Вы тут

«Зямныя доўжацца арбіты…»


Светлай лірычнай паэмай Віктара Гардзея «Белая касынка» пачынаецца жнівеньскае «Полымя». Прычым пачатак яе, здавалася б, не абяцае нічога асаблівага.


Але аўтарская манера — гульня сэнсаў і слоў, недаказанасці і іранічнасці, простага і складанага, сімвалаў і алюзій — робіць чытанне насалодай! Узнікае ўражанне, што праз гісторыю першага кахання — вонкава нічым асаблівым не адрознага ад тысяч падобных — далучаешся да космасу — космасу душы: настолькі глыбокія перажыванні схаваныя ў падтэксце твора.

Асноўныя тэмы элегічных вершаў Івана Карэнды, аб’яднаных пад агульнай назвай «Я маю права на прызнанні», — успаміны маладосці, пераасэнсаванне свайго мінулага і сучаснага, роздум аб тым, чым жыве душа і што яе сілкуе, што трымае ў жыцці і з’яўляецца неад’емнай часткай усведамлення сябе прыналежным да гэтага месца і часу. Глыбока філасафічным па змесце і крыху больш арыгінальным, чым астатнія ў гэтай нізцы вершаў, з’яўляецца апошні з іх: «Анёл — ахоўнік, што мяне вартуе, // ад бедаў засланяе і ратуе, // не лічыць, як і я, зямныя дні: // абодва знаем ісціну святую — // мая сцяжына з кожным днём прастуе // да берага спрадвечнай цішыні».

Лірыка Таццяны Цвіркі (падборка вершаў пад назвай «Я шукаю Яго сляды») — маналог на духоўную тэматыку, спроба наблізіцца да Боскага праз зямныя паняцці і вобразы, праз больш яркае і яснае іх высвечванне ў аб’ектыве паэтычнай думкі. Хваля настраёвасці лірычнага героя паэтэсы ўзносіць да нябесных вышыняў, адкуль не хочацца вяртацца да будзённых клопатаў, але ж у гэтым, мусіць, і заключаецца чалавечая сутнасць — жывучы на зямлі, імкнуцца да Бога:

«…У паклоне штодзённым // я не прашу… // Я дзякую!»

Падарункам айчыннаму чытачу з’яўляецца публікацыя ў рубрыцы «Галасы свету» падборкі сучаснай в’етнамскай паэтэсы Нгуен Фан Кве Май (нар. у 1973 г.) —

«Пялёсткі зялёнага рысу», перастворанай па-беларуску Таццянай Сівец. Многія матывы і настраёвасць збліжаюць лірыку в’етнамскай аўтаркі з айчыннай паэзіяй, напрыклад: «У нябыт адыходзяць дынастыі; // Садоўнік у глебу кідае зерне — і з ім узрастае. // На руінах забытых царстваў — // Кветкі працы людской».

Але ёсць у творчасці Нгуен Фан Кве Май штосьці вельмі адметнае — асаблівая вастрыня перажывання, аголенасць пачуцця, адсутнасць пэўнай шаблоннасці, заглыбленасць паэтычнага нерва да самых нетраў паэтычнага светаўспрымання — гэты нерв навылёт працінае душу творцы, навечна прыбівае яе да крыжа пакут свайго народа: «Станем зямлёю — і ты, і я, // Каб па нас аднойчы // Песня з сэрца зямлі травою смарагдавай // Прарасла».

На прыкладзе сямейнай трагедыі аўтарка распавядае гісторыю сваёй краіны, дзеліцца перажываннямі наконт сучаснасці…

З прозы, надрукаванай у нумары, асаблівую цікавасць выклікае твор Івана Саверчанкі «Лучнік». Аўтар вызначыў яго жанр як «Міф пра забытага героя». У цэнтры расповеду — князь Трайдзень. Аўтар рэканструіруе падзеі мінуўшчыны на аснове звестак даўніх хронік, што робіць яго спробу ўзнаўлення тых падзей вартай самай шырокай увагі. Асабліва імпануе, што аповесць не з’яўляецца сухім пералікам звестак і падзей: ёсць тут і паэтычнасць, і лірызм: «Велічны Нёман зачароўваў і натхняў Трайдзеня. Ён адчуваў містычную сувязь з магутнай ракой, верыў у выратавальную моц велічнай плыні. Усёй сваёй істотай князь хацеў, каб магутны Нёман ад пачатку і да самай дэльты належаў толькі яго ўладзе. Ён меркаваў, што поўнае валоданне Нёманам зробіць яго непераможным, а Бацькаўшчыну — заўсёды вольнай і шчаслівай».

Знойдуць сваіх прыхільнікаў і празаічныя творы іншых аўтараў: заканчэнне рамана «Паўшыя анёлы» Вітаўта Чаропкі, апавяданне «Трыццаць міль да святасці» Віктара Праўдзіна і два апавяданні Сяргея Сцяпана.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.