Вы тут

Таямніцы Вінцэся Каратынскага


Восенню 1863 года ў Парыжы, у «Бібліятэцы для чытання», выходзіць аповесць «Житие одной бабы», аўтар якой падпісаўся «М. Стебницкий». У аповесці было прысвячэнне: «Викентию Коротынскому». Пад псеўданімам «Стебницкий» хаваўся рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў. А Вікенцій Каратынскі, якому была прысвечана аповесць, — класік беларускай літаратуры, сёлета яму спаўняецца 190 гадоў. Класік, якога, на жаль, не так часта ўспамінаюць сучасныя беларусы... І са спадчыны якога засталося ўсяго некалькі беларускамоўных твораў.


Але яны з’явіліся тады, калі гэта было надзвычай важна, як доказ існавання самастойнай беларускай мовы, на якой можна ствараць літаратуру, і асобнага, паўнавартаснага, народа.

Так, спадчына Каратынскага не дужа багатая... На тое шмат прычын. У 1882 годзе гісторык і выдавец Адам Кіркор, аглядаючы літаратурную творчасць сваіх сучаснікаў, пісаў: «Вышэй за іх усіх стаяў і падаваў надзеі Вінцэнт Каратынскі, але ён даўно кінуў паэзію і шчыра і з вялікай карысцю працуе на публіцыстычнай і гістарычнай ніве». Той жа Кіркор пакінуў такі партрэт Каратынскага ў «Віленскіх успамінах»: «Вось той высокі хударлявы малады чалавек абаяльнай знешнасці — Вінцэнт Каратынскі, здольны паэт, выдатны працаўнік, які ўсяго дасягнуў самастойна».

У ягоным жыцці было шмат неверагодных акалічнасцяў.

Таямніца нараджэння

Пачнём з таго, што бацька — Аляксандр Каратай, прыгонны селянін пана Яна Залескага, а маці — шляхцянка Юзафата Далідовіч. Юзафата была беднай сіратой, выхаванай апекуном, нейкім Маркам Татароўскім.

Хросным запісалі згаданага пана Яна Залескага... Але сведчання аб хрышчэнні ў касцёле пасля чамусь не знайшлі, праз шмат гадоў Вінцэнту прыйшлося яго аднаўляць, калі задумаў жаніцца.

У сям’і Юзафаты і Аляксандра нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Але аднойчы Аляксандр пайшоў і ўтапіўся ў Нёмане. А Юзафата выйшла замуж за былога апекуна Марка Татароўскага.

Тлумачыць вам ці не, што Вінцэнта лічылі незаконнанароджаным, а шлюб Юзафаты з Аляксандрам Каратаем — прыкрыццём? Што ж, прыгоннага селяніна маглі змусіць ажаніцца з сіратой, якая зацяжарыла ад пана...Тым больш перад вяселлем пан Ян Залескі даў Каратаю вольную і новае, больш высакароднае, прозвішча — Каратынскі.

Тым не менш, для беднай Юзафаты гэта быў страшэнны мезальянс. Яна страчвала свой шляхецкі статус і пераходзіла ў статус мужа — рабілася простай сялянкай. Толькі што не прыгоннай.

Вінцэсь, як Кіркор і згадвае, вучыўся ўсяму самастойна, ягоным настаўнікам быў мясцовы арганіст. Потым здольны хлопец сам зрабіўся хатнім настаўнікам. Адразу для малодшых братоў, потым хадзіў з сядзібы ў сядзібу... Паўсюль ірваўся да бібліятэкі — мала хто мог дазволіць сабе мець шмат кніг у доме, нешта там выпрасіць пачытаць, нешта — тут... Часам рабіў рукапісныя копіі для сябе. Вядома, што перапісаў такім чынам «Гісторыю Польшчы» Лелявеля і лермантаўскага «Дэмана».

Пад крылом «лірніка вясковага»

І невядома, як бы склаўся лёс таленавітага самавука, калі б славуты паэт Уладзіслаў Сыракомля, празваны «лірнікам вясковым», не шукаў сабе сакратара.

У адным з дамоў, дзе настаўнічаў, Вінцэсь пазнаёміўся з былым уніяцкім бацюшкам Давыдоўскім, які жыў з таго, што перакладаў дакументы на рускую мову. Вінцэсь адкрыўся, што піша вершы. А Давыдоўскі быў знаёмы з Сыракомлем, вось і вырашыў пазнаёміць паэта-пачаткоўца з ім.

Сыракомля прапанаваў госцю месца свайго сакратара. Вядома, хлопец згадзіўся з вялікай радасцю... І гэта быў найлепшы ягоны ўніверсітэт — работа з паэтам, чалавекам, які ўваходзіў у інтэлектуальную эліту краю... Тым больш бібліятэка Сыракомлі ў фальварку Залучча налічвала амаль чатыры сотні кніг.

Дарэчы, пасля быў прыдуманы міф, як Каратынскі трапіў на гэтую пасаду. Маўляў, пасвіў вясковы хлопчык, празваны за малы рост Кароткім, панскіх гусей. Жонка пана, а гэта быў Сыракомля, хацела пакласці ў торбачку пастушка хлеб, а намацала лемантар. Распавяла мужу... Той і загадаў прывесці ў дом таленавітага пастушка.

Вядома, гэта толькі міф. Каратынскі перапісваў творы гаспадара-апекуна, адказваў на шматлікія лісты ягоных прыхільнікаў. А калі адбылася першая публікацыя самога Каратынскага, Сыракомля напісаў да яе прадмову. Гаварыў жа аб сваім сакратары так: «Надзелены ад нараджэння здольнасцю, ад нас, можа, пераняў ён ахвоту да песні. Пры нас, можа, развіў яе, але развіў самабытна».

Каратынскі аддзячыў настаўніку адданасцю на працягу ўсяго жыцця. Пасля смерці «лірніка вясковага» склаў дзесяцітомнік ягоных твораў, напісаў ягоную біяграфію.

Цікава, што праз сто гадоў іншы паэт з падобным прозвішчам, Аляксандр Каратай, вядомы пад псеўданімам Максім Лужанін, зрабіўся сакратаром іншага «лірніка вясковага» — Якуба Коласа.

Самаадукацыя Каратынскага ўражвае. Ён ведаў, акрамя роднай беларускай, польскую, рускую, чэшскую, французскую, нямецкую, лаціну. Сыракомля і Каратынскі разам выпусцілі кнігу перакладаў Беранжэ на польскую мову. Прычым Сыракомля зрабіў пераклады 22-х вершаў, а Каратынскі — 58.

У свой час Каратынскі нават рэдагаваў «Слоўнік польскай мовы»... А што наконт беларускай? Для Польшчы беларускія землі былі «крэсамі ўсходнімі» з сапсаванай польскай гаворкай, для расійскай імперыі — «Северо-Западным краем». Не існавала ні літаратурных выданняў на беларускай мове, ні адукацыі на ёй. Але «неіснуючая мова» жыла. Народныя геніі стваралі на ёй шэдэўры, якія складалі фальклор. Найлепшыя прадстаўнікі інтэлігенцыі ішлі ў народ, запісвалі ягоныя творы, спрабавалі пісаць на той мове, якую чулі... Тым больш гэта была агульнаеўрапейская тэндэнцыя эпохі рамантызму. А Вінцэсь Каратынскі сам лічыў сябе часткай простага народу.

Навошта быў жоўты пясочак?

Ад беларускамоўнай спадчыны Каратынскага засталося тры вершы. Прычым адзін з іх даволі... рэзанансны. Напісаны да альбома, які рыхтавала віленская інтэлігенцыя да прыезду расійскага цара Аляксандра ІІ. Па-рознаму тлумачаць той праект, але самая верагодная версія — хацелі, выказаўшы пачцівасць, дамагчыся права на адкрыццё Віленскага ўніверсітэта, які не так даўно быў зачынены. Нездарма стварэнне альбома абмяркоўвалася на пасяджэннях Археалагічнай камісіі, членам якой быў Каратынскі.

Верш на беларускай мове Каратынскага змясцілі ў дадатку да таго вернападданніцкага альбома, разам з літоўскамоўным вершам Акялевіча. Тутэйшая экзотыка, так бы мовіць. У беларускім вершы ў дарунак найяснейшаму госцю прапаноўваецца «жоўценькі пясочак», бо што яшчэ мае беларускі селянін?

Гдзе яго прымем? 
Чорна святліца,
Залатых тканак 
не судзіў нам Бог.
Што наймілейша — 
то матка-зямліца,
Жоўты пясочак на яе палёг.

За ўдзел у тым альбоме польскія патрыёты Каратынскага ледзь не задзяўблі, крытыкуючы яго «спадлелую музу». І не толькі за паклон перад царом, але і за беларускую песню — няўжо яна можа замяніць польскую? У артыкуле пра Каратынскага літаратуразнавец Ігар Запрудскі цытуе артыкул, надрукаваны ў 1859 годзе ў газеце «Wіadomoscі Рolskіe», якая выдавалася ў Парыжы: «Мы не бачым уважлівай прычыны, каб, пішучы для селяніна, трэба было абавязкова перадражніваць яго мову. Як у іншых сферах, так і тут, правільней народ да сябе ўзнімаць, а не да яго апускацца. Няхай жа выданні, якія маюць на мэце такі маральны ўздым, будуць для народа ў поўным сэнсе і школай мовы. Пішучы на добрай, але даступнай польскай мове, без празмерных чыста мясцовых правінцыяналізмаў, не заўсёды зразумелых у іншай правінцыі, народныя пісьменнікі маглі б чытацца кракавянамі і вялікапалянамі, мазурамі і нават, што дай божа, русінамі».

Падобна, што менавіта такія нападкі змусілі Каратынскага адысці ад літаратурнай творчасці і пераключыцца на публіцыстыку ды рэдагаванне. Павінны былі быць беларускамоўныя творы і ў першым паэтычным зборніку Каратынскага «Чым хата багата, тым рада». Але Сыракомля адгаварыў ад таго свайго вернага сакратара — маўляў, пасля асобную кнігу складзеш... Рукапісы, якія захоўваў сын Каратынскага Бруна, загінулі ў Варшаве ў час Другой сусветнай вайны.

Яшчэ адзін беларускамоўны верш Вінцэсь Каратынскі пакінуў у легендарным альбоме Вярыгі-Дарэўскага, апяваючы паэта-Дудара:

Будзе пець мужыком
Аб Язуску святом,
Аб матульцы святой,
Аб зямліцы радной,
Аб сардэчных палёх,
Аб мужыцкіх панох,
Аб суддзях, што як змей,
Аб свабодзе людзей,
Аб дабры, што Бог дасць,
Як адрыне напасць!

Таксама прыпісвалі Каратынскаму аўтарства двух ананімных крамольных твораў — «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседзяў». Сын паэта сведчыў, што бацька шмат падобнага панапісваў. Вельмі верагодна, што і свой самы буйны твор, паэму «Таміла», Каратынскі ствараў на беларускай мове. Тым больш пісаў на беларускім матэрыялы — пра голад, які зведалі сяляне ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя.

Смерць за пісьмовым сталом

Пасля разгрому паўстання Каліноўскага Каратынскі пераехаў у Варшаву, у 1864 годзе ён піша верш «Туга на чужой старане»:

Паглядаю праз аконца —
чоран белы свет;
Усім людзям свеціць сонца —
Мне прасветку нет.
Бо за мною, прада мною
Поўна божых сёл.
Усе ў грамадзе ды з раднёю —
я адзін, як кол.
Адарвалі сіраціну
ад сваёй зямлі,
Даўшы розум, хараміну,
Шчасця не далі...
Я не смею прытуліцца
Ні к яму, ні к ёй:
Хараміна — чужаніца.
Розум — вораг мой.

Гэты верш зрабіўся папулярнай песняй — на музыку яго паклаў сябар паэта Вінцэсь Клімовіч, таксама інтэлігент з сялян, сасланы за ўдзел у паўстанні ў Сібір. Адзін з аднадумцаў Каратынскага Клімовіч, таленавіты музыка і кампазітар, шмат перажыў з-за свайго «мужыцкага» паходжання. Гэтак жа, як і другі сябар, літовец Мікалай Акялевіч, аўтар літоўскамоўнага верша з «Віленскага альбома». Ён пісаў Каратынскаму з выгнання: «Сэрцам і душою каханы Вінцульку!.. Паміж намі ёсць цялеснае і духоўнае сваяцтва. Даўней шляхта ў нас звалася браццяй, а мы, сяляне, ці павінны называцца інакш?»

Лагічным выглядае і тое, што Каратынскі напісаў біяграфію знакамітага віленскага мецэната-жабрака, Шымеля Шлізголя. Той збіраў міласціну на вуліцах Вільні і ўсё аддаваў — на лячэнне немаёмных хворых, навучанне бедных дзетак... Сам карміўся тым, што вечарамі рыхтаваў табаку. Ён сабраў і аддаў неверагодную суму — каля 400 тысяч польскіх злотых. Уся Вільня ведала яго крык «Памятайце бедных, удоў і сірот!». Калі Шлізголь памёр, за яго труной ішла ўся Вільня. А Вінцэсь Каратынскі надрукаваў у віленскім польскім часопісе верш пра «габрэйскага збіральніка».

Падабенства поглядаў на просты народ злучыла аднойчы Вінцэся Каратынскага і з Мікалаем Лясковым. Восенню 1862 года Ляскоў па дарозе ў Францыю спыніўся ў Вільні, дзе, сустракаючыся з мясцовай інтэлігенцыяй, пазнаёміўся з Каратынскім. Той стаў яго спадарожнікам у вандроўцы па беларускай зямлі, а далей і ў Польшчы. Можа, заехалі разам і ў Прагу — сумесная вандроўка цягнулася ажно два месяцы. На сваім рукапісе, падораным Каратынскаму, Ляскоў пакінуў жартоўныя аўтографы: «Чытай, а не лай» і «Хоць лай, а чытай». Праўда, Ляскоў аніяк не падзяляў «сепаратысцкіх» настрояў Каратынскага і яго сяброў, для яго беларусы былі проста часткай рускага народа.

Каратынскі, селянін па статусе, ажаніўся, аднак, са шляхцянкай — Станіславай Якубовіч з Ашмяншчыны. Нарадзіліся сыны. А памёр ён, не дажыўшы зусім трохі да 60-годдзя, самым знакавым для пісьменніка чынам — за пісьмовым сталом. Было гэта 130 гадоў таму.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».