Вы тут

На выязной сесіі дэпутаты Брэсцкага аблсавета абмеркавалі праблемы фермерства


Выязное пасяджэнне сесіі Брэсцкага аблсавета праходзіла ў Ляхавіцкім раёне. Дэпутаты разгледзелі пытанне эфектыўнасці работы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Перад пленарным пасяджэннем удзельнікі сесіі наведалі некалькі такіх гаспадарак, а таксама азнаёміліся з работай Ляхавіцкага кансервавага завода.


Найлепшыя яблыкі і грушы

Адна са старэйшых фермерскіх гаспадарак Ляхавіцкага раёна «Уладзімір плюс» мае 18 гадоў гісторыі, спецыялізуецца на вырошчванні яблыкаў і чорных парэчак. На 50 гектарах яблыневага саду вырошчваюцца сусветныя сарты яблынь. Ёсць уласнае сховішча, дасканалая структура халоднага захоўвання дае магчымасць прапаноўваць на рынак прадукцыю амаль кожны год. Акрамя таго, кампанія працуе над аптымізацыяй упаковачных матэрыялаў.

Аграном гаспадаркі Яўген Дземідовіч паказаў плантацыі чорных парэчак, якая паспела і гатовая да ўборкі. Паводле водгукаў спецыялістаў і калег, кіраўнік гаспадаркі «Уладзімір плюс» працуе творча, выкарыстоўвае найноўшыя навуковыя распрацоўкі, значныя сродкі ўкладвае ў развіццё тэхнікі і тэхналогіі. Адсюль — вынікі.

Другая гаспадарка, якую наведалі, размешчана ў вёсцы Альхоўцы. «Яблыневы пасад» узнік год таму фактычна на пустцы. Але за гэты час у вытворчасць укладзена каля 5 мільёнаў еўра. Узведзены адміністрацыйна-гаспадарчыя пабудовы. Пасаджаны яблыневы сад, плануецца пасадка груш.

На кансервавы завод удзельнікі сесіі накіраваліся, каб пагаварыць аб перапрацоўцы прадукцыі. Завод сёння выпускае 150 найменняў вырабаў і купляе сыравіну ў прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Наведвальнікі змаглі пераканацца, што невялікае перапрацоўчае прадпрыемства працуе мабільна, тут выкарыстоўваюцца найноўшыя формы ўпакоўкі, каб задаволіць самы розны попыт патэнцыяльных пакупнікоў.

Пра ўзаемаадносіны вытворцаў і перапрацоўшчыкаў казаў пры адкрыцці сесіі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. Губернатар таксама зрабіў акцэнт на беражлівым стаўленні да зямлі: «Як фермеру атрымаць зямлю, прапісана ў законе. Ёсць дакладная працэдура. А далей патрэбнае культурнае, беражлівае стаўленне, і вынікам стане высокая аддача. На гэта павінны звяртаць увагу мясцовыя органы ўлады. Хто працуе, таму і варта даваць зямлю».

Сродкі — у развіццё

Як сведчыць статыстыка, фермераў, якія ўмеюць працаваць, у рэгіёне нямала. На пачатак года ў вобласці было зарэгістравана 766 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. За апошнія пяць гадоў іх колькасць павялічылася на 18 працэнтаў, альбо на 114 гаспадарак. Цяпер у гэтым сектары эканомікі занята каля трох тысяч чалавек. У карыстанні СФГ знаходзіцца 37,4 тысячы гектара, гэта ў паўтара раза больш, чым шэсць гадоў таму. За 2016—2020 гады валавая прадукцыя фермерскіх гаспадарак вырасла ў 2,1 раза, а доля ў сельгасвытворчасці вобласці павялічылася з 3,5 працэнта ў 2016 годзе да 5,3 — у 2020-м.

Большасць фермерскіх гаспадарак спецыялізуецца на раслінаводстве — тут вырошчваюць збожжавыя і агародніну, а таксама фрукты. За шэсць гадоў амаль ў 5 разоў вырасла вытворчасць садавіны і ягад. Іх доля, дарэчы, у абласным аб'ёме вытворчасці дасягнула 40 працэнтаў, фермерскай агародніны цяпер больш за 50 працэнтаў.

Такія лічбы ў сваім дакладзе прывёў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ. Паводле яго слоў, па асобных пазіцыях фермерскія гаспадаркі адыгрываюць вялікую ролю ў эканоміцы рэгіёна. Напрыклад, аб'ём інвестыцый у асноўны капітал у гэтым сектары вырас у чатыры разы за пяцігодку. Значная частка сродкаў была накіравана на будаўніча-мантажныя работы, астатняя частка — на набыццё машын і абсталявання. Напрыклад, летась фермерскія гаспадаркі купілі 73 трактары, 16 камбайнаў, 7 грузавых аўтамабіляў, 17 адзінак іншай тэхнікі і абсталявання.

І ў пачатку гэтага года на балансе гаспадарак было больш за 1120 трактароў, 149 грузавікоў, дзясяткі відаў іншай тэхнікі. Вядома, не ўсе маюць раўназначны тэхнічны парк. Напрыклад, у фермерскай гаспадарцы «Альшаны» Столінскага раёна на машынным двары — 27 трактароў, 10 электракараў, шэсць грузавікоў.

Можна гаварыць і пра аб'ёмы вытворчасці, якія малымі не назавеш. Напрыклад, летась фермеры вобласці вырасцілі 205 тысяч тон агародніны, 98 тысяч тон бульбы, 40 тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур, 21 тысячу тон цукровых буракоў. Усё больш заўважным робіцца ўклад фермераў у вытворчасць фруктаў і ягад. Гаспадары хутка рэагуюць на змену кан'юнктуры рынку і клімат, вырошчваюць тыя культуры, якія для сельгасарганізацый выглядаюць працаёмкімі, маюцца на ўвазе буякі, суніцы садовыя, бахчавыя, вінаград, арэхі.

Аб'ёмы і экспарт

Вядома, асноўныя аб'ёмы прадукцыі — на рахунку гаспадарак, якія маюць сховішчы і абсталяванне для перадпродажнай падрыхтоўкі. Як прыклад, можна назваць фермерскую гаспадарку «Навіцкіх» Лунінецкага раёна, якая летась вырасціла 49 тысяч тон морквы, 1,4 тысячы тон буракоў, 32 тысячы тон бульбы з рэкорднай ураджайнасцю. У гаспадарцы ёсць памяшканне для агародніны, лінія па апрацоўцы і ўпакоўцы бульбы і морквы ў пакеты ад 0,5 кілаграма да 25 кілаграмаў.

Фермерская гаспадарка «Альшаны» Столінскага раёна завяршыла рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве 10 гектараў зімовых цяпліц. Гаспадарка вырошчвае памідоры, капусту, моркву, агуркі, буракі, а яшчэ яблыкі, грушы, слівы, чарэшні. Захоўваць прадукцыю дапамагаюць чатыры сховішчы. Асноўныя аб'ёмы вырашчанага абедзве гаспадаркі пастаўляюць у Расійскую Федэрацыю.

Вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі летась займаліся 87 фермерскіх гаспадарак. У асноўным гадуюць буйную рагатую жывёлу, авечак, птушку. Ёсць і тыя, хто спецыялізуецца на гадоўлі трусоў, страусаў, займаецца пчалярствам. Адзін фермер у Брэсцкім раёне гадуе перапёлак і прадае яйкі. Самыя вялікія аб'ёмы вытворчасці малака — у фермерскіх гаспадарках «Юліян» Лунінецкага раёна і «Вілія-Агра» Кобрынскага раёна. Гаспадарка «Прыбужская» Брэсцкага раёна гадуе 3,7 тысячы галоў свіней. Так што і жывёлагадоўлю фермеры Брэстчыны асвойваюць.

Нямала прадукцыі сялянскіх гаспадарак прадаецца за межы краіны. Геаграфія экспартных паставак налічвае 13 краін. Найперш гэта Расія, за ёй ідуць Украіна, Казахстан, КНР і іншыя.

Паводле слоў старшыні аблсавета, у цэлым фермерскія гаспадаркі даказалі сваю эфектыўнасць. Найбольш паспяхова развіваюцца тыя з іх, якія ўкладваюць сродкі ў развіццё вытворчасці, чуйна рэагуюць на патрэбы спажывецкага рынку. І ўжо ёсць выпадкі, калі паспяховыя фермерскія гаспадаркі набылі неплацежаздольныя сельгасарганізацыі. Напрыклад, у 2018 годзе КСУП «Міжлескае» Лунінецкага раёна было прададзена фермерскай гаспадарцы «Навіцкіх». Годам пазней КСУП «Рубельскі» Столінскага раёна набывае фермер гэтага раёна. З пераходам да новых уласнікаў вытворчыя паказчыкі былых калгасаў палепшыліся, пагашаны пратэрмінаваныя абавязацельствы, вырасла заработная плата работнікаў. Фермерскія гаспадаркі таксама выступаюць пакупнікамі асобных маёмасных комплексаў сельгасарганізацый у ходзе працэдуры банкруцтва.

Зямля, што дачакалася фермера

У Ляхавіцкім раёне, які прымаў выязную сесію, зарэгістравана 27 фермерскіх гаспадарак, за апошнія пяць гадоў было ўтворана 10 гаспадарак, тром гаспадаркам давялося вярнуць зямлю з прычыны неэфектыўнага выкарыстання. Сярод новых у Ляхавіцкім раёне — ФГ «Фартуна» і «Фораланд».

Узяць першую тысячу гектараў зямлі, якую не здолеў апрацоўваць райаграсэрвіс, вядомым баранавіцкім фермерам прапанавала кіраўніцтва раёна. Атрымаўшы зямлю, «Фартуна» хутка яе акультурыла, таму атрымала прапанову узяць яшчэ кавалак зямлі, які не выкарыстоўваўся. Так узнікла «Фораланд». Агульная плошча зямлі ФГ перавысіла 3 тысячы гектараў, з іх 1250 — кустоўе і лугі, якія таксама пазарасталі кустоўем.

Перад дэпутатамі выступіла прадстаўнік фермерскіх гаспадарак Галіна Матус:

— Ужо амаль тры гады два «Амкадоры» штодня вядуць работу па навядзенні парадку на зямлі, — сказала Галіна Аркадзеўна. — На гэта пайшло ўжо больш за 500 тысяч рублёў. Па просьбе сельвыканкамаў было знесена 48 безгаспадарных паўразваленых хутароў. Вядзецца работа па выкарчоўванні кустоўя, барацьбе з пустазеллем і акультурванні глебы, уносяцца ўсе неабходныя ўгнаенні для аднаўлення яе ўрадлівасці.

У выніку летась на гэтай зямлі было атрымана 2800 тон збожжавых, 1040 тон рапсу, 15 тысяч тон цукровых буракоў. Такім чынам фермерская гаспадарка выканала 75 працэнтаў дзяржзаказу раёна па пшаніцы і столькі ж па цукровых бураках, — рэзюмавала фермер.

Дэпутаты і фермеры абмеркавалі шэраг праблемных момантаў, акрэслілі шляхі іх вырашэння.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Ляхавіцкі раён

Загаловак у газеце: «Хто працуе, таму варта даваць зямлю»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.