Вы тут

Як разбурыць стэрэатыпы адносна той ці іншай прафесіі?


Спецыяльнасці, якія запатрабаваныя ў абітурыентаў і ў работадаўцаў, часцяком не супадаюць. Такую думку выказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ, падводзячы вынікі ўступных іспытаў у гэтым годзе.


«Напрыклад, размеркаванне выпускнікоў ВНУ, якое прайшло ў нас незадоўга да старту прыёмнай кампаніі, паказвае, што наймальнікі выстройваюцца ў чэргі па выпускнікоў зусім не тых спецыяльнасцяў, якія актыўна «штурмуюць» абітурыенты. Гэта важны момант. Праўда, мы гаворым пра запатрабаванасць у работадаўцаў сёлета, а абітурыенты, якія выбіраюць тую ці іншую спецыяльнасць, скончаць ВНУ толькі праз чатыры-пяць гадоў, і сітуацыя можа змяніцца. Тым не менш гэтую акалічнасць таксама трэба ўлічваць пры выбары будучай спецыяльнасці», — адзначыў Сяргей Каспяровіч.

Між іншым, конкурс на асобныя спецыяльнасці ў ВНУ даходзіў у гэтым годзе да пяці чалавек на месца. Фактычна сітуацыя паўтараецца з году ў год. Павышаным попытам у абітурыентаў карыстаюцца ІТ-спецыяльнасці, асобныя спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю, замежныя мовы, медыцынскія спецыяльнасці. Напрыклад, на «Стаматалогію» ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прахадны бал на бюджэтнай форме навучання быў 387. Ён аказаўся яшчэ вышэйшы, чым у мінулым і пазамінулым годзе. На кожнае бюджэтнае месца на гэтай спецыяльнасці прэтэндавалі тры чалавекі з высокімі баламі. А ў БНТУ на спецыяльнасць «Механічныя і электрамеханічныя прыборы і апараты» конкурс быў больш за пяць чалавек на месца.

Усяго ў ВНУ на бюджэт залічана каля 26,5 тысячы чалавек (без уліку прыёму на завочную форму на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці) і каля 22 тысяч — на платную форму атрымання адукацыі. «Прыём на завочную форму на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці пройдзе з 15 лістапада да 5 снежня. І гэта досыць істотныя аб'ёмы, планавыя лічбы прыёму складаюць амаль тры тысячы чалавек», — дадаў Сяргей Каспяровіч.

На яго думку, заказчыкам кадраў трэба больш актыўна займацца прафарыентацыяй навучэнцаў.

«Сёння расказаць «на пальцах», прыйшоўшы ў школу, аб той ці іншай прафесіі або спецыяльнасці немагчыма без прыцягнення заказчыка. Гэта работадавец павінен расказваць, якія ёсць магчымасці для прафесійнага развіцця, пра асаблівасці будучай прафесійнай дзейнасці, пра ўмовы і аплату працы і гэтак далей, — разважае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі.

Паводле яго слоў, трэба праводзіць мэтанакіраваную і карпатлівую працу, каб разбураць стэрэатыпы адносна той ці іншай прафесіі. Напрыклад, у абітурыентаў ёсць стэрэатып, звязаны з умовамі працы ў сельскай гаспадарцы, таму маладыя людзі ўсё радзей выбіраюць аграрныя спецыяльнасці. І менавіта на спецыяльнасцях аграрнага сектара ў ВНУ ўтварыліся сёлета вялікія недаборы — больш за 400 чалавек.

— Трэба адзначыць пра запланаванае ўнясенне змяненняў у заканадаўства, у прыватнасці, у новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, аб развіцці мэтавай падрыхтоўкі. Такая падрыхтоўка прадугледжвае ўжо не два зацікаўленыя бакі, а тры: гэта заказчык, абітурыент (у будучым студэнт) і ўстанова адукацыі. Трэба разумець, што прыём на мэтавую падрыхтоўку адбываецца па асаблівай траекторыі. Заказчык загадзя знаходзіць свайго будучага работніка (фактычна яшчэ за школьнай партай), заключае з ім дагавор, на працягу ўсяго перыяду навучання адбываецца суправаджэнне, уключаючы, дзе гэта магчыма, дадатковыя стыпендыі і персаналізацыю працэсу навучання праз практыку, курсавыя і дыпломныя праекты. У выніку заказчык атрымлівае канкрэтнага спецыяліста, якога ён вёў на працягу ўсяго навучання. Акрамя таго, ёсць пэўныя патрабаванні па часе работы па спецыяльнасці. Напрыклад, пасля вышэйшай адукацыі «мэтавікі» павінны адпрацаваць не менш за пяць гадоў на свайго заказчыка. А гэта ўжо дае надзею, што спецыяліст замацуецца на канкрэтным рабочым месцы, — дадаў Сяргей Каспяровіч.

Прыёмная кампанія на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі скончылася 18 жніўня. Па яе выніках залічаны 36,4 тысячы навучэнцаў. З іх 24,5 тысячы — за кошт сродкаў бюджэту, астатнія — на платнай аснове.

Што датычыцца запатрабаваных спецыяльнасцяў, дык традыцыйна ў іх ліку медыцынскія і ІT-спецыяльнасці, а таксама спецыяльнасці профілю «мастацтва». «У нас штогод даволі высокі прахадны бал складваецца на спецыяльнасцях педагагічнага профілю на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта сведчыць аб зацікаўленасці выпускнікоў пераважна дзявятых класаў у атрыманні педагагічнай адукацыі ў нашых каледжах, — падкрэслівае начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Прыемна адзначыць, што павысіліся балы на некаторыя тэхнічныя спецыяльнасці: гэта спецыяльнасці, звязаныя з аўтасэрвісам, тэхнічнай эксплуатацыяй транспартных сродкаў. Таксама ў некаторых установах адукацыі машынабудаўнічага профілю прахадныя балы былі вышэйшыя, чым у папярэднім годзе. Гэта звязана, у першую чаргу, з пераабсталяваннем нашых устаноў адукацыі, абнаўленнем зместу адукацыйных праграм, што ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Наймальнік — абітурыент: знайсці адзін аднаго

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».