Вы тут

Свой каласок у Купалаў вянок


Алена Раманаўна Ляшковіч ужо 14 гадоў займае пасаду дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Найдаўжэй пасля першага дырэктара і фактычнага стваральніка музея — жонкі Купалы Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, якая была галоўным купалазнаўцам і купалашанавальнікам з 1944 да 1960 года, і ўнучатай пляменніцы Купалы — Жанны Казіміраўны Дапкюнас, якая аддавала свой арганізатарскі і чалавечы талент песняру 16 гадоў.


Алена Ляшковіч.

Нехта скажа: пасада дырэктара абавязвае, ганарова і адказна быць кіраўніком такой пашанотнай і паважанай установы, якая ўшаноўвае яшчэ больш значную і непаўторную асобу класіка беларускай літаратуры і першага народнага паэта Беларусі. І гэта праўда. Выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Раманаўна зразумела ролю музеяў у нашым жыцці і ў жыцці краіны наогул, аб чым сведчыць яе праца перад прыходам у Купалаўскі музей у Беларускім інстытуце праблем культуры, дзе непасрэдна даказвала сваю далучанасць да агульнарэспубліканскіх спраў у лабараторыі музейнай дзейнасці.

Усе станоўчыя якасці, уменне рабіць сваю справу нестандартна, не па шаблоне выкрышталізоўвалі яе здольнасці і жаданне быць карыснай там, дзе працуе ў дадзены момант. Не проста выконвала абавязкі, а менавіта працавала. Творча, вынікова. Мо і гэта таксама паспрыяла вылучэнню яе на кіраўнічую музейную пасаду. Хай некаму падасца, што ў маштабах краіны не самая гучная пасада. Але гэта як паглядзець. Такі музей Купалы адзіны. Увага да яго, як і да самой асобы паэта, значная. А паколькі ён першы, то і значнасць яго асаблівая. Гэта з пачатковых сваіх дырэктарскіх крокаў зразумела і  Алена Раманаўна. Не, яна не пачынала з нуля. Яна справядліва звярнулася да вопыту сваіх папярэднікаў. І прызналася: «Нам, сённяшнім “купалаўцам”, вельмі пашанцавала: на працягу ўсіх гадоў у музеі працавалі прафесіяналы, якія сапраўды любілі сваю працу, любілі творчасць Янкі Купалы і сам музей — гэта адчуваецца па тагачасных экспазіцыях. І мне вельмі прыемна, што сёння калектыў музея — адзін з перадавых у нашай справе. “Купалаўцы” — вельмі крэатыўныя людзі, якія не лічацца са сваім асабістым часам».

Адна з праяў гэтай крэатыўнасці ў тым, што сённяшнія музейшчыкі, як і іх папярэднікі, настойліва дбаюць пра годнае ўшанаванне Купалы не толькі ў Беларусі. Колькі сёння адкрыта музеяў, пакояў, памятных знакаў за межамі нашай краіны, не падлічваў, але мо больш чым каму з іншых выбітных нашых асоб.

І шмат што з ініцыятывы, настойлівасці і здатнасці Алены Раманаўны. Адзін прыклад — Славакія.

У 2015 годзе па ініцыятыве Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы адбыўся міжнародны культурна-адукацыйны праект «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы». Праз восемдзясят гадоў шляхам паэта па гарадах Браціслава, Святы Юр, Модра, Пешцяны, Марцін, Высокія Татры прайшла дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў і журналістаў. Мэтай было знаёмства з адным са значных эпізодаў у станаўленні беларуска-славацкіх культурных сувязей як фактам у біяграфіі Янкі Купалы, а таксама ўзаемная прэзентацыя сучаснай беларускай і славацкай культуры і літаратуры ў культурнай супольнасці нашых краін. Бадай, самы галоўны вынік акцыі — папярэдняя дамоўленасць з мэрамі гарадоў, якія наведваў Янка Купала, аб устанаўленні чатырох мемарыяльных дошак і бюста Янкі Купалы з мэтай увекавечыць імя народнага паэта Беларусі і яго гістарычны візіт у Славакію ў 1935 годзе.

Наогул жа замежная Купаліяна прадстаўлена даволі шырока. Помнік Янку Купалу ўсталяваны яшчэ ў савецкі час і дагэтуль толькі адзінаму з беларусаў у Эраў-парку ў Нью-Ёрку. Помнікі ёсць і ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, адзначана імя Купалы і ў Смаленску, Кіславодску, сяле Пячышчы каля Казані, вёсцы Соф’іна Раменскага раёна Маскоўскай вобласці, Вільнюсе, пасёлку Гаспра каля Ялты, маецца бюст на Алеі паэтаў, што тварылі кірыліцай, у Гісторыка-культурным цэнтры у балгарскай Плісцы, мемарыяльны памятны знак у фінляндскай Іматры, шмат дзе ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя паэту. Імя Купалы атрымалі школа і вуліца ў Душанбэ, бібліятэка ў Харкаве, вуліцы ў Кіеве і Запарожжы, у Ташкенце, Рызе, Тбілісі, Ніжнім Ноўгарадзе, Беластоку, Гданьску і інш. Цікавы і такі факт — дэпутаты гарсавета ізраільскага горада Ашдод назвалі імем Янкі Купалы плошчу.

І гэта далёка не ўсё са здзейсненага. Не, вядома, гэта стваралася не толькі сёння і зараз. Ва ўсе часы настойліва стараліся музейныя супрацоўнікі, і не толькі яны, каб Купала стаў вядомым і шанаваным і за межамі Беларусі.

Больш карыснай інфармацыі можна знайсці ў самім Купалаўскім музеі. Зайдзіце туды яшчэ раз. Спакойна, разважна і ўдумліва прайдзіце па яго залах. Перакананы: колькі б разоў вы ні прыходзілі, вас заўсёды чакаюць незвычайныя адкрыцці. І не толькі з творчай спадчыны, але і ў самім жыцці паэта. Экспазіцыя з выкарыстаннем самых новых сучасных сродкаў скампанавана так, што адно вынікае з другога, вабіць і захапляе, дапаўняе і глыбей раскрывае характар Янкі Купалы як творцы, выбітнага, таленавітага і непераўзыдзенага, і як проста чалавека. Чалавека, які адчуваў і разумеў свой час, сваё месца ў ім, хацеў і намагаўся ўвасобіць гэта ў творчасці. Так, экспазіцыя спрыяе глыбокаму і ўсебаковаму спасціжэнню асобы Янкі Купалы. Іменна асобы, не адарванай ад жыцця простага народа. Мо менавіта таму і сёння зварот да яго, ягонай творчасці не змяншаецца, набывае новыя зацікаўленні. На іх кваліфікавана адказваюць і музейныя супрацоўнікі.

Вядома, у такой глыбіннай выяве ўсіх бакоў жыцця Купалы ў сённяшняй экспазіцыі заслуга ўсяго калектыву, яго намаганні выніковыя і прыкметныя. Я нездарма падкрэсліў «усяго калектыву», бо без яго ніякі кіраўнік, хай сабе мае сем пядзяў, нічога не зробіць. Але ж і намаганні калектыву без здатнага кіраўніка будуць марныя. Дык мо гэта сам Купала, ягоны дух, што лунае над намі і сярод нас, спрыяе таму? Калі так, то хай спрыяе і далей.

Варта адразу прызнаць, што ў купалаўскім дырэктарскім гроне Ляшковіч не адна такая. Купалаваму дому, як правіла, шанцавала на сваіх гаспадароў. Пачынаючы з самой Купаліхі — жонкі паэта, наступныя дырэктары ў меру сваіх сіл імкнуліся зрабіць музей цікавым, вабным, інфармацыйна багатым, каб сюды ахвотна хадзілі наведвальнікі. Хадзілі самі, а не толькі згодна са школьнай праграмай. Я не прыхільнік называць некага самым-самым, хоць, прызнаюся, добра ведаў большасць з былых дырэктараў. Разумею, што калі кожны на сваім месцы робіць нешта карыснае і патрэбнае грамадству, калі вынікова рэалізуе свае набытыя і прыродныя здольнасці, гэта акурат і запатрабавана, мае вызначальны характар. Такіх музейшчыкаў-купалазнаўцаў нямала, таму музей і займае сваю, толькі яму ўласцівую, нішу ў беларускай культуры.

Так было ва ўсе часы. Хай прабачаць чытачы, але хацеў бы назваць усіх дырэктараў: Янка Шарахоўскі, Іосіф Жыдовіч, Уладзімір Юрэвіч, Алесь Бажко, Аляксей Кулакоўскі, Жанна Дапкюнас, Сяргей Вечар і з 2007 года Алена Ляшковіч. І заўсёды музей даказваў: музей — не толькі сама экспазіцыя. Гэта яшчэ настойлівая праца па вывучэнні і даследаванні творчай спадчыны паэта, пошук новых, нетрадыцыйных спосабаў у добрым сэнсе прапаганды яго творчасці, у тым ліку і за межамі Беларусі. Купалу тут шанцуе. Зрэшты, як і Якубу Коласу, Максіму Багдановічу. Цяпер да гэтай троіцы можна далучыць Уладзіміра Караткевіча. Таму было б зусім справядліва і карысна адкрыць у яго мінскай кватэры мемарыяльны музей. Дарэчы, як на маё меркаванне, можна было б унесці невялікія карэктывы і ў назву музея Петруся Броўкі. Гэта ж не проста літаратурны музей, як называецца ён цяпер, а мемарыяльны музей-кватэра, як і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Для наведвальнікаў гэта мае зусім іншае, не масавае, не традыцыйнае ўспрыняцце, а своеасаблівую, непаўторна-хвалюючую асаблівасць і адметнасць. 

Але вернемся да музея Купалы. Пры кожным з дырэктараў ягоная экспазіцыя хоць і апавядала пра жыццё і дзейнасць адной творчай асобы, але заўсёды абнаўлялася, асучаснівалася, знаходзіліся новыя дэталі, эпізоды, з’яўляліся новыя тэхналогіі. Зрэшты, абнаўляўся сам погляд на асобу Купалы і ўсё тое, што адбывалася з ім самім і вакол яго. Не, я не хачу сказаць, што як ва ўсе часы, так і цяпер у гэтым музеі, зрэшты, як і ў іншых, усё абсалютна бездакорна, беспраблемна. Бывае рознае, надараюцца і неспрыяльнасці, няўдачы. Аднак важна не канцэнтравацца на іх, не хаваць пад добрым і лепшым, а бачыць, разумець і прымаць эфектыўныя меры. Бо заўсёды пераважае тое станоўчае, што спавядае ўвесь музейны калектыў. Мо нават праблемныя пытанні змушаюць больш эфектыўна і настойліва шукаць шляхі да новага, яшчэ не бачанага, часта не асвоенага. Але перамагае той, хто не спыняецца, не збочвае, не баіцца прызнаваць праблемы.

Так і ў купалаўцаў. Яны няспынна і нястомна пашыраюць Купалава поле. А таму зернейкі, пасеяныя Купалавым словам, прарастаюць нават далёка ад беларускага палетка. Не спыняецца такое сяйво і цяпер. Алена Раманаўна разам са сваімі паплечнікамі і сябрамі музея, грамадскімі актывістамі ўмела пашырае Купалаву ніву. Яна жадае жыць і жыве ў калектыве аднадумцаў, якім важна зрабіць нешта карыснае ў купалазнаўстве, каб дадаць і свой умалотны каласок у Купалаў вянок.

Сёння гэтую задачу паспяхова рашаюць музейныя купалашанавальнікі на чале са сваім дырэктарам Аленай Раманаўнай Ляшковіч, якая днямі адзначыла юбілейную дату. Новых творчых поспехаў і займальных знаходак шаноўнай Алене Раманаўне і ўсім яе паплечнікам! Хай і далей не стамляецца Янка Купала ад нашай увагі і павагі, чытання і шанавання! А мы ўсе разам пастараемся не збочваць з дарогі, пракладзенай ім да свабоднай і незалежнай Беларусі. Таму паўтарайма нястомна і настойліва:

 

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

 

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.