Вы тут

У Віцебскай вобласці Беларусі рэалізуецца праект для спрыяння развіццю фермерскіх гаспадарак


У паўночнай вобласці Беларусі пачынаюць рэалізоўваць пілотны праект для спрыяння развіццю фермерскіх гаспадарак. Прадстаўнічая ўлада таксама возьме самы актыўны ўдзел у яго рэалізацыі. Прэзентацыя ідэі, якая стане «першай ластаўкай» у краіне, эксперыментам, які будзе пры станоўчым выніку пераняты іншымі, адбылася ў аблвыканкаме ў фармаце відэаканферэнцыі. І ў мерапрыемстве, акрамя кіраўнікоў органаў мясцовай выканаўчай улады, бралі ўдзел старшыні раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.


Фота: pixabay.com

«Трэба падставіць плячо!»

У Падзвінні каля 450 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што работа на зямлі — традыцыйны ўклад жыцця беларусаў. І трэба, як кажуць у народзе, падставіць плячо тым, хто можа па-гаспадарску выкарыстоўваць землі, якія пустуюць, займацца здачай малака ў вялікай колькасці, жывёлагадоўляй і гэтак далей.

Абласная ўлада разумее, што буйным сельскагаспадарчым структурам, мякка кажучы, нецікава траціць рэсурсы, каб неяк выкарыстоўваць, напрыклад, фермы, пабудаваныя дзясяткі гадоў таму. А для фермера, калі ён зразумее, што атрымае фінансавае заахвочванне, такія аб'екты акажуцца вельмі дарэчы.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса рэгіёна падкрэсліў, што трэба максімальна садзейнічаць на ўсіх узроўнях, каб пілотны праект быў рэалізаваны паспяхова. Потым вопыт можна будзе выкарыстоўваць у іншых абласцях краіны.

Патэнцыял добры

Наконт укладу фермераў у эканоміку вобласці: пакуль ён не маштабны.

У прыватнасці, у рэгіянальны валавы прадукт — на сёння да 3 %. І ёсць надзея, што рэалізацыя пілотнага фермерскага праекта ў ліку іншага дазволіць гэты паказчык павялічыць больш чым у два разы. Бо на суседняй Магілёўшчыне, напрыклад, гэтая лічба на некалькі працэнтаў большая, а ў заходніх абласцях краіны адпаведны паказчык — 7-8 %. Такую статыстыку агучыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў. Ён перакананы, што ў фермерства Віцебшчыны добры патэнцыял. Гэта пацвярджаецца некалькімі станоўчымі прыкладамі падобнай дзейнасці. Дарэчы, больш за 92 % фермераў спецыялізуецца на раслінаводстве. Калі займацца з часам і жывёлагадоўляй, прыбытак будзе павялічвацца. Тым больш што ўлада гатовая перадаваць прыватнікам невялікія сельскагаспадарчыя аб'екты, якія нявыгадна выкарыстоўваць буйным аграрным холдынгам, што цяпер дзейнічаюць у вобласці, адзначыў віцэ-губернатар.

І калі стварыць добрыя ўмовы, дастойна аплачваць нялёгкую працу механізатараў і іншых работнікаў, людзі з задавальненнем будуць працаваць у сельскагаспадарчай арганізацыі.

Памочнік Прэзідэнта-інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч упэўнены, што фермеры яшчэ прадэманструюць шмат дасягненняў.

Зямля і людзі — галоўныя сродкі вытворчасці, якія пры эфектыўным падыходзе прынясуць добры прыбытак. Спецыяліст падкрэсліў, што пры рацыянальным падыходзе раслінаводства «пацягне за сабой» і жывёлагадоўлю.

У райвыканкамах падкажуць

Сустрэчы з фермерамі адказных асоб аблвыканкама, размовы з парламентарыямі, спецыялістамі банкаўскай справы былі вельмі карысныя пры выпрацоўцы праграмы падтрымкі.

Член Савета Рэспублікі, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Алег Жынгель расказаў, што не раз чуў ад «гаспадароў зямлі» словы аб неабходнасці разумення пэўных нюансаў. Банкаўская ўстанова спецыялізуецца на падтрымцы аграрыяў, нават тых, у каго проста прысядзібны ўчастак. Шмат зроблена і для развіцця сельскага турызму.

Каб не было цяганіны і каб крэдыты на прывабных умовах атрымалі самыя дастойныя, адпаведныя рашэнні будуць прымацца з удзелам спецыяльных камісій пры раённых выканаўчых камітэтах.

Будзе зроблена стаўка на падтрымку тых, хто хоча пашырыць дзейнасць — пачаць выкарыстоўваць будынкі, збудаванні, зямельныя ўчасткі, якія не выкарыстоўваюцца адэкватна.

Падчас прэзентацыі праекта было вырашана прадугледзець і фінансаванне дзейнасці тых, хто займаецца пчалярствам, рыбаводствам.

Умовы крэдытавання — пад 3 % гадавых, можна ўзяць да 50 тысяч рублёў. І калі мясцовая ўлада стане «гарантам», зразумела, што вылучэнне даступных грошай будзе спрошчана да мінімуму.

Рэкордная ўраджайнасць

Алег Піпчанка, фермер з Бешанковіцкага раёна, хоча пацясніць на айчынным рынку расійскіх і ўкраінскіх пастаўшчыкоў насеннага матэрыялу. Будзе прапаноўваць аналагічнае прыкладна ў два разы танней. І пры гэтым мяркуе прадаваць беларускую прадукцыю за мяжой. Цяпер праектуюць комплекс для вытворчасці насення. Каб загрузіць яго поўнасцю, не хапае каля шасці тысяч гектараў зямлі.

Сялянска-фермерская гаспадарка «Тэра Ностра», размешчаная побач з Сенненскім раёнам, спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур. Асаблівае месца ў дзейнасці займае вытворчасць насення высакаякасных збожжавых культур і траў. У цяперашні час пад збожжавыя культуры занята 3500 га ворных зямель, у тым ліку пад пшаніцу, жыта, ячмень.

Летась тут намалацілі прыкладна палову збожжа ў раёне. На некаторых участках ураджайнасць даходзіла да 92 цэнтнераў з гектара, а ў сярэднім — каля 40.

У штаце каля пяцідзесяці чалавек. Сярэдні заробак — прыблізна 2 тысячы рублёў у месяц.

Значыць, ёсць добры шанц!

Той жа фермер вырашыў будаваць інтэлектуальнае сховішча на тэрыторыі былога прадпрыемства сельскагаспадарчай вытворчасці. Работу атрымае больш за дзесяць чалавек, і заробкі будуць такія, што ім міжвольна пазайздросцяць гарадскія знаёмыя і сябры.

Часцей за ўсё атрымліваецца, калі бацькі фермеры, іх дзеці і ўнукі таксама зарабляюць на вёсцы. А гэта значыць, што, хай і не так хутка, як хацелася б, але ў Беларусі адраджаецца традыцыя продкаў: карміцца ад зямлі, прадаваць лішкі і добра на гэтым зарабляць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Гаспадарам — падтрымка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».