Вы тут

На прамую лінію да Юрыя Шулейкі звярнулася больш за 30 жыхароў рэгіёна


Пенсіянер з былой вёскі Вычулкі, цяпер яна ўваходзіць у межы абласнога цэнтра, паскардзіўся на адсутнасць добраўпарадкавання ў сваім завулку. Мікалай Філіпавіч расказаў, што па ім людзі ходзяць у царкву, на прыпынак грамадскага транспарту, на пошту, у краму. Але дарога зусім не дыхтоўная, пасля дажджу тут літаральна не прайсці. Сам Мікалай Філіпавіч, дарэчы, не сядзіць склаўшы рукі. Летам ён скошвае траву абапал дарогі, падсыпае, наколькі магчыма. Але ж яго сціплага рэсурсу не хапае, каб прывесці дарогу ў поўны парадак, вось і звярнуўся да кіраўніка абласной улады. Губернатар паабяцаў, што сам паглядзіць на гэты завулак, а потым будзе прынята рашэнне.


Пасля дэталёвага вывучэння сітуацыі паабяцалі адказаць і заяўніцы з Жабінкі. Людміла Мікалаеўна тэлефанавала на прамую лінію ад імя многіх суседзяў. Людзі ўзнімаюць пытанне на мясцовым узроўні больш за пяць гадоў, але яно пакуль не вырашана. Гаворка ідзе пра ўладкаванне пешаходнага перахода праз чыгуначныя пуці па вуліцы Калгаснай, якія раздзяляюць горад на дзве часткі. Пераходы ёсць толькі ў раёне чыгуначнага вакзала і прыпыначнага пункта «Цукровы завод». А гэта вялікая адлегласць, людзям надта далёка абыходзіць.

Прыкладна такая ж праблема ў жыхароў вёсак Варацэвічы і Трудавая Іванаўскага раёна. Чатыры гады, як закрыты мост, што злучаў гэтыя вёскі. Яго абяцалі зрабіць да 2020 года, але работа пакуль не праведзена. А вось «соткі», агароды ў многіх местачкоўцаў — за мостам. І дабірацца на грады даводзіцца, зрабіўшы круг даўжынёй у дзевяць кіламетраў.

Транспартную праблему не раз падчас прамой лініі закраналі і брастаўчане. Маці сям'і з новага мікрараёна ПЗМР-5 дзялілася, як цяжка з гэтага раёна дабрацца ва ўсходнюю частку горада. А менавіта туды многія маладыя сем'і возяць дзяцей у садок. Кіраўнік вобласці абяцаў разабрацца ў сітуацыі.

З вёскі Сітніца Лунінецкага раёна паступілі адразу два званкі. Людзі непакояцца, калі да іх прыйдзе газ. Старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр Пачко, які быў на прамой сувязі, растлумачыў, што газіфікацыя вёскі ўключана ў праграму, работы пачнуцца ў 2023 годзе.

А вось жыхарка Баранавіч не згодная з тым, што ў яе раёне побач з аўтавакзалам і чыгуначным вакзалам ліквідавалі кіёск «Саюздрука», дзе яна купляла свежую прэсу. А яшчэ, паводле слоў жанчыны, там закрылі прадуктовую краму і замест яе адкрылі казіно.

Усе праблемы, узнятыя жыхарамі вобласці, кіраўнік рэгіёна ўзяў на кантроль.

Яна СВЕТАВА

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Загаловак у газеце: Добраўпарадкаванне вуліц і дарог, транспарт, газіфікацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».