Вы тут

Як распазнаць суіцыдальныя схільнасці ў блізкага чалавека


Па шкале Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь апошнім часам адносілася да краін з сярэднім узроўнем распаўсюджанасці суіцыдаў. Упершыню за ўсю гісторыю афіцыйнай рэгістрацыі ў 2014 годзе ўзровень самагубстваў у нашай краіне стаў меншы, чым 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва —18,4. Аднак такая пазітыўная дынаміка захоўвалася нядоўга. Рост колькасці самагубстваў пачаў назірацца з 2016 года — 21,5, 2017 г. — 20,7, 2018 г. — 18,5, 2019 г. — 17,9, 2020 г. — 26,2. Чаму так адбываецца? Што прымушае нашых суграмадзян зводзіць рахункі з жыццём? Як распазнаць патэнцыяльнага самазабойцу і прадухіліць трагедыю? З гэтымі пытаннямі напярэдадні Сусветнага дня папярэджання самагубстваў, які адзначаецца 10 верасня, мы звярнуліся да спецыялістаў Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.


Фота: pixabay.com

У лідарах па суіцыдах — развітыя краіны

Суіцыды застаюцца актуальнымі для большасці краін свету, яны складаюць 50 % усіх гвалтоўных смерцяў у мужчын і 71 % — у жанчын. Самагубствы найбольш характэрныя для ўзросту 45 гадоў і старэйшага, а сярод маладых людзей 15-29 гадоў яны з'яўляюцца другой вядучай прычынай смерці. У групу павышанай рызыкі трапляюць людзі сталага ўзросту і падлеткі.

Па даных СААЗ, агульная колькасць смерцяў ад суіцыду ў свеце сёння набліжаецца да мільёна ў год. Пры гэтым у выніку самагубстваў людзей памірае больш, чым у выніку войнаў і гвалтоўных забойстваў, разам узятых. Па распаўсюджанасці выпадкаў суіцыду лідзіруюць развітыя краіны. Прычым першынство належыць Усходняй Еўропе. У Японіі штогод канчае самагубствам прыкладна 30 тысяч чалавек. Найменшыя ж паказчыкі — у Лацінскай Амерыцы і ісламскіх краінах. Лічыцца, што сусветным «лідарам» па самазабойствах з'яўляюцца шведы, хоць яны ж і адны з самых багатых людзей на планеце. Гэта сведчыць аб тым, што суіцыд — зло, ад якога мы не пазбавімся, нават калі будзем жыць, як шведы.

Але пры гэтым заўважана, што чым больш негатыўна людзі ацэньваюць свае эканамічныя перспектывы, тым вышэйшая верагоднасць самагубства. Даныя сведчаць аб тым, што сярэдні ўзровень самагубстваў значна павялічыўся пасля фінансавага крызісу ва ўсіх полаўзроставых групах, аднак гэты эфект аказаўся больш выяўлены ў жанчын, чым у мужчын.

Знакі, што ўказваюць на магчымасць суіцыду

— Самагубства — выключна чалавечы акт. Чалавек, які адважыўся на падобны крок, адчувае глыбокае гора, моцны душэўны боль, частае пачуццё немагчымасці справіцца са сваімі праблемамі. Завершаны суіцыд немагчыма выправіць, аднак яго можна прадухіліць, галоўнае, трэба быць уважлівымі да навакольных. Існуюць арыенціровачныя «ключы», якія паказваюць на магчымасць суіцыдальнай актыўнасці, — тлумачыць урач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля Грачышына.

Такімі знакамі суіцыдальнай рызыкі з'яўляюцца як прамыя пагрозы «Я збіраюся пакончыць з сабой», «На наступным тыдні мяне ўжо не будзе жывога», так і ўскосныя: «Без мяне жыццё горшае не будзе» або «Часам хочацца з усім гэтым скончыць раз і назаўжды». Таксама характэрныя нечаканыя змены настрою. Павінны насцярожыць нядаўняя цяжкая страта, раздача любімых рэчаў, навядзенне парадку ў справах, вяртанне даўгоў, страта самапавагі, самаізаляцыя.

Пры ўзнікненні нават найменшага падазрэння аб магчымасці суіцыду альбо наяўнасці цяжкіх асабістых праблем не пакідайце чалавека аднаго. Самае лепшае — звярнуцца па дапамогу да спецыяліста — псіхолага, псіхатэрапеўта, псіхіятра-нарколага, дзе акажуць своечасовую кваліфікаваную дапамогу.

— Непасрэдныя прычыны суіцыду звычайна цесна звязаныя з праблемамі ў найбліжэйшым атачэнні: асабіста-сямейныя канфлікты, стан псіхічнага і фізічнага здароўя, канфлікты як вынік антысацыяльных паводзін, ці праблем у прафесійнай або вучэбнай сферы, матэрыяльна-бытавыя і фінансавыя цяжкасці, — кажа псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Аксана Нехвядовіч. — Карэлююць з суіцыдальнымі рызыкамі і такія фактары, як узрост 45 гадоў і старэйшы, алкагалізм, узбуджэнне, гвалт і агрэсія ў паводзінах, суіцыдальныя паводзіны ў мінулым, мужчынскі пол, нежаданне прымаць дапамогу, зацяжное праходжанне прыступу дэпрэсіі, шпіталізацыя і лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары, страта блізкага чалавека або развод у нядаўнім мінулым, цяжкае саматычнае захворванне, страта работы, выхад на пенсію, адзінота, страта жонкі ці мужа.

Крыніцы падтрымкі

Важную ролю ў прадухіленні суіцыду адыгрываюць даступныя крыніцы падтрымкі, кажа урач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Аксана Буйко. Гэта сям'я, сябры, калегі па рабоце, святары, крызісныя цэнтры, медыцынскія работнікі. Усе наяўныя рэсурсы неабходна выкарыстоўваць. Нават калі чалавек з суіцыдальным настроем супраць, варта паспрабаваць знайсці каго-небудзь, хто б праявіў да яго асаблівае спачуванне.

— Пераважная большасць жадае не смерці, а вызвалення ад псіхічнага болю, — дадае Наталля Грачышына. — Большасць людзей, якія абдумваюць магчымасць самагубства, хоча, каб іх пакуты скончыліся, і яны імкнуцца знайсці альтэрнатыву або шлях аблягчэння болю.

Каб «суіцыдальны» чалавек не адчуў крыўды ці адсутнасці клопату пры звароце да спецыялістаў, варта пагутарыць з ім загадзя, растлумачыўшы, што часам бывае лягчэй гаварыць з чужым чалавекам, чым з блізкім. Пры гэтым размаўляць трэба, імкнучыся не абвінавачваць яго ні ў чым і не выклікаючы ў яго пачуцця віны.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя адкрыты два стацыянарныя псіханеўралагічныя аддзяленні для лячэння крызісных станаў. У краіне функцыянуюць бясплатныя тэлефонныя «гарачыя лініі» для аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Яны працуюць не толькі ў Мінску (пры ўстановах аховы здароўя «Гарадскі клінічны дзіцячы псіхіятрычны дыспансер» г. Мінска — 317-89-30 , «Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер» г. Мінска — 373-31-72), але і ва ўсіх абласцях (інфармацыя аб нумарах тэлефонаў маецца на сайце Міністэрства аховы здароўя www.mіnzdrav.gov.by).

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Зразумець і адагрэць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.