Вы тут

Маштабныя комплексныя вучэнні праходзяць ў Дзяржынскім раёне


Каля вёскі Садкаўшчына ў выніку моцнага ветру і дажджу на лінію электраперадачы ўпала дрэва — абарвалася высакавольтная лінія. Каб пад электрычнае напружанне не трапілі ні людзі, ні жывёліны, на месца надзвычайнай сітуацыі выехалі як ратавальнікі, так і энергетыкі, леснікі, супрацоўнікі міліцыі і медыцынскія работнікі.


Смяротнае напружанне

Нягледзячы на тое, што абрыў высакавольтнай лініі — толькі легенда вучэння, кожны са спецыялістаў прафесійна выканаў свае задачы. Падчас падобных мерапрыемстваў адбываецца ўзаемадзеянне прадстаўнікоў розных структур. І толькі іх зладжаныя сумесныя дзеянні гарантуюць поспех у рэальнай надзвычайнай сітуацыі. А як паказала гэтае лета, наступствы непагадзі могуць быць і такія.

— Літаральна днямі ў выніку ўзмацнення ветру і навальніцы падчас пашкоджання ліній электраперадачы адбылося масавае адключэнне электраэнергіі ў нашым раёне, — расказаў начальнік Дзяржынскіх раённых электрычных сетак Аляксандр ПІШЧЫК. — Увесь наш састаў быў мабілізаваны для ліквідацыі наступстваў непагадзі. Таксама нам аказвалі дапамогу калегі з Нясвіжскага, Клецкага і Стаўбцоўскага раёнаў. У цяперашні момант на прасеках, дзе праходзяць высакавольтныя лініі электраперадачы, у нашым раёне адбываюцца мерапрыемствы па замене неізаляваных правадоў на ізаляваныя, для таго каб мінімізаваць адключэнне электраэнергіі ў спажыўцоў пры падзенні дрэў на правады.

Варта ведаць, што набліжэнне да абарваных правадоў бліжэй чым на восем метраў пагражае смяротным зыходам. Каб захаваць жыццё, а таксама пазбегнуць траўмаў, варта выконваць простыя нормы электрычнай бяспекі:

  • звяртаць увагу на размешчаныя на энергааб'ектах знакі, якія папярэджваюць аб небяспецы;
  • не набліжацца да абвіслых і абарваных правадоў паветраных ліній электраперадачы;
  • не падыходзіць да абарванага провада паветраных ліній электраперадачы, які ляжыць на зямлі, бліжэй чым на 8 метраў;
  • не здзяйсняць супрацьпраўных дзеянняў, якія могуць парушыць звычайную работу электрычных сетак, прывесці да іх пашкоджання або траўміраваць;
  • не трапляць за агароджы, не адчыняць дзверцы дзеючых электраўстановак і не праводзіць у іх ніякіх пераключэнняў.

Аварыя ў 20-градусны мароз

Па задуме яшчэ аднаго з этапаў вучэнняў, якія праходзяць на Дзяржыншчыне з 25 да 27 жніўня, з-за цыклону з ураганным ветрам на аўтадарозе каля вёскі Петкавічы ўтварыліся снежныя сумёты. Акрамя таго, на дарогу ўпала некалькі дрэў, у выніку чаго адбылося дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам міжгародняга экскурсійнага аўтобуса, які перавозіў дзяцей, і легкавога аўтамабіля. Ёсць пацярпелыя. З-за аварыі па абодвух напрамках спыніўся транспарт. А на вуліцы — 20 градусаў марозу.

Першыя на месца здарэння прыбылі ратавальнікі. Супрацоўнікі Дзяржынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аператыўна патушылі ўзгаранне, якое адбылося ў выніку сутыкнення транспартных сродкаў, дэблакіравалі пацярпелых. Апошніх перадалі медыкам, што прыбылі на месца здарэння ў лічаныя хвіліны. Аварыйная брыгада філіяла дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення № 62 ажыццявіла работы па прыборцы дрэў з праезнай часткі, расчысціла дарогу ад снежных сумётаў. Аўтамабільны рух быў адноўлены. А тым часам удзельнікі дарожнага руху, якія апынуліся ў заторы, а таксама пасажыры транспартных сродкаў, якія стварылі аварыйную сітуацыю, грэліся ў палатках пад знакам Чырвонага Крыжа.

— Ад зладжанасці дзеянняў усіх службаў і арганізацый раёна залежыць канчатковы вынік ліквідацыі той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, — адзначыў намеснік старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта Дзяніс ПРАКОПЧЫК. — Вучэнне паказвае нашы магчымасці: наколькі мы гатовыя да ліквідацыі праблем, што нам могуць паднесці як прырода, так і людзі. Поспех залежыць і ад таго, наколькі аператыўнымі з'яўляюцца рашэнні як кіраўніцтва, так і супрацоўнікаў тых арганізацый, што задзейнічаны.

Як канстатаваў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір ЯНЧЫК, па выніках першых уводных вучэння можна сказаць, што ўсе сілы і сродкі Дзяржынскага раёна гатовыя рэагаваць і спраўляцца з пазаштатнымі сітуацыямі. «У кожным рэгіёне, дзе мы праводзім вучэнні, імкнёмся адпрацоўваць найбольш характэрныя сітуацыі, якія ўзнікаюць на працягу года, — удакладніў прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — У асноўным гэта аварыі ў сістэмах жыццезабеспячэння, на транспарце — тыя сітуацыі, якія могуць узнікнуць у любы час. Прычым падчас вучэнняў мы ацэньваем не толькі магчымасці рэагавання на здарэнне, а і выкананне тэхнікі бяспекі, прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў, задзейнічанне ў ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі ўсіх зацікаўленых асоб».

Вераніка КАНЮТА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Дзяржынскі раён

Загаловак у газеце: Палова поспеху — ва ўзаемадзеянні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».