Вы тут

Пра Малевіча і Шагала — у доме Вішняка


Калі вы вырашыце наведаць слаўны горад Віцебск, малую радзіму вядомага на ўвесь свет мастака Марка Шагала, абавязкова прыходзьце ў Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Ён знаходзіцца на вуліцы, якую назвалі ў гонар Майстра. Ад чыгуначнага вакзала пешшу хвілін дваццаць. Нават турысты, распешчаныя наведваннем самых знакамітых музеяў, будуць уражаныя ўбачаным.


Першы ў Беларусі...

Музей гісторыі Віцебскага мастацкага вучылішча — адзін з філіялаў Музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва». Яго калектыў з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» за стварэнне экспазіцыі музея і правядзенне маштабных выставачных праектаў «Восіп Цадкін. Вяртанне», «Аляксандр Родчанка. Фатаграфія з ВМАТЭМАЙСа» (Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні. — Аўт.).

Музей працуе ў тым самым будынку, дзе па ініцыятыве Марка Шагала ў 1918 годзе было створана Віцебскае народнае мастацкае вучылішча (афіцыйнае адкрыццё адбылося 28 студзеня 1919 года). Яно стала першай дзяржаўнай установай мастацкага профілю, якая была арганізаваная на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сістэма выкладання творчых дысцыплін, створаная больш за стагоддзе таму, да гэтага часу з'яўляецца базавай для мастацкай адукацыі нашай краіны.

У 2011 годзе будынак, дзе знаходзіцца музей, перадалі з рэспубліканскай уласнасці ў гарадскую для стварэння ў ім Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

У студзені 2013 года былі пачаты работы па рэканструкцыі будынка, што доўжыліся каля пяці гадоў. Гэты дом — адзін з нямногіх у Віцебску, які захаваўся з дарэвалюцыйнага часу да нашых дзён.

Дом, які належаў багацею

Тры з паловай года таму ў сценах, дзе працавалі Шагал і заснавальнікі авангарднага мастацкага аб'яднання «УНОВІС» («Сцвярджальнікі новага мастацтва»), прынялі першых наведвальнікаў.

Прыгожы дом быў узведзены ў 1913 годзе, і яго сцены, безумоўна, захавалі энергетыку той эпохі. Асабняк пабудаваў Ізраіль Вульфавіч Вішняк — адзін з самых багатых людзей Віцебска пачатку XX стагоддзя. Ён нарадзіўся ў 1853 годзе ў сям'і купца першай гільдыі. У пачатку XX стагоддзя Вішняк адкрыў у Віцебску банкірскую кантору. Таксама ён валодаў уласнымі дамамі на трох віцебскіх вуліцах, займаўся гандлем лесам і мануфактурай, аказваў экспедытарскія паслугі, быў заснавальнікам Віцебскай біржы, адным з дырэктараў і галоўных акцыянераў акцыянернага таварыства «Віцебскі трамвай», меў падрад на асвятленне часткі горада... А яшчэ ўваходзіў у склад апякунскай рады камерцыйнага вучылішча, камітэта народнай цвярозасці, быў старшынёй праўлення гарадскога таварыства дапамогі бедным хворым яўрэям і яўрэйскага пахавальнага таварыства...

Цікава, што адзін з шасці сыноў Вішняка, Якаў, стаў адным з актыўных рэвалюцыянераў. І быў камісарам Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Якаў Вішняк згадваецца ў знакамітай кнізе амерыканскага пісьменніка Джона Рыда «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет». Малавядомы факт, дарэчы.

Навуковая лабараторыя

Навуковая канцэпцыя Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча заснавана на даследаваннях вядучых спецыялістаў па рускім авангардзе, якія працуюць у Беларусі і іншых краінах.

І ў мінулым годзе, калі сусветная грамадскасць і Беларусь святкавалі стагоддзе з часу стварэння ў Віцебску творчага аб'яднання УНОВІС, Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва правёў Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, мэтай якой стала абмеркаванне ўплыву УНОВІСа на мастацкую культуру ХХ стагоддзя.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел даследчыкі і спецыялісты з розных краін, якія працуюць у галіне тэорыі і гісторыі авангарда: мастацтвазнаўцы, мастакі, прадстаўнікі музеяў і выдавецтваў.

А сёлета (да 25 снежня) арганізаваны Міжнародны конкурс плаката, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння аднаго з выкладчыкаў мастацкага вучылішча Эль Лісіцкага, якое адзначалася ў 2020 годзе. Асноўныя мэты конкурсу — прыцягненне да ўдзелу прафесійных дызайнераў і студэнтаў, а таксама папулярызацыя творчасці Эль Лісіцкага і спадчыны Віцебскай мастацкай школы. Выстава работ пераможцаў конкурсу плануецца вясной наступнага года.

Дарэчы, у 2020 годзе ў Беларусі ў гонар юбілею творчага аб'яднання УНОВІС створана лімітаваная серыя наручных гадзіннікаў, якія былі і застаюцца хітом продажаў.

Выставачныя залы і не толькі

Сярод філіялаў Музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» — знакамітая арт-прастора «Талстога, 7», якая спецыялізуецца на правядзенні выстаў сучасных аўтараў і творчых аб'яднанняў. Таксама на «Талстога, 7» праходзяць музычныя і літаратурныя вечары, адукацыйныя семінары і лекцыі, навуковыя канферэнцыі, кінапаказы, творчыя сустрэчы з мастакамі і майстар-класы.

А ў выставачнай зале, што знаходзіцца ў дарэвалюцыйным будынку побач з Летнім амфітэатрам (праспект Фрунзэ, 11), акрамя разнастайных зменных экспазіцый, працуе найстарэйшы ў Беларусі Віцебскі народны кінаклуб «Дыялог» пад кіраўніцтвам Сяргея Матылёнка. Па традыцыі, гэтая зала таксама з'яўляецца рэпетыцыйнай пляцоўкай Віцебскага маладзёжнага хору пад кіраўніцтвам Аляксандра Раўза.

Самы новы творчы праект Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва — Музей фатаграфіі імя Сігізмунда Юркоўскага (вул. Талстога, 7). Ён створаны з мэтай прадставіць гісторыю развіцця сусветнай фатаграфіі, уключаючы творчасць майстроў-фатографаў з Віцебска.

У 1867 годзе Юркоўскі адкрыў у Віцебску фотаатэлье на Замкавай вуліцы. У 1882 годзе прыдумаў імгненны фатаграфічны затвор, а ў 1883 годзе — шторна-шчылінны, які стаў прататыпам сучасных фотаапаратаў.

Некалькі год запар у Віцебску на базе Музея фатаграфіі праходзіць адзіны ў нашай краіне фестываль фатаграфіі «ФотаКрок», у якім удзельнічаюць майстры з розных краін свету.

(Больш падрабязна пра некаторыя філіялы Музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» газета «Звязда» раскажа ў наступных нумарах.)

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара і з архіва музея

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.