Вы тут

Гэта быў Хакей з вялікай літары!


У Наваполацку адбыўся міжнародны турнір па хакеі з шайбай памяці Льва Наважылава, у якім разам з беларускімі камандамі экстралігі: гаспадаром — «Хімікам», сталічнай «Юнасцю», «Дынама-Маладзечна» браў удзел і ўкраінскі «Сокал». Перамогу заваяваў «Хімік». Што цікава, выйграў ва ўсіх сапернікаў!


Як паведаміў «Звяздзе» начальнік аддзела спорту і турызму Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Пётр Ражкоў, раней праводзіўся традыцыйны дзіцячы турнір, а сёлета ўпершыню вырашылі сабраць на наваполацкім лёдзе дарослых прафесіяналаў.

Вельмі хочацца, каб гульцы з вышэйшых ліг таксама штогод збіраліся ў нафтаградзе перад пачаткам чарговага хакейнага сезона.

Леў Вітальевіч Наважылаў (1937–2005 гады жыцця), у гонар якога правялі яскравае спартыўнае мерапрыемства, чалавек-легенда. Ён шмат зрабіў для развіцця хакея ў горадзе на пасадзе дырэктара вытворчага аб’яднання «Палімір», і потым. У 1974 годзе ўзначаліў прадпрыемства (між іншым, тады мясцовая каманда атрымала назву «Хімік»). Кіраваў «Палімірам» каля чвэрці стагоддзя. У 1985-м Наважылаву прысвоілі званне Герой Сацыялістычнай Працы. У постсавецкі час у ліку іншага быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (па Наваполацкай выбарчай акрузе № 25). Яго прозвішча ў спісе Ганаровых грамадзян горада. Імя Л. В. Наважылава носіць Наваполацкая СДЮШАР па хакеі.

А гісторыя хакея з шайбай у Наваполацку пачалася 23 лютага 1960 года. Тады сустракаліся каманды пасёлкаў: Полацкі і Бароўка-1.

У 1964 годзе каманда «Нафтавік», якая прадстаўляла нафтаперапрацоўчы завод, дэбютавала ў першынстве БССР і заняла чацвёртае месца...

Першы міжнародны матч наваполацкі «Хімік» правёў 19 лютага 1989 года ў Наваполацку з камандай «Сталь» (г. Санок, Польшча) і выйграў з лікам 8:1!

«Хімік» — чэмпіён БССР 1990 года...

Наваполацкі хакей даў пуцёўку ў спартыўнае жыццё хакеістам і трэнерам, прозвішча якіх ведаюць заўзятары гульні не толькі ў Беларусі. Напрыклад, знакаміты выхаванец наваполацкага хакея Аляксандр Кітараў.

Безумоўна, добрая матэрыяльна-тэхнічная база вельмі важна для падрыхтоўкі спартсменаў, якія з часам стануць зоркамі.

Вядома, што Прэзідэнт нашай краіны А. Лукашэнка сам вельмі паспяхова гуляе ў хакей з шайбай на аматарскіх турнірах. І вельмі многае па яго ініцыятыве зроблена, каб у Беларусі было шмат пляцовак з лядовым пакрыццём: дваровых і пад дахам.

З нуля ўзведзены, будуюцца і будуць рабіцца цудоўныя шматфункцыянальныя лядовыя палацы, капітальна рамантуюцца існуючыя, каб «начынка» не адставала ад часу, ды і звонку таксама была прыгажосць...

У Наваполацку лядовая арэна была здадзена ў эксплуатацыю ў 1994 годзе (на скрыжаванні вуліцы Калініна і Маладзёжнай). У 2018 годзе, згодна з прэзідэнцкім указам, там была праведзена глабальная рэканструкцыя.

Паралельна будавалі побач крытую лядовую трэніровачную пляцоўку.

У выніку гэты комплекс стаў адным з лепшых не толькі ў рэспубліцы. Заўсёды шмат ахвотных у Наваполацку запісаць сваіх дзяцей трэніравацца ў лядовых секцыях. Дзясяткі гараджан і жыхароў суседняга Полацка з задавальненнем катаюцца на лёдзе.

У Наваполацку чакаюць новых турніраў не толькі хакейных, і жыхары горада ўпэўненыя ў тым, што мясцовыя спартсмены яшчэ не аднойчы праславяць адзін з самых маладых гарадоў Беларусі і краіну ў цэлым.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота прэс-службы ХК «Хімік»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».