Вы тут

Дзмітрый Рабаў: Я задаволены, што гэтым летам мой прагноз здзейсніўся на 90%!


У пачатку верасня самае папулярнае пытанне — чаго чакаць ад надвор’я ў першы восеньскі месяц? Адказ на яго ёсць у самага вядомага сіноптыка Беларусі, вядучага тэлеканала АНТ Дзмітрыя Рабава. У Дзень ведаў Дзмітрый не толькі расказаў, які будзе верасень, але і ўспомніў свой першы дзень у першым класе, зрабіў нечаканае прызнанне і незвычайны прагноз.


— Дзмітрый, падвядзем вынікі мінулага лета: якім у гісторыю метэаназіранняў яно ўвойдзе і чым запомніцца асабіста вам?

— Нестандартнае, незвычайнае, незабыўнае. Лета-рэкардсмен! Менавіта з такімі словамі развітваемся з самай цудоўнай парой года. Гэтым летам над прасторамі Беларусі панавалі блакіруючыя антыцыклоны. Як вынік, у чэрвені і ліпені стаяла вельмі гарачае надвор’е з мінімальнай колькасцю дажджоў і навальніц. Зафіксаваны сотні метэарэкордаў. Так, чэрвень-2021 заняў 3 месца як самы спякотны месяц, пачынаючы з 1945 года. Цяпер самая высокая тэмпература першага летняга месяца — 37,1 градуса — зафіксавана 23 чэрвеня на метэастанцыі «Акцябр» Гомельскай вобласці. Рэкордамі адзначыўся і ліпень, які заняў 2 месца ў шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага месяца, пачынаючы з 1881 года. Максімальная тэмпература паветра (+35,5 С) адзначана ў Магілёве 12 ліпеня і ў Лельчыцах 17 ліпеня. Да першага месца мінулы сезон крыху не дацягнуў, таму «золата» па-ранейшаму застаецца спякотліваму лету 2010 года.

Для мяне гэта лета ўвойдзе ў асабістую гісторыю як сезон, прагноз на які выклікаў найменшую колькасць нараканняў за ўвесь час работы сіноптыкам. Я прагназаваў гэта лета больш цёплым, чым звычайна, а часам і вельмі гарачым. Рады, што мой прагноз здзейсніўся дзесьці на працэнтаў 90!

— На календары верасень. Якія погляды ў сусветных прагнозных цэнтраў на першы месяц восені?

— Дзякуючы жніўню, які адзначыўся камфортнай прахалодай у параўнанні з першымі двума анамальна гарачымі месяцамі лета, мы, можна сказаць, без стрэсу падрыхтаваліся да пераходу на восеньскі лад жыцця. Дні становяцца ўсё карацейшыя, а ўмеранае цяпло паступова змяняецца восеньскай прахалодай з дробнымі дажджамі.

У верасні сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца каля сярэдніх шматгадовых значэнняў — +11..+13 С. У параўнанні са жніўнем будзе халадней на 3-5 градусаў. Днём тэмпература складзе ад +14 да +19 С. У самыя цёплыя дні на поўдні чакаецца да 23-25 цяпла. У канцы верасня ў паўночных раёнах звычайна адзначаюцца першыя восеньскія замаразкі. Месячная колькасць ападкаў чакаецца ў межах кліматычнай нормы — у сярэднім ад 11 да 15 дзён.

— Бясспрэчна, адзін з самых цудоўных перыядаў восені — гэта бабіна лета. Апошнія яркія і цёплыя дзянькі ў адыходзячым годзе нібы даюць надзею... Калі чакаць гэтую цудоўную пару?

— Бабіна лета абавязкова надыдзе. Па папярэдніх прагнозах, адбудзецца гэта прыкладна ў другой палове верасня. Такое цудоўнае восеньскае цяпло можа доўжыцца да двух тыдняў, а то і больш. Аднак адразу хачу папярэдзіць, што, на жаль, бабіна лета прыходзіць да нас не заўсёды. Прыкладна раз на сем гадоў яго можна не дачакацца. Будзем спадзявацца, гэта восень падорыць нам шмат сонечных і цёплых дзён.

— З надыходам верасня вучні вяртаюцца ў школу, гэты час асабліва хвалюючы для першакласнікаў. Успомніце, з якім настроем вы ішлі ў першы клас?

— Вы не паверыце! Але ж я вельмі моцна хацеў вучыцца ў школе. Настолькі моцна, што аднойчы ва ўзросце 6 гадоў пайшоў да дырэктара школы № 50 (раён плошчы Перамогі, у той чам мы з бацькамі жылі на вуліцы Камуністычнай) і настойліва прасіў яго ўзяць мяне ў першы клас. Спачатку дырэктар супраціўляўся, бо, відаць не мог зразумець усю сур’ёзнасць майго намеру, але потым даў мне шанц. Дастаў газету «Вечерний Минск» і папрасіў пачытаць. Я прачытаў артыкул, і няблага. А потым ён папрасіў мяне напісаць некалькі сказаў пад дыктоўку. І гэта выпрабаванне я вытрымаў. Нарэшце, дырэктар мяне пахваліў і сказаў прыходзіць на наступны дзень з мамай і падаваць дакументы.

— Якое было надвор’е ў ваш першы дзень у школе?

— 1 верасня 1980 года, калі я першы раз пайшоў у першы клас, было вельмі цёпла, камфортна і суха. Нягледзячы на такое цудоўнае надвор’е, памятаю, што настрой у мяне быў неадназначны: радасць змянялася на сум, спакой — на хваляванне. І вось тады, заходзячы ў школу пасля ўрачыстай лінейкі, я са слязамі на вачах думаў пра тое, што ў жыцці, мабыць, заўсёды так бывае: то радасна, то сумна. А калі наадварот, то жыць было б проста нецікава. Так пачалося маё школьнае жыццё.

— Амаль кожны дзень вас можна ўбачыць у эфіры агульнанацыянальнага тэлебачання, дзе вы даяце прагноз надвор’я. З нагоды першага вучэбнага дня дайце свой прагноз на новы навучальны год. Які ён чакаецца для вучняў і іх бацькоў?

— Па даных сусветных прагнозных цэнтраў, у гэтым вучэбным годзе школьнікаў чакае даволі камфортнае надвор’е. На працягу большасці дзён яно будзе вельмі спрыяльнае для вучобы, развіцця творчых здольнасцяў і спартыўных заняткаў. Тэмпература настрою на вучэбны і творчы працэс будзе вагацца, але ў межах звыклай нормы. Не абыдзецца і без небяспечных прыродных з’яў. Пры атрыманні нездавальняючай адзнакі дома можа ўзнікнуць вецер пераменных напрамкаў, які прывядзе да навальніцы, ліўняў, у асобных выпадках шквалу. Тэмпература паветра ад празмерных эмоцый па адчуваннях будзе на 5-7 градусаў вышэйшая за норму. На шчасце, такое няўстойлівае непагодлівае надвор’е будзе непрацяглае і хуткаплыннае. А як вядома, пасля буры заўсёды свеціць сонейка. Беражыце надвор’е ў доме ў надыходзячым вучэбным годзе, і ўсё абавязкова будзе добра!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: Ян ХВЕДЧЫН, а таксама з архіва героя публікацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».