Вы тут

Дызайнер і мастачка Алёна Вітко: Не саромейцеся насіць капялюш


Каб мець свой асабісты стыль, неабавязкова набываць рэчы знакамітых замежных брэндаў. Індывідуальнасці вашаму вобразу можа надаць эксклюзіўны капялюш ад айчыннага майстра. Дызайнер і мастачка з Гродна Алёна ВІТКО падзялілася сакрэтамі стварэння галаўных убораў, а таксама расказала, чаму важна мець гэты нязвыклы аксесуар у сваім гардэробе.


Алёна Вітко ў капелюшы ўласнага вырабу.

З чаго ўсе пачалося...

Па адукацыі мая гераіня — прафесійная мастачка, скончыла педагагічны ўніверсітэт з чырвоным дыпломам. У яе жыцці творчасць была заўсёды, нават калі выйшла замуж і нарадзіла траіх дзяцей, не пакідала захапленняў. Аднойчы яна спаткала сяброўку з Вільнюса ў валеным шаліку (як кажа Алёна, важныя сустрэчы — заўсёды выпадковыя). Ніколі ў жыцці ёй не даводзілася бачыць такой дзіўнай тканіны, вырабленай з натуральнай воўны. Захапілася, паглядзела майстар-класы ў інтэрнэце, накупіла матэрыялу і пачала практыкавацца. Аказалася, што ў тэхніцы валення можна ствараць і адзенне, і капялюшыкі, і розныя аксесуары. Гэта дало пэўны штуршок у творчым развіцці майстрыхі, бо яна зразумела: яе магчымасці як мастачкі бязмежныя.

Уся справа ў капелюшы

— Маё захапленне і талент перадаліся мне ад маёй бабулі, якая ў 1950-х сама шыла капелюшы, сама крухмаліла іх, — карацей, была першая модніца на Данбаскіх шахтах, — пачала Алёна. — Я любіла капелюшы з юнацтва, упрыгожвала іх цікавымі гузікамі, незвычайнымі спражкамі — заўсёды хацела вылучыцца з натоўпу. І раю: не саромейцеся насіць капялюш! Гэта такі аксесуар, які ёсць далёка не ва ўсіх, і шкада, бо ён надае вобразу завершанасць. Таму ў пэўны час усё супала — і захапленне воўнай, і любоў да галаўных убораў.

Па словах Алёны, работа з воўнай і лямцам — гэта працаёмкі працэс, а ёй хацелася, каб капелюшоў было шмат. Мадэльер заўважыла, што яе дызайн цікавы людзям, капелюшы карыстаюцца попытам. Спачатку Алёна працавала як рамесніца, а з 2017 года пачала супрацоўнічаць са знакамітай крамай беларускага адзення «Элема», дзякуючы якой мастачка-ўніверсал выйшла на рэспубліканскі ўзровень.

— Цяпер гэта не проста творчасць, а ўжо бізнес. Насамрэч капелюшы — не піражкі, для іх не патрэбныя гарачы цэх і вялікая колькасць людзей. Дастаткова мець два чалавекі, — дзеліцца Алёна.

«Мая майстэрня — гэта спальня і балкон» 

Паступова дызайнер перайшла ад тэхнікі валення да стварэння капелюшоў з фетру, які вельмі падобны да лямцу. У яе калекцыі ёсць шытыя капялюшыкі на кожны дзень — з тканіны, драпавыя, палітовыя, джынсавыя. Алёніна вытворчасць існуе ў дамашніх умовах, разгарнуўшыся літаральна, як яна сама кажа, на каленках.

— Мая майстэрня — гэта мае спальня і балкон. Шмат месца не трэба, — дзеліцца майстрыха. — Аб'ёмы ў нас невялікія, аднак, тым не менш, мы можам ахапіць усю краіну, — тлумачыць суразмоўніца.

Рамесніца дзякуе Богу, што, нягледзячы на каранавірусныя катаклізмы і іншае, попыт на яе вырабы ёсць. Яна ўпэўненая — не перавяліся яшчэ модніцы. Многія пакупнікі знаходзяць Алёну ў Іnstagram, дзякуюць і высылаюць фота ў эксклюзіўных галаўных уборах яе дызайну. Майстрыха расказвае, што нядаўна ёй пісала адна пакупніца, якой ніяк не ўдавалася падабраць сабе капялюш. А калі ўбачыла ў краме Алёніны творы, то за тры хвіліны вызначылася з пакупкай.

Тэхналогія старая, як свет

Алёна расказвае, што на працягу многіх стагоддзяў тэхналогія не змянялася. Усе галаўныя ўборы робяцца з дапамогай капялюшнага каўпака. Аснова можа быць фетравая, саламяная, сшытая з тасьмы. Загатоўка нагадвае шапку для лазні. Пасля выраб намочваецца ці вытрымліваецца ў цёплай альбо гарачай вадзе. Будучы капялюш нацягваецца на лакіраваную драўляную аснову.

— Калі гэта просты капялюш, то з дапамогай праса ён адпарваецца. Калі ж гэта больш складаная мадэль, кепка ці берэт, дзе патрэбна краі загнуць унутр, то выкарыстоўваюцца цвікі, сашчэпкі, кнопкі. Усё ўручную. А пасля, калі выраб падсох, падшываем на машынцы гумку, падкладку ва ўнутраную частку, — расказвае Алёна. — Для дэкору часта выкарыстоўваю брошкі з натуральнай скуры ўласнай вытворчасці. Перад тым як галаўны ўбор адправіцца ў краму, наклейваюцца бірка і лагатып. «Алёна Вітко» — гэта пазнавальны беларускі брэнд. Мастачка стараецца, каб капялюшыкі былі індывідуальныя, калі форма яшчэ можа быць аднатыпная, то дэкор майстрыха прыдумвае розны, — маўляў, каб не было і двух «братоў-блізнят».

Натхненне, прызнанне і гуманны цэннік

— Калі неабходна зрабіць капялюш, сядаеш і робіш, і натхненне прыходзіць. Іншым разам іду ў краму, убачу стужачку — і ўжо малюецца вобраз... Я бачу форму, разумею, як усё яно павінна выглядаць — гарманічна, немудрагеліта, з густам.

З калекцыяй «Валеныя надзеі» мастачка некалькі разоў удзельнічала ў Grodno fashіon show. Яна прадстаўляла вырабы з воўны — паліто, капелюшы, сумкі. Алёна заўседы адкрытая да супрацоўніцтва, з задавальненнем удзельнічае ў розных культурных мерапрыемствах горада, папулярызуе культуру нашэння галаўных убораў. Яна лічыць, што вельмі важна, каб гэты аксесуар мог сабе дазволіць любы сярэднестатыстычны пакупнік. Цэннік рамесніца не завышае, гаворыць, што ён гуманны — не хоча абмяжоўваць кола прыхільнікаў свайго таленту.

«Хто не носіць капялюш, многае страчвае»

— Я не лічу, колькі іх у мяне. Калі шыю калекцыю для крамы, абавязкова пакідаю нешта сабе. Вельмі важна падабраць тое, што будзе пасаваць. Я асабіста люблю шыракаполыя капелюшы, фасоны з мужчынскім верхам. Ёсць мадэлі, якія не падабаюцца, бо яны не дужа мне пасуюць. Цяпер вельмі актуальныя панамы, мы іх паставілі ў краму.

Мая гераіня мяркуе: той, хто не носіць капялюш, многае страчвае.

— На твой знешні выгляд могуць не звярнуць увагу, а калі б ты быў у капелюшы — іншая справа! Плюс камфортна сябе адчуваеш, — гаворыць мадэльер. — Мне неяк напісаў у інтэрнэце мужчына, маўляў, а каму ўвогуле патрэбныя вашы капелюшы! (смяецца). Я кажу, што капялюш — гэта не толькі знешні выгляд, гэта яшчэ і камфорт, і засцярога ад розных умоў надвор'я, і нават, калі хочаце, твая палачка-выручалачка, напрыклад, калі трэба схаваць недагледжаныя валасы, — расказвае Алёна.

У будучым мадэльер хоча надаць больш разнастайнасці брэнду. Марыць, каб адрадзілася культура нашэння капелюшоў. Грандыёзных планаў не будуе і не плануе быць каралевай моды. Алёна называе сябе не кар'ерысткай, а працаўніцай.

— Мне падабаецца, калі звычайныя людзі, якія любяць прыгожа апранацца, носяць мае капелюшы. Хачу, каб як мага больш людзей мільгала ў галаўных уборах і радавалася жыццю ў яго штодзённасці.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.