Вы тут

На тонкай павуцінцы быцця


Вось вам і бабіна лета! Калі ласка. Скажаце — не, рана яшчэ? І я так думала, што пазней яно, увосень, недзе пасля першых халадоў. Але ранкам выйшла за ваколіцу свайго вясковага дома і проста застыла ад красы, што адкрылася наперадзе. У высокай траве, літаральна на кожным кроку, віселі роўныя, геаметрычна правільныя кругі павуціны, аздобленыя такім жа правільным узорам, нібы валагодскія карункі.


Гэтыя тонкія каралі дакладна бачныя толькі ранкам, калі сонца засвеціць, але яшчэ блішчыць раса. Крыху падсохне, і яны схаваюцца, зробяцца амаль нябачныя — будзеш таптаць іх разам з травою. Дачка стала здымаць карціны-павуціны тэлефонам, а я ўсё ішла далей у спадзяванні, што яны скончацца, што бліжэй да лесу пачнецца пейзаж, больш падобны на летні. Але яны не канчаліся, і было відавочна, што гэта першая і дакладная прымета бабінага лета, а значыць, восені. І хоць мы абураліся гарачынёй гэтага лета, хоць чакалі прахалоды, а вось яно прайшло, і ўжо сумна, і яго ўжо не хапае. Бязлітаснае бабіна лета заўсёды падштурхоўвае да сумнага роздуму, да разважанняў пра хуткаплыннасць жыцця, пра восень жыцця і наогул...

Здаецца, Яўгенія Янішчыц здолела вельмі прыгожа, вытанчана ды ўзнёсла-рамантычна вызначыць бабіна лета:

«Над полем, над гасцінцам,

мінаючы зямлю,

На тонкай павуцінцы адчайнае

«Люблю».

Каб так сказаць, відаць, трэба быць паэтам, а нам, простым смертным, застаецца чытаць прыгожыя радкі ды любавацца дзівосамі прыроды. А яшчэ думаць-разважаць, як у гэтым свеце ўсё ўладкавана, што заўсёды ў свой вызначаны час поры года змяняюць адна адну, што на змену адной з'яве прыходзіць другая, аднаму чалавеку — другі, адна эпоха становіцца папярэдніцай іншай і так далей, — у спрадвечную нязведаную далеч. І вось на гэтай хвалі разважанняў прыйшлася дарэчы цытата Васіля Шукшына, сустрэтая нядаўна ў інтэрнэце: «Усё гіне: маладосць, абаяльнасць, жарсці — усё старэе і разбураецца. Думка не гіне, і цудоўны чалавек, які нясе яе праз усё жыццё».

Відавочна, што рэжысёр і пісьменнік меў на ўвазе мысленне, якое нясе найперш чалавецкасць і пабуджае рабіць дабро, рухацца да прагрэсу. І тут можна прывесці словы яшчэ аднаго пісьменніка, амерыканскага: «Вы ніколі не задумваліся, што ўсё, што вы робіце і што можаце зрабіць у жыцці, ужо праз сотню гадоў стане бессэнсоўным і нікому не патрэбным?» — напісаў Чак Паланік. Хтосьці скажа, спрэчнае сцвярджэнне, але, згадзіцеся, нешта ў ім ёсць. Часам варта не проста жыць, а і задумвацца пра сэнс жыцця, работы, учынкаў, адносін да іншых.

Скажаце, прычым тут павуцінка? А прытым, што луг, расквечаны ўзорамі восеньскай павуціны, пра які я расказвала, акурат на землях, што некалі належалі роду апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладней, яго маці, княгіні Чартарыйскай. Я часта думаю пра іх, праязджаючы каля Воўчынскага касцёла, уяўляю, як яны жылі. Тут жа былі іх палацы, аранжарэі са складанай сістэмай меліярацыі, дзясяткі іншых пабудоў. Сотні людзей з ваколіц гнулі спіны, апрацоўваючы панскія землі. І што ад той раскошы засталося праз сотню-другую гадоў?

Анічога. Праўда, касцёл апошнім часам адрэстаўравалі. Ды і тое, можна сказаць, выпадкова. Знайшоўся энтузіяст, архітэктар з-за Буга, які адшукаў спонсараў і аднавіў помнік архітэктуры. Усё астатняе стала пылам і зямлёй, і мала хто хоць бы нешта ведае пра асоб, якія гэтай зямлёй уладарылі.

Дык ці ёсць вялікі сэнс у тым, каб узводзіць раскошныя палацы, множыць багацце, плесці інтрыгі, нажываць сабе ворагаў, змагацца з імі, траціць на гэта жыццё? Праўда, названыя персанажы, несумненна, засталіся ў гісторыі, пра іх напісаны тамы, ім прысвечаны творы мастацтва. А вось ад большасці людзей, як казаў герой фільма «Дажывём да панядзелка», застаецца працяжнік паміж гадамі жыцця. Пашанцавала таму, хто можа пакінуць пасля сябе добрую кнігу, помнік архітэктуры, сямейную традыцыю, пачаткам якіх была тая самая думка, мысль, якую чалавек пранёс праз усё жыццё. Думка ж часам можа нарадзіцца са здольнасці заўважыць прыгажосць, не прайсці міма яе...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.