіць так у выпадку, калі жадае выказацца на сур'ёзную тэму. («Калі яна сказала яму: «Ты самы лепшы!» — ён зразумеў, што недзе было спаборніцтва».)

«Такая прычоска дазваляе ёй выказаць сваю цеплыню і адкрытасць і пры гэтым прадэманстраваць гледачам сілу і непахіснасць характару. Яна паказвае, што хоча абмеркаваць сур'ёзныя рэчы», — выказаўся эксперт і адзначыў, што апісаная ўкладка валасоў стала фірменным стылем жонкі брытанскага прынца. («Лена і Коля жывуць у поўнай сямейнай гармоніі: аднолькавыя густы, аднолькавыя ідэі, аднолькавыя жаданні. Вось толькі ў Колі сышло тры гады, каб да ўсяго гэтага прызвычаіцца».) На думку цырульніка, з распушчанымі валасамі на відэа герцагіня здавалася б занадта юнай і гуллівай. («Добры афарызм, як міні-спадніца — коратка і прыцягальна».) Ён вывеў, што яе здаровыя і прыгожыя валасы сведчаць аб поўным аднаўленні пасля другіх родаў. Ну, гэта можа быць. А ў астатнім — ці правільна ён зразумеў «намёк»? («Жонка раніцай мужу ў спальню: «Тук-тук». Той: «Хто там?» Жонка: «Любоў усяго твайго жыцця». Муж: «Не падманвай, піва не ўмее гаварыць».)

У працяг тэмы знешнасці і дасланых-атрыманых пасылаў. («Маладая жонка тэлефануе маці: «Мам, майму не спадабалася твая фірменная каша, паўтары рэцэпт». Маці: «Бярэш крупы, адварваеш...» Дачка: «А! Адварваеш!..») Прычоска ў стылі ліхадзейкі Круэлы дэ Віль з папулярнага аднайменнага фільма стала новым модным трэндам. («Дзве бутэлькі шампанскага дапамаглі выпускніцы зразумець сэнс усіх песень Ірыны Алегравай».) Пра гэта паведамляе Іndependent. Выпадковасць? Не думаю, як той казаў. («Мастацтва маркетолага ў тым, каб у пакупніка ўзнікла адчуванне, што ён моцна абрабаваў краму. Хоць на самай справе ўсё наадварот».) Гаворка ідзе пра афарбоўванне валасоў у чорны і белы колеры адначасова. Заснавальніца брытанскага салона прыгажосці Marla Haіr (не здзівіліся гэтаму «супадзенню»?) Джэсіка Патчынг растлумачыла, што найбольш папулярным варыянтам такой прычоскі з'яўляецца таніраванне паловы галавы ў цёмнае адценне, а паловы — у светлае. («Калі ў жонкі на твары паўтоны касметыкі — гэта нічога, а калі ў мужа на твары крыху памады — дык гэта ўжо канец свету».)

«Не менш важным з'яўляецца выбар колераў. Яны павінны быць максімальна кантрастныя, каб не злівацца адзін з адным. Такая прычоска падыходзіць абсалютна ўсім, незалежна ад полу, узросту і тыпу валасоў. Калі вы хочаце, каб ваша афарбоўка заўсёды выглядала свежай і яркай, я рэкамендую выкарыстоўваць шампуні без сульфатаў, а таксама адзін раз на месяц праводзіць працэдуру таніравання ў салоне прыгажосці», — падкрэсліла Патчынг. («Парада касметолага: для аксамітнай скуры твару і бляску валасоў жанчыне трэба... не працаваць».) Вядома таксама, што з падобнай аздобай былі заўважаны спявачкі Дуа Ліпа, Білі Айліш і Келані. Канешне, як такая прычоска не зробіцца модным трэндам, калі яна на галаве куміра? Фанаты цудоўна зразумелі пасыл. («Калі Залатую Рыбку, якая ўжо выканала тры вашыя жаданні, выкачаць у муцэ, яна зразумее намёк і выканае яшчэ парачку».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».