Вы тут

Іван Буслай: Спяваць пачаў раней, чым гаварыць


У нашага сённяшняга героя незвычайны лёс. Ён нарадзіўся, як кажа сам, выпадкова, выхоўваўся ў дзіцячым доме, а спяваць пачаў раней, чым гаварыць. Сваю сямейную гісторыю даведаўся толькі, калі стаў знакамітым эстрадным артыстам. Беларус з цыганскай душой — так падчас нашай сустрэчы назваў сябе спявак. У інтэрв'ю з Іванам Буслаем і яго канцэртным дырэктарам Вольгай Макаравай мы пагутарылі аб творчасці, дрэнных звычках, «зорным» псеўданіме, а таксама аб планах вакаліста.


З канцэртным дырэктарам Вольгай Макаравай на юбілейным канцэрце Ф. Кіркорава ў Мінску, 2019 г.

«Маё сапраўднае прозвішча...»

Іван: — Сваю сямейную гісторыю я даведаўся толькі шэсць гадоў таму. Родныя браты знайшлі мяне праз канцэртнага дырэктара Вольгу. Яны расказалі, чаму я застаўся ў дзіцячым доме. Мой бацька-серб жыў у Расіі (цяпер у мяне там шмат родных), бабуля — у Бабруйску. Маці-цыганка нарадзіла мяне раней за прызначаны тэрмін. Аддала немаўля часова ў бальніцу і сказала, што забярэ. Там, у Расіі, засталіся яшчэ дзеці — дзесяць чалавек родных. І калі яна вярнулася, мяне проста не аддалі. Час быў іншы, савецкі, маўляў, ваша дзіця хваравітае, былі яшчэ і складанасці з дакументамі. Вядома, я не шкадую і нікога не вінавачу ў тым.

Выхоўваўся ў бабруйскім дзіцячым доме. Затым адправілі ў інтэрнат у Бялынічы. Там я вучыўся дзевяць гадоў, пасля апынуўся ў Магілёве, у 70-м вучылішчы пад кіраўніцтвам Алега Адамавіча Бахановіча, цяпер гэта прафесійна-тэхнічны каледж, атрымаў прафесію сталяра-рэзчыка па дрэве.

У Магілёве ж пачалася мая прафесійная кар'ера ў іншым напрамку. Спяваць я пачаў раней, чым гаварыць — у пяць гадоў, былі пэўныя праблемы з маўленнем. Памятаю, глядзеў тэлевізар, а там Ігар Нікалаеў выконваў «Старую мельницу». Так я пачаў спяваць.

У бялыніцкай школе ўдзельнічаў у інструментальна-вакальным ансамблі, мы займалі першыя месцы сярод школ. Ансамбль быў цудоўны, мы ездзілі ў Германію выступаць па розных гарадах — Мюнхен, Берлін, Кёльн. Адбывалася гэта па чарнобыльскай праграме. Для нас, дзяцей-сірот, такія паездкі былі вельмі цікавыя. Быў цудоўны час, шыкоўны...

Пры вучылішчы існаваў ансамбль «Дружбакі і сяброўкі», там я нейкі час спяваў, потым працаваў. Мы таксама займалі першыя месцы сярод навучальных устаноў вобласці. Выконвалі знакамітыя каверы, у тым ліку на беларускай мове.

Пачынаючы з 16 гадоў, падпрацоўваў у рэстаранах. Гэтую дзейнасць ужо можна назваць прафесійнай з музычнага пункту гледжання. І вось аднойчы на карпаратыве, у якім мы ўдзельнічалі, нас заўважыў Аляксандр Шакуцін, бізнесмен. Не толькі мяне, там была і Алена Ланская, мы з ёй выступалі дуэтам у «Дружбаках і сяброўках».

Праз тыдзень запрасілі прыехаць у Мінск на праслухоўванне. Тады пазнаёміўся з такімі вядомымі кампазітарамі, як Уладзімір Кандрусевіч, Леанід Пранчак. Спадабаліся, прапанавалі пераехаць у Мінск. Я доўга думаў, сумняваўся, бо ў Магілёве ўсё такое роднае, і творчая дзейнасць, і работа — усё было наладжана. А тут неабходна пачынаць спачатку. Гэта заўсёды цяжка, трэба заваяваць публіку, заўсёды хваляванне, яно і цяпер ёсць, але, дзякуй Богу, усё добра, спяваем (усміхаецца).

Маё сапраўднае імя — Іван Казіміроўскі. Узяў сабе творчы псеўданім Іван Буслай, які цяпер ужо з'яўляецца маім афіцыйным прозвішчам. Чаму так? Усе сябры называлі мяне Буслік, Буслай, а Леанід Пранчак прапанаваў узяць тое як псеўданім. Маўляў, бусел — сімвал Беларусі. І сапраўды, ён сугучны з гэтым словам, кароткі — мне спадабалася.

«Справа не ў народным званні»

Іван: — На маіх канцэртах публіка заўсёды розная, таму ў песенным арсенале ёсць і рамансы, і поп-рок, у рэдкіх выпадках выконваю цыганскія кампазіцыі. Чаму рэдка? Многія не хочуць слухаць «цыганшчыну» (усміхаецца).

Раней было ўсё зразумела, у нас быў графік. А цяпер пандэмія, таму сёння ёсць работа, а заўтра, на жаль, можа ўсё адмяніцца. Я прывык працаваць, бо калі артыст расслабляецца, няма ўжо таго гучання голасу, спрыту.

Да пандэміі ў нас былі вялікія туры па Беларусі. Цяпер пакуль не ездзім, хоць планы прадоўжыць заўсёды ёсць. На жаль, нашых людзей вельмі складана заахвоціць хадзіць на беларускіх артыстаў. Раней гэта было неяк прасцей, што хаваць. Мы не прымушаем нікога. Самі робім рэкламу ў сацсетках, самі выстаўляем пэўную цану на квіткі, а людзі гавораць, што «дорага», хоць артыст падабаецца.

«Лепш за сябе ніхто не зробіць»

Вольга: — У нас былі канцэрты з аншлагамі, асабліва паспяхова прайшла «Цыганская душа» ў 2016 годзе ў Мінску. Гэта была першая самастойная сольная праграма, з якой мы праехалі па Беларусі, зрабілі сольны канцэрт у родным горадзе Івана — Магілёве — і завяршылі тур з аншлагавым канцэртам у сталіцы. Усё паспелі зрабіць да пандэміі. Другі маштабны канцэрт з шоу-праграмай «Прысвячэнне» адбыўся ў 2019 годзе. Мы заўсёды сур'ёзна падыходзім да кожнага выступлення, рыхтуемся. Запрашаем артыстаў, шоу-балет, самі робім відэа, рыхтуем святло...
Іміджам артыста Івана Буслая займаемся таксама самастойна.

Лепш за сябе ніхто не зробіць (смяецца). Іван нават касцюмы ўпрыгожвае — нашывае паеткі, пацеркі, калі трэба (усміхаецца), — карпатлівая работа! Аранжыроўкі робім за мяжой, гэта, вядома, дорага, аднак вельмі якасна. Нядаўна запісалі песню расійскага аўтара Аляксея Малахава «Огонек любви», ён супрацоўнічае з Кіркоравым, Пугачовай, Лепсам. Філіп Кіркораў дазволіў Івану выконваць сваю песню «Дива». Мы з ім знаёмыя асабіста, перад пандэміяй былі ў яго на сольным канцэрце. Песні «зводзім» у Швецыі, натуральна, дыстанцыйна. Працавалі над апошняй песняй паўтара года. У нас там ёсць свая каманда, з якой пастаянна супрацоўнічаем. Гэта, вядома, нятанна, аднак яно таго вартае. Цяпер чатыры песні ў рабоце. На гэта пойдзе шмат часу, бо мы сур'ёзна, карпатліва, вывяраючы кожную ноту, ставімся да сваёй дзейнасці.

Іван: — Супрацоўнічаем з Лерай Фаміновай, якая падарыла песню «Любовь», таксама з беларускім аўтарам Дзмітрыем Даніліным, цяпер якраз пачалі працаваць над адной з яго кампазіцый, якую ён нам таксама падарыў. Так, напрыклад, наш знакаміты аўтар Алег Жукаў дазволіў выконваць песню «Ах, эта ночь», першым выканаўцам якой з'яўляецца Мікалай Баскаў, а цяпер ужо афіцыйна і Іван Буслай. У мяне шмат хітоў, па якіх пазнаюць, — «По капелькам», песні гадоў шаснаццаць, а яна да гэтай пары актуальная, гучыць часта па радыё. За яе вялікі дзякуй аўтару Юліі Быкавай і кампазітару Яўгену Алейніку, вельмі шмат кампазіцый яны мне напісалі. Ёсць вядомыя трэкі «Достучаться до небес», «Рассветы», «Не грусти о ней», якія пастаянна просяць выканаць на канцэртах.

Вольга: — У наступным годзе плануем новую канцэртную праграму, спадзяюся, што пандэмія не перашкодзіць рэалізацыі нашых планаў. Можа, зробім тур па Беларусі з новым рэпертуарам, які назбіраўся. Здзівім адназначна, робім заўсёды непадобнае на папярэдняе шоу. Неаднойчы даводзілася назіраць, як спачатку скептычна рэагуюць на беларускага артыста, а пасля канцэрта, як ўбачылі шоу і ўвесь маштаб, нечакана для сябе адзначаюць, што гэта было таго вартае. Мы прывучаем да беларускай музыкі, роднай культуры, хочам данесці, што яе трэба слухаць і хадзіць на канцэрты айчынных артыстаў.

«Прашу Сусвет, каб дапамог»

Іван: — Я планую жыць да 150, не менш! Аднак у мяне ёсць дрэнныя звычкі. Гэта лянота і цыгарэты. Не магу кінуць курыць, прашу ўжо Сусвет, каб дапамог (смяецца). Хочацца, каб было шмат работы. Мае прыхільнікі кажуць: «Вой, які прыгожы хлопец Іван Буслай, а хлопцу ўжо сорак (смяецца). Дарэчы, сэрца маё свабоднае. Мне патрэбны чалавек сур'ёзны, які дажыве са мной да старасці. А пакуль у жыцці я і не паспеў нічога зрабіць. Хачу дабудаваць дом, шмат песень добрых, поўных залаў, бо калі яны такія, то прыемна працаваць. Трэба пра ўсё гэта прасіць Сусвет.

Калі казаць пра дзіцячы дом, то гэта добрая школа. А далей залежыць ад чалавека, асяроддзя і людзей, якія сустракаюцца на шляху. Хто ведае, кім я быў бы, калі б выхоўваўся ў цыганскай сям'і... Што было б са мной? Вядома, у жыцці трэба быць шчырым, справядлівым, спагадлівым, дапамагаць людзям. Тады Сусвет табе таксама дае ўзамен нешта станоўчае.

Я паспрачаўся б наконт вядомага стэрэатыпу, што любая цыганская душа нараджаецца музыкальнай. У мяне браты не спяваюць (усміхаецца). Трэба заўважыць у сабе талент, любіць сваю прафесію, жыць ёю, усё аддаваць. Гэта такі лёс, ведаеце, які даецца як прызначэнне, твая дарога.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.