У экспазіцыйнай зале Музея гісторыі беларускага кіно адкрылася персанальная выстаўка дасведчанага мастака-дэкаратара і мастака-пастаноўшчыка Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Івана Рагаценя «50 гадоў у кіно». Адкрыццё экспазіцыі прыпала акурат на 75-гадовы юбілей кінематаграфіста. Увазе наведвальнікаў — матэрыялы творчай лабараторыі мастака: чарцяжы, эскізы, запісы, прылады працы і іншыя цікавыя артэфакты, якія дазваляюць зазірнуць за кінаэкран і рассунуць межы знакамітых кадраў.
Вытокі творчасці
Іван Рагацень, паступіўшы на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, першапачаткова планаваў звязаць сваё жыццё з дойлідствам, але праз шэраг акалічнасцей апынуўся ў кіно. Як расказаў сам мэтр у нядаўнім інтэрв’ю, яго аднакурснікам быў родны брат славутага кінааператара Юрыя Марухіна — Вячаслаў. Ён і пазнаёміў Івана са сталічнай кінасуполкай. Калі аднойчы маладому чалавеку спатрэбілася ўзяць акадэмічны адпачынак, Вячаслаў прапанаваў яму падпрацоўку на студыі на гэты час. Так Іван Рагацень трапіў на здымачную пляцоўку, дзе і правёў наступныя 50 гадоў.
Першым вопытам у кіно стала асісціраванне мастаку ў 1968 годзе на здымках дзіцячага фільма «Мы з Вулканам» (рэж. Валянцін Пяроў). Некаторыя эпізоды карціны адбываліся на будаўнічай пляцоўцы, і маладому спецыялісту нават даверылі зрабіць адну дэкарацыю — звычайную бытоўку з навесам, прызначаным для гульні ў даміно. Навыкі архітэктара аказаліся тут вельмі дарэчы. Як успамінае Іван Аляксандравіч, ён дужа хваляваўся, але заданне ўсё ж выканаў добра. Уласна, з такога няхітрага практыкавання і пачаўся доўгі шлях у кінематографе творцы, сёння аднаго з самых заслужаных і запатрабаваных.
Наступным праектам у партфоліа стала работа (ужо ў якасці мастака-дэкаратара) над фільмам «Я, Францыск Скарына» (1969 год). Гэтым разам калегі па здымачнай пляцоўцы падабраліся масцітыя: рэжысёрам баёпіка выступіў Барыс Сцяпанаў, а ў галоўнай ролі зняўся Алег Янкоўскі. Дэкаратару было даручана ўзнавіць двор Ягелонскага ўніверсітэта. Задача для пачаткоўца, мякка кажучы, няпростая і да таго ж вельмі адказная, але ўсё атрымалася. Дарэчы, на выстаўцы ёсць цікавы эскіз друкарскага станка Францыска Скарыны, адноўленага для здымак у дакладнай адпаведнасці з рэальным прататыпам.
Мастацкія выклікі
Па-сапраўднаму вялікая праца пачалася з фільма «Магіла льва» (рэж. Валерый Рубінчык, 1971 год). Стужка, знятая па матывах паэмы Янкі Купалы, якая ў сваю чаргу заснавана на народных паданнях беларусаў, вычарпальна прадэманстравала ўвесь маштаб таленту маладога аўтара. І мы не памыляемся, ужываючы гэтае слова! Трэба быць сапраўдным аўтарам, мець сваё бачанне і нават пэўную дзёрзкасць, каб зладзіць штосьці падобнае. З усіх прыкладаў, экспанаваных на выстаўцы, мастацкае рашэнне гэтага фільма ўражвае найбольш. Невыпадкова менавіта дадзеная работа абрана ў якасці пункту адліку.
Чарцяжы і эскізы нярэдка суседнічаюць на стэндах з кадрамі гатовых фільмаў, каб можна было параўнаць першапачатковую задуму і яе рэалізацыю. Але больш цікава паглядзець зманціраваны фрагмент карціны, у якім фігуруюць самыя прыкметныя мастакоўскія прыдумкі. Арганізатары пакінулі наведвальнікам і такую магчымасць, размясціўшы ў цэнтры экспазіцыі тэлеманітор. Ён бесперапынна трансліруе падборку з розных, найбольш заўважных работ кінамастака. Апроч іншых, паказаны і асобныя эпізоды з «Магілы льва». Паверце, вам не хопіць часу, каб удосталь нацешыцца тымі дэкарацыямі.
Праца была прароблена каласальная. Інтэр’еры замка Усяслава ў кульмінацыйны момант «траянскага» пранікнення туды мсціўца Машэкі нагадваюць адначасова і вобразы дахрысціянскай архітэктуры з першабытнай энергетыкай, і скажоныя дэкарацыі фільмаў нямецкага кінаэкспрэсіянізму 1920-х. Непрактычнасць, нерэалістычнасць і нават некаторая перакручанасць прасторы добра суадносяцца з характарам сцэны, а змрочнасць памяшканняў яшчэ мацней згушчае атмасферу. У спалучэнні з жудаснай музыкай, рытмічным мантажом і выверанай харэаграфіяй, а таксама неверагоднымі касцюмамі і грымам, якія да прагляду і ўявіць было б складана, дэкарацыі робяць гэтую сцэну амаль што ўзорным кінавідовішчам.
Акрамя фільмаў, заснаваных на міфалогіі, ды гістарычных карцін у сярэднявечным антуражы, у скарбонцы мастака, само сабой, шмат стужак і на тэму Вялікай Айчыннай. Корпус ваеннага кіно, як вядома, складае важную частку ўсяго беларускага кінематографа. Івану Рагаценю давялося папрацаваць на гэтай ніве з многімі буйнымі рэжысёрамі: з Віталем Чацверыковым над «Полымем» (1974), з Валерыем Рубінчыкам над «Вянком санетаў» (1976), з Міхаілам Пташуком над карцінай «У жніўні 44-га» (2001). Дзеля сіметрычнасці дадамо сюды яшчэ Міхаіла Сегала з яго фільмам «Франц + Паліна» (2006).
Гордасцю Нацыянальнай кінастудыі і самога кінамастака, сапраўдным здабыткам айчыннага кіно з’яўляецца мастацкае рашэнне «Вянка санетаў». Вельмі ганарыцца дэкаратар і работай над фільмам «Полымя», на здымках якога ўзводзілі цэлую невялікую вёску (каб потым яе спаліць). Галоўнымі эпітэтамі для апісання прафесійнага падыходу творцы маглі б стаць «скрупулёзны» і «карпатлівы», бо нават пры стварэнні вёскі, якая завочна была асуджана на гібель, мастак праявіў незвычайную ўпартасць у дасягненні натуральнасці. Проста, па назіранні майстра, плёнка не церпіць недакладнасцей…
Прафесія ў дэталях
Найбольшую цікавасць на выстаўцы ўяўляюць арыгінальныя чарцяжы і эскізы Івана Рагаценя. Многія з іх змяшчаюць кароткія (а дзе і не зусім) нататкі, якія праліваюць святло на некаторыя асаблівасці працы дэкаратара і мастака-пастаноўшчыка. Па-першае, як высвятляецца, такая прафесія патрабуе ад чалавека ўніверсальнасці ведаў і вялікай эрудыцыі. Мастак-пастаноўшчык, мяркуючы па экспазіцыі, — той, хто разбіраецца (хаця б павярхоўна) ва ўсіх гістарычных эпохах і мастацкіх стылях, у армейскай амуніцыі і сельскагаспадарчых прыладах, у высокай модзе і нават у караблебудаўніцтве.
Цікава чытаць падобныя тэхнічныя заўвагі побач з малюнкамі: «На плыце ўстанавіць дзве армейскія ручныя лябёдкі з тросамі 250 м» або «Чарназём 4—10 см; штучныя галінкі прывязаць да тонкіх прутоў; таматы прывязаць» і інш. Апошні запіс датычыцца стварэння дэкарацыі цяпліцы для расійскага серыяла «Ажаніць мільянера» (2010). Уражанне ўзмацняюць вітрыны з мастакоўскімі прыладамі, якія наўмысна раскладзены так, каб імітаваць творчы беспарадак. Сярод абавязковых інструментаў кінамастака — пэндзлі, ручкі, фламастары, вядома ж, алоўкі. Да іх дадаюцца скотч, рулетка, цыркуль, нажніцы і інш.
Дзеля справядлівасці трэба зазначыць: фармат экспазіцыі, шчыра кажучы, мог быць больш разгорнутым. Тым не менш наведаць яе мае сэнс, асабліва калі вы цікавіцеся прафесіяй кінамастака. Ды і іншай магчымасці паразглядваць арыгінальныя малюнкі вядомага майстра, парасчытваць цікавыя пазнакі на палях можа не прадставіцца. Музейшчыкі зманціравалі займальную падборку кінафрагментаў.
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.