Вы тут

Палескі драматычны тэатр адкрыў свой 16-ы сезон


У сярэдзіне жніўня Палескі драмтэатр у Пінску зноў адчыніў дзверы для свайго гледача. Першым спектаклем сезона стала містычная легенда ў адной дзеі «Чорная панна Нясвіжа». Гэтай легендзе больш за чатыры сотні гадоў. Яна грунтуецца на рэальнай гістарычнай падзеі, у цэнтры якой, вядома, каханне. Малады польскі манарх Жыгімонт палюбіў ліцвінку Барбару з роду Радзівілаў. Але маці Жыгімонта каралева Бона супраць гэтага шлюбу, яна загадвае атруціць юную нявестку... Спектакль у пастаноўцы Паўла Марыніча зроблены ў духу шэкспіраўскай «Рамэа і Джульеты». Героі пражываюць на сцэне і ракавое каханне, і страту блізкага чалавека.


Юным гледачам у гэтыя дні прапануецца «Казка пра мёртвую царэўну» па матывах твора А. С. Пушкіна. А ў канцы месяца тэатр дае «Вія» — спектакль, прэм'ера якога адбылася год таму. Жанр пастаноўкі яе аўтары вызначылі як horror у дзвюх дзеях па матывах аповесці Гогаля. У спектаклі цесна перапляліся і бліскучы гумар, і сапраўдныя жахі, і філасофскі роздум пра неўладкаванасць быцця і месца ў ім маленькага чалавека, які змагаецца з непераадольнымі абставінамі...

Як паведаміў карэспандэнту газеты дырэктар тэатра і яго мастацкі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, «Вій» ужо трапіў у тройку намінантаў Нацыянальнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы спектакль на малой сцэне». Інтрыга павінна вырашыцца ў канцы восені. А пакуль тэатральная трупа радуе пастаноўкай свайго палескага гледача. 15 верасня спектакль рэжысёра Паўла Марыніча «Вій» будзе ўдзельнічаць у фестывальнай праграме «Белай Вежы» на сцэне Брэсцкага тэатра лялек.

Варта сказаць, што рэпертуар Палескага драматычнага тэатра надзвычай багаты. Аматары тэатральнага мастацтва ўжо прывыклі, што кожныя паўтара-два месяцы тут адбываецца прэм'ера. Ставяцца як класічныя творы, так і сучасная замежная драматургія, п'есы беларускіх аўтараў.

Днём нараджэння тэатра лічыцца 14 сакавіка 2006 года. Хоць гісторыя тэатральнага руху ў Пінску насамрэч налічвае больш за стагоддзе. Тэатр у горадзе быў і на пачатку ХХ стагоддзя. А ў 1939 годзе ў Пінску быў створаны Палескі абласны драматычны тэатр. Для гэтага ў Пінск перавезлі Заслаўскі калгасна-саўгасны тэатр. Аднавіў сваю работу тэатр ужо ў 1946 годзе. І ў першы пасляваенны год на яго сцэне адбылося аж пяць прэм'ер. Але пасля таго, як Пінск пазбавіўся статусу абласнога цэнтра, тэатр перавялі ў Магілёў. Будынак перадалі Дому культуры.

Ды пінскія аматары Мельпамены не здаваліся і арганізавалі самадзейную трупу, якая праз некалькі гадоў стала народным аматарскім калектывам. З 1992 года калектыў быў рэарганізаваны ў паўпрафесійны тэатр-студыю «Дыяген». Сваёй дзейнасцю «дыягенаўцы» давялі, што тэатральнае мастацтва запатрабавана ў горадзе, што прыйшоў час адрадзіць прафесійную трупу і надаць ёй афіцыйны статус. І тэатр у 2006-м быў адкрыты. Пасля рэканструкцыі яму перадалі гістарычны будынак — дарэчы, помнік архітэктуры, што ўключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Фестывальны «Вій» і містычная «Чорная панна Нясвіжа»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.