Вы тут

Беларускія ваеннаслужачыя змагаюцца за медалі ў VII Армейскіх міжнародных гульнях


Ужо сёмы год запар магчымасці сваіх нацыянальных армій дэманструюць вайскоўцы з розных краін свету. Па колькасці ўдзельнікаў гэтыя Армейскія гульні сталі самымі маштабнымі ў гісторыі: сёлета за званне найлепшых змагаецца больш чым 270 каманд з 42 краін свету. Беларусы прэтэндуюць на ўзнагароды ў 27 з 34 конкурсаў — дагэтуль нашы вайскоўцы ўдзельнічалі ў меншай колькасці спаборніцтваў. У адным з найбольш відовішчных — танкавым біятлоне — традыцыйна прымаюць удзел і нашы танкісты.


Беларусы сталі сярэбранымі прызёрамі ў конкурсе «Дарожны патруль».

Конкурсная геаграфія — 11 краін

VII Армейскія міжнародныя гульні пачаліся 22 жніўня і працягнуцца да 4 верасня. Сёлета на палігонах Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая, Арменіі, а таксама іншых краін (спаборніцтвы праходзяць на тэрыторыі 11 дзяржаў) за медалі змагаюцца танкісты, лётчыкі, дэсантнікі, артылерысты, сапёры, снайперы, кінолагі, кухары і іншыя армейскія спецыялісты.

На беларускай зямлі вайскоўцы спаборнічаюць у конкурсах «Палярная зорка», «Снайперскі рубеж» і «Упэўнены прыём». Наша краіна ўпершыню прымае на сваёй тэрыторыі ваеннаслужачых з Лаоса, Малі і Саудаўскай Аравіі — у Беларусь прыехала звыш 400 вайскоўцаў з 17 краін. Сваё майстэрства дэманструюць снайперы, падраздзяленні спецназа і сувязісты.

Сёлетнія Армейскія гульні адметныя яшчэ і тым, што ў іх уключаны новыя спаборніцтвы: «Мерыдыян» (конкурс спецыялістаў ваенна-тапаграфічнай службы), «Тактычны стралок» (практыкаванне з элементамі армейскай тактычнай стральбы), «Армія культуры» (першынства творчых калектываў).

Высокая планка

За гады існавання вайсковай алімпіяды, як называюць армейскія гульні, беларускія вайскоўцы паказвалі добрыя вынікі. Нашы ваеннаслужачыя спаборнічаюць у іх з моманту стварэння.

У адным з найбольш відовішчных конкурсаў — «Танкавы біятлон» —  нашы вайскоўцы застаюцца аднымі з лідараў.

— Калі ў самыя першыя гады ў іх удзельнічалі ўсяго толькі пяць краін, то сёння геаграфія ўдзельнікаў армейскіх гульняў закранае, можна смела сказаць, трэцюю частку армій свету, — заявіў падчас провадаў беларускай каманды на Армейскія міжнародныя гульні міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. — Гэта сведчыць аб узрослым узроўні падрыхтоўкі. Нашы ваеннаслужачыя нароўні змагаюцца з вайскоўцамі такіх армій-гігантаў, як Кітай, Расійская Федэрацыя, Іран і паказваюць годныя вынікі. Летась мы занялі другое агульнакаманднае месца. І такі вынік — гэта высока ўзнятая планка. І сёння, размаўляючы з нашымі хлопцамі, я бачу, што ў іх добры маральны дух і яны настроены ўтрымліваць і, магчыма, нават павысіць свае вынікі ў конкурсах, якія праводзяцца.

Перад тым як выступіць на міжнароднай арэне, вайскоўцы скрупулёзна трэніруюцца ў сябе на Радзіме. Але перш чым трапіць у нацыянальную каманду, трэба прайсці конкурснае выпрабаванне ўнутры свайго воінскага злучэння, на ўзроўні камандавання і толькі потым на рэспубліцы. Такі падыход дазваляе адабраць найлепшых спецыялістаў, якія могуць прадэманстраваць добры ўзровень падрыхтоўкі.

— Беларусь — адна з нешматлікіх краін, дзе ў склад зводных каманд уваходзяць ваеннаслужачыя тэрміновай службы, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства нашай дзяржавы. — Гэта паказвае высокі ўзровень падрыхтоўкі нашых хлопцаў. Сёння Армейскія міжнародныя гульні сталі ўжо аўтарытэтнай пляцоўкай у правядзенні падобных конкурсаў. У нас ужо ёсць першы вынік — гэта тое, што працэс падрыхтоўкі да гульняў інтэграваны ў працэс баявой падрыхтоўкі і стаў яе неад'емнай часткай. Ваеннаслужачыя добра засвоілі праграму, прайшлі жорскі адбор, выйшлі ў склад нацыянальнай каманды і паказваюць добрыя вынікі. У нас, без сумневу, сур'ёзныя канкурэнты, але і нам ёсць што паказаць.

Як адзначыў галоўны суддзя конкурсу «Сувораўскі націск» генерал-маёр Цаа Хэсянь, правядзенне цяперашніх Армейскіх міжнародных гульняў з'яўляецца не толькі важным складнікам ваеннага абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі, але і каштоўным шанцам для паглыблення кітайска-беларускага ваеннага дзелавога супрацоўніцтва, дэманстрацыі духоўнага аблічча краін-удзельніц, узмацнення ўзаемнага даверу народаў абедзвюх краін і абмену ваеннымі навыкамі.

Нашы ваеннаслужачыя радуюцца кожнаму поспеху ў Армейскіх гульнях.

У КНР, дарэчы, беларусы прымаюць удзел у конкурсах «Сувораўскі націск», «Чыстае неба» і «Бяспечнае асяроддзе». Сапернікамі для нашых каманд з'яўляюцца вайскоўцы з Венесуэлы, В'етнама, Егіпта, Кітая, Расіі і Узбекістана.

На авансцэне — танкісты

Традыцыйна самым маштабным і відовішчным спаборніцтвам гульняў з'яўляецца «Танкавы біятлон». Беларускія ваеннаслужачыя каторы год не ўпускаюць магчымасці паказаць узровень сваёй прафесійнай падрыхтоўкі, майстэрства і зладжанасці экіпажаў. І кожны раз яны на вышыні.

Нашы танкісты ўжо ажыццявілі свой першы заезд на этапе «Індывідуальная гонка», у выніку якога апынуліся на фінішы трэцімі, саступіўшы першынства танкістам з Казахстана і Азербайджана.

— Саступілі нязначна, каля 40 секунд, — пракаментаваў першае выступленне каманды кіраўнік беларускай дэлігацыі — суддзя конкурсу «Танкавы біятлон» генерал-маёр Андрэй НЕКРАШЭВІЧ. — Для хлопцаў, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў «Танкавым біятлоне», гэта дастаткова годны вынік. Важна разумець, што нашы танкісты спаборнічалі з экіпажамі, якія ў гэтым конкурсе выступаюць на працягу трох-чатырох апошніх гадоў. Танкісты адчулі, што гэта такое і ў далейшым не будуць рабіць памылак. Галоўныя гонкі ў нас яшчэ наперадзе, і асноўны ўпор мы зробім на ўдзеле ў эстафеце.

У другім заездзе індывідуальнай гонкі нашы танкісты сталі першымі. Трэці заезд з удзелам беларусаў адбудзецца заўтра. Фінал «Танкавага біятлона» чакаецца 4 верасня. Спадзяёмся, што сярод фіналістаў мы ўбачым і беларусаў.

Вераніка КАНЮТА

Фота: «Ваяр»

Загаловак у газеце: Алімпіяда ў пагонах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».