Вы тут

Ненатольная прага хады


Лягчэй за ўсё параўноўваць чалавечае жыццё з той самай доўгай дарогай, на якой пражытыя табой гады — толькі нейкія верставыя слупы. Такое, верагодна, задавальняе паэта, але ніколі не задаволіць самога хадака, які ведае, колькі каштуе кожны крок на гэтай дараванай Богам дарозе, як давалася яму сама хада.


Алесь Марціновіч.

А жыццё чалавечае не жадае супыну, бо не мае яго і сам час. Заўсёды на зямлі недзе ідуць ці малыя, ці вялікія войны, руйнуюцца імперыі, падаюць троны, нараджаюцца новыя геніі. Старэем мы, сталеюць нашы дзеці, падрастаюць унукі. Адны людзі адыходзяць з гэтага жыцця, а іншыя прыходзяць у яго.

У гэтай жыццёвай несупыннасці і пераемнасці кожны чалавек заўсёды абапіраецца на посах сваёй памяці. А чым жа яшчэ, як не памяццю, і моцны, і дужы чалавек. Мабыць, таму мяне так і здзівіла разважанне маладога яшчэ тады аўтара Алеся Марціновіча, якое я толькі сёння адкрыў для сябе, а некалі проста перагарнуў старонкі яго першай крытычнай кнігі з такой унушальнай назвай «Далучанасць». Аўтограф сведчыць, што кніга падпісана мне 4 верасня 1990 года, у хуткім часе пасля таго, як выйшла з друку. І вось радкі з яе, якія б мне хацелася сёння працытаваць: «Будуць праходзіць новыя месяцы, мінаць гады, можа, нават атрымацца і так, што калі-небудзь у жыцці тваім настане момант, калі перад шырынёй і значнасцю новых даляглядаў тое, учарашняе, амаль што дзіцячае, падасца дробязным, не вартым асаблівай увагі. Сентыментальным нават. Не спяшайцеся, аднак, паліць за сабой масты. Няхай запалка гэтай абыякавасці і раўнадушша да памяці, да ўчарашняга моцна і балюча апячэ пальцы твае, ды так, каб душа ўся ўзварухнулася, каб сорамна і ніякавата стала». Дык як вам такое, усхваляванае і ўнутрана акрэсленае? Мяне яно і надта кранула. Гэтак заклапочана прамаўляецца пра нашу зямлю, пра свае карані і тое самае дзяцінства, з якога ў любога чалавека ўсё і пачынаецца. І падумалася адразу пра многае і, вядома ж, у першую чаргу пра нашу літаратуру, далучанасць да якой у Алеся Марціновіча самая арганічная і даўняя.

Агульны малюнак усяго літаратурнага працэсу можна скласці менавіта па яго артыкулах, шматлікіх эсэ і рэцэнзіях. Ды радкі з гэтай ранняй кнігі сведчаць, хутчэй за ўсё, што перад намі не абяцаны нашай літаратуры крытык, а ўдумлівы, з лірычным ухілам празаік. А ён, як і шмат хто з нас, пачынаў са сціплай раённай журналістыкі. Спашлёмся на біяграфічнае прызнанне самога пісьменніка: «Часта ў думках вяртаюся ў 1969 год, які стаў першым годам маёй газетнай дзейнасці… Апынуўшыся пасля сталіцы ў невялікім гарадку на Брэстчыне (у Драгічыне. — К. К.), я сумаваў па Мінску, а яшчэ самотлівей станавілася ад усведамлення таго, што не змог замацавацца ў ім, хоць практычна гэта і немагчыма было зрабіць пры ўсім жаданні: наш выпуск 1968 года, які быў першым пасля таго, як аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта “патрапіла” пад чарговую Пастанову ЦК КПСС, дакладную назву якой з цягам часу я запамятаваў, але сутнасць яе зводзілася да таго, што ўказвалася на неабходнасць узмацняць кадрамі раённыя газеты — а каму гэта найперш рабіць, як не маладым спецыялістам! Так я і трапіў у Драгічын, што да ўсяго аказаўся далёка ад Капыльшчыны, дзе жылі мае бацькі, да якіх, будучы студэнтам, наведваўся больш-менш рэгулярна. Цяпер жа, зразумела, падобная мажлівасць знікла, а гэта не сказаць  каб прыўзнімала настрой».

Я, хто сам дабравата паспрабаваў «смаку» таго няўседнага і мітуслівага жыцця раёнкі, ведаю, што значыць для творцы засядзецца ў яе хай і ўтульным крэсле. «Колькі талентаў звялося», кажучы словамі земляка, і праз яе, раёнку, таксама. Бо тут, як нідзе, трэба заўсёды, як жартуюць, з лесу ды адразу ў печ. Толькі, бывала, з’явішся з дзённай камандзіроўкі ў калгас — і тут жа адразу садзішся за стол і пішаш тэрміновыя радкі ў набор. Пра нейкую «вынашанасць матэрыялу» нават і гаворкі не можа быць. Таму я добра разумею прыведзенае вышэй прызнанне Марціновіча.

Чаму ён выбраў менавіта крытыку? У яго ўжо на самым пачатку, як казаў я вышэй, бачыліся добрыя задаткі празаіка. Гэтае пытанне я ніколі не задаваў яму, як і не пытаўся, ці пісаў ён калі вершы. Бо адчуванне і разуменне паэзіі ў яго выключнае. Магчыма, гэтая якасць добра слугуе яму і ў яго крытычным шчыраванні. Думаю, сам творчы кірунак падказала яму і праца ў рэдакцыі «ЛіМа», дзе доўгі час набіралася моцы і сталела яго нястомнае пяро. Трапіць у літаратурнае выданне такога маштабу адразу пасля першых крокаў у раённай газеце — хіба не шчасце для маладога журналіста?! Тут жа само паветра, самі сцены спрыяюць творчасці. Чаго варты адны сустрэчы і знаёмствы з калегамі, з вядомымі пісьменнікамі. Ты ў курсе ўсяго літаратурнага жыцця і нават сам прымаеш у ім непасрэдны ўдзел.

Я ў той час працаваў на Рэспубліканскім радыё, дзе нас, можа, нават крыху і зневажальна калегі называлі «літаратуршчыкамі». Добра памятаю, як мы зайздросцілі ім, супрацоўнікам літаратурных айчынных выданняў. У іх жа зусім інакшае жыццё, нават дзень рабочы намнога карацейшы. Значыць, ёсць час і для ўласнай творчай працы. Здаецца, там, у рэдакцыі, мы калісьці з ім упершыню і сустрэліся, і пазнаёміліся. І пры першым жа знаёмстве выявілася, што мелі мы шчасце працаваць у адной і той жа Капыльскай раённай газеце, хоць і ў розныя гады. Нават ужо гэта ў нейкай меры збліжала і надавала даверу. Ды і таварыскасці душэўнай Алесевай можна было пазайздросціць. Убачыў я ў ім чалавека простага, без фанабэрыі. Ён і жарт добры любіць, і размову любую падтрымаць умее. Такія людзі мне падабаюцца. З імі я лёгка сыходжуся. Мы з ім і належым да аднаго пакалення, якое з чыёйсьці лёгкай рукі назвалі калісьці філалагічным. Гэта нібыта нейкі папрок, што наша веданне жыцця замкнута толькі рамкамі філфака. А праз той жа філфак прайшлі і нашы папярэднікі, і паслядоўнікі, і будуць гэтым шляхам ісці іншыя пакаленні.

Пачынаў з філфака і Алесь Марціновіч. Праўда, тут жа перавёўся на журналістыку. Тады нам здавалася, што так прэстыжней. А час засведчыў, што асоба пісьменніка фарміруецца менавіта ў ім, самім часе, на яго дарогах і скрыжаваннях, а не на нейкім там факультэце. «Хто цябе навучыць пісаць, калі ты не маеш таленту!» — сцвярджаў потым і я сам, крыху хапіўшы творчай гарэзнасці. Ці не пра тое ж крычаць і сённяшнія маладыя. На свой літаратурны абсяг Алесь Марціновіч ступаў спакваля, шмат прачытаўшы літаратуры — і класічнай, і сучаснай, добра ўзважыўшы ўсе свае магчымасці і выдатна арыентуючыся ў самім літаратурным працэсе.

Як крытык Алесь Марціновіч пачынаў з кароткіх водгукаў і рэцэнзій на кнігі. Праца рэцэнзента, магчыма, самая няўдзячная, але заўсёды запатрабаваная ў кожным літаратурным выданні. Ведаю гэта, бо і сам у свой час працаваў загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства ў часопісе «Полымя», падстрахоўваў той жа аддзел, калі быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Ведаю, як цяжка часам заказаць рэцэнзію на новую кнігу таго ці іншага аўтара.

Далучанасць для крытыка Марціновіча, які адзначае свой 75-гадовы юбілей, гэта перш за ўсё сумленнасць. Толькі сумленнасць дазваляе яму быць не суддзёй, а добрым суразмоўцам аўтару там, дзе трэба прадчуваць і адчуваць, а часам здагадвацца і нідзе нічога не навязваць. Хай недзе і падказваць, але не вучыць і павучаць, не трацячы пры гэтым веры ў аўтара. І адзіны крытэрый, адна мерка падыходу для кожнага аўтара — сталы той ці яшчэ пачатковец. Да кожнага — з меркай праўдзівасці і сумленнасці. Кожнаму тое, чаго заслугоўвае.

У яго няма нейкага спіса ўлюбёных аўтараў. Але не знойдзеш у пераліку тых, пра каго пісаў Алесь Марціновіч, і імён выпадковых. У абсягу яго ўвагі — не толькі імёны, шырока вядомыя ў краіне і за яе межамі, але і тыя, каго мы яшчэ як след не адкрылі для сябе, але чыя творчасць вартая ўвагі і даўно чакае добрага і шчырага слова. Нібыта сабе самому, але і ўсім нам, ягоным чытачам, у артыкуле пра Івана Мележа ён аднойчы пажадае: «Паспяшайся, браце, скажы добрае слова таму, хто яго заслужыў. Яно ні ў якім разе не будзе лішнім». Гэта пажаданне і ёсць жыццёвы і творчы прынцып вядомага пісьменніка.

Сёння яму зацесна ў рамках толькі аднае крытыкі. І ўжо больш як два дзесяцігоддзі ён плённа працуе ў галіне гістарычнай прозы. Ён шмат рабіў і робіць, вяртаючы нам з мінуўшчыны забытыя імёны. А гэта праца хоць і не простая, але ўдзячная і патрэбная. Алесь Марціновіч добра разумее, што сёння і заўтра будзе патрэбна літаратура, якая б вяртала нам гістарычную памяць, бо нельга будаваць будучыню, не ўсведамляючы і не адчуваючы сваіх вытокаў. Ад вялікіх рэк трэба заўсёды вяртацца да першакрыніц. «Даўно ўжо час разабрацца дасканала ў сваім нацыянальным радаводзе, — зазначае Алесь Марціновіч, — лепей спазнаць багатую гісторыю бацькаўшчыны.

А зрабіць гэта можна і пазнаёміўшыся з жыццём нашых выдатных землякоў, хто ў розныя часы праслаўляў сваёй працай, сваім талентам не толькі Беларусь, а нярэдка аказваў уплыў на развіццё ўсяго чалавецтва».

Гэтыя словы ў першую чаргу адрасаваліся самому сабе. Тут жа неўзабаве з’явіўся двухтомнік цікавых і змястоўных нарысаў ды эсэ «Хто мы, адкуль мы…» А далей былі кнігі «Элегіі забытых дарог», «Птушкі з пакінутых гнёздаў», «Маладзік над заснежаным полем», «Пяшчота апалага лісця», «Успамін пра Будучыню»… У яго аўтарскай серыі «Гісторыя праз лёсы», адрасаванай школьнікам,  ужо выйшла 10 тамоў. У кожным па тры кнігі. Запланаваны яшчэ два тамы. 236 імёнаў. І ў кожным  свой асаблівы змест, вялікая аўтарская праца.

Зацікаўленасць гісторыяй не з’яўляецца сама па сабе. Часцей за ўсё яна ўзнікае ад начытанага, а то і ад прыроднай дапытлівасці. Шмат пра што гаворыць і тое, што нарадзіўся пісьменнік у настаўніцкай сям’і на Случчыне. Словы «ў сям’і настаўнікаў» заўсёды змушаюць глядзець на чалавека з асаблівай павагай, добрым даверам і адкрытасцю. Магчыма, гэта маё асабістае, сялянскае. Здаецца, сваёй шчырасцю, адкрытасцю, паслядоўнасцю і творчай нястомнасцю пісьменнік Марціновіч, сын Андрэеў, і на самай справе апраўдвае мой давер. Ды чаму толькі мой? Усёй нашай літаратуры.

Што тычыць нястомнасці, дык гэтая якасць у Алеся Марціновіча сапраўды, відаць, прыроджаная. Створанае і выдадзенае ім ніяк не ўмесціш на адной кніжнай паліцы. Гэта цэлая бібліятэка аднаго пісьменніка, цэлая кніжная школа, дзе вучнямі абавязкова будуць яны, чытачы будучага. Усё тое, што пісьменнікам вернута з мінулага, адрасавана менавіта ім.

Здаецца, у яго няўтольнай хадзе па жыцці ніколі не было прыпынкаў, была тая хада заўсёды роўнай і ўпэўненай. Не скардзіўся ён і на нейкую няўвагу, амаль не згадваў пра сваё сумнае ды балючае. Як быццам не сутыкаўся з ім. Ды не, скажа ён сам, так у жыцці не бывае. Пра самае балючае ўсё-ткі сказаў аднойчы, але чамусьці ў гумарыстычнай кнізе «Былое, але не думы», і ў самым канцы. Было і ў яго… А так, здаецца, у гэтым жыцці ён не пакрыўджаны. Мае шмат і ўзнагарод за сваю нястомную працу на карысць Бацькаўшчыны. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, і званне заслужанага мае, і яшчэ шмат іншых узнагарод.

Мне радасна, што было ў нас з ім шмат розных сумесных сустрэч і дарог. А вось адну, што даўно планавалі, на Капыльшчыну, так і не здзейснілі. Можа, час дапаможа. Шчыра прызнаюся, з ім цікава і на працы, і ў дарозе. Любіць ён і добры дасціпны жарт, падхопіць яго заўсёды, нават калі сядзіць за маніторам рабочага камп’ютара. А без камп’ютара, як і без кнігі, мне яго ўявіць цяжка.

Як і без дарогі, як і без ненатольнай хады па ёй. Адчуваю і сёння: прага гэтай хады ў яго ненатольная.

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?